Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“…спадзяюся, што бел-чырвона-белы сьцяг беларускай свабоды хутка прызямліцца на Дом ураду”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 2 сакавіка, пятніца. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Юзэф Русакевіч, Літва: “Цэлую гадзіну “Свабода” вяла й вядзе размову пра помнікі сталінізму й гітлерызму ў Другой Усясьветнай вайне. Усё ж загінула 2 мільёны 250 тысяч чалавек у Беларусі, спалена 136 беларускіх вёсак зь людзьмі. Нават Курапаты пад носам, пад самым Менскам, і ўлады ня ведаюць, што рабіць. Літоўцы вывезьлі ўсе труны сваіх продкаў з Сыбіры ў 90-х гадах. На Першым зьезьдзе палякаў у Вільні з высокай трыбуны я сказаў: “Трэба на Ўрале паставіць тры агромістыя крыжы, якія можна было б пабачыць у Львове, Гародні ды ў Вільні”. Беларусам жа ж прапаную, там, дзе Помнік Славы пад Менскам побач паставіць найвелізарны крыж, а ноччу ў 23.00 зрабіць моцнае асьвятленьне, нібы пажар, плач дзяцей і страляніна з кулямётаў. Побач паставіць чатыры вялізныя сьвечкі. Яны загараюцца, і адна патухне. Б’юць званы. А рана з усходам сонца палянэз Агінскага “Разьвітаньне з Радзімай”. І так кожны дзень. У доме збоку паставіць музэй сталінска-гітлераўскіх рэпрэсій. Вось гэта будзе помнік! Я так думаю й прапаную для людзей, для слухачоў і для беларускіх уладаў. Дзякую”.

Спадар: “Добры дзень. Вельмі рады быў праслухаць Ваш вельмі мілы і ласкавы галасок, дзяўчына. І ёсьць такое пытаньне, нават не пытаньне. Таму што я калісьці задаваў такое пытаньне, каб Вы расказалі трохі падрабязна пра галадамор на Ўкраіне й пра стварэньне музэю галадамору. Тым больш што тут рыхтуецца візыт ува Ўкраіну. Ну, дык можа гэта садзейнічала б умацаваньню нашых стасункаў з Украінай? Дзякуй Вам”.

Зіноўеў: “Віншую слухачоў з пачаткам вясны і спадзяюся, што бел-чырвона-белы сьцяг беларускай свабоды хутка прызямліцца на Дом ураду”.

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”. Я хачу Вас сёньня павіншаваць зь Днём вясны. Пачалася вясна. Так добра на душы, што яна ўжо прыйшла. Усім Вам самага найлепшага. Вясна – гэта радасьць. Дзякую Вам за ўвагу”.

Спадар: “Пазыцыя незасьвечваньня – гэта пазыцыя хамелеёну, які здольны прымаць любы колер, апроч белага”.

Мікалай, Пінск: “Я так зразумеў, дэлегацыя, якая ад апазыцыі езьдзіла ў ЗША 25 лютага займалася інфармаваньнем міжнароднай грамадзкасьці. Гэта ў той час, калі ў нас 80-90 адсоткаў грамадзянаў наагул ня ведаюць пра тое, хто такія Лябедзька, Вячорка, і наагул, што існуе нейкая кааліцыя. Спадары апазыцыянэры, калі Вы пачняце інфармаваць роднае насельніцтва пра свае намеры. Ды і нагул, ці ёсьць гэтыя намеры ў Вас? Гэта нейкая мышыная валтузьня ў Менску. Нейкія пэрфомансы асобных лідэраў. Але сыты Менск – гэта яшчэ ня ўся Беларусь. Нават, па Вашаму меркаваньню, тупая й нікчэмная ўлада ўжо даўно зразумела, адкуль ідзе прыхаваная ды яўная пагроза. І таму распрацоўвае праграмы разьвіцьця й падтрымкі рэгіёнаў. Ну а Вы працягваеце езьдзіць! Зьезьдзіце яшчэ да Папы Рымскага, да Імпэратара Японіі, да Далай Ламы і паплачцеся ім! Дзякуй”.

Анатоль Сухаруша, Бярозаўскі р-н: “Вітаю Вас. Замоўчваюцца Курапаты. Добрая палова беларусаў ня ведае, што такое Курапаты. Гісторык Лукашэнка адкапаў Лінію Сталіна, пра якую й слыхам ніхто ніколі ня чуў. У Кобрыне на Берасьцейшчыне распачата будаўніцтва праваслаўнага храма ў гонар Суворава, душагуба беларускага народу, салдаты якога на штыхах падымалі беларускіх дзяцей. Пра якое ўшанаваньне ахвяраў палітычных рэпрэсіяў можна гаварыць, калі ідзе ўшанаваньне забойцаў?!”

Сталы слухач: “Па розных радыё я чую, як хаваюць нашу матку Беларусь. І вось цяпер па “Нямецкай хвалі” вось ужо 12 год усё хаваюць. Кожны месяц мы памрэм. Але мы жывем і будзем жыць. Дык я хачу сказаць, што гэтыя фашысты ці дзеці недабітых фашыстаў, якія цяпер глумяцца над нашай рэспублікай, усе, якія рагаталі (папомніце маё слова, як фізіёляг кажу).

“Назаву хаця б тры прозьвішчы. Патолічаў, Мазураў, Машэраў. Гэта людзі, якія самааддана служылі Беларусі, беларускаму народу. І вельмі шмат зрабілі для разьвіцьця, для аднаўленьня. Гэта выдатныя кіраўнікі. Магу назваць і даваенных кіраўнікоў, у тым ліку й Кавалёва. Але хеўра Берыі, Сталіна й Цанавы – усе рэпрэсіі за імі… Пры Патолічу рэпрэсіі сталі зьніжаць, калі ён стаў першым сакратаром. Дык як маглі Берыя, Сталін, Бергман дараваць яму гэта? Хацелі яго арыштаваць і расстраляць. Ён цудам уцёк. У апошні вагон электрычкі на Барысаў заскочыў, яго папярэдзілі. І прыехаў да Сталіна й той ўжо зьлітаваўся. Ён там змог дапрацаваць. Вось тая банда, якая забівала. І таму ў кожнага чалавека складваецца ўражаньне… Тыя людзі, якіх я назваў, яны не былі буржуазнымі нацыяналістамі, як некаторыя. Яны былі сапраўдныя правадыры свайго народу. Яны дапамагалі людзям жыць, засвойваць Беларусь і Менск. Дык вось пра гэтую хеўру і трэба казаць, канкрэтна казаць. Гэтыя ж людзі наадварот змагаліся й хадзілі “пад нажом,” вось-вось ім маглі галаву зрубіць банда Бэрыі, Цанавы і Сталіна”.

Лявон: “Сёньня нейкім вельмі непрыемным голасам дыктарка ўвесь час талдычыць пра тое, што ў Беларусі ўступілі ў сілу два Адміністрацыйныя кодэксы. Прабачце, шаноўная, але тая краіна, эўрапейская краіна Беларусь ня мае, на думку эўрапейскай супольнасьці, гэта ведама ва ўсім сьвеце, ні законнага легітымнага парлямэнту, ні законнага кіраўніка, абранага ўсім народам. І вось у гэтай краіне, паводле Вашага цьверджаньня, набываюць моц два Адміністрацыйныя кодэксы. Шаноўная спадарыня, ну патлумачце Вы неразумным беларусам, што, з Вашага высокага пункту гледжаньня, гэта за юрыдычная моц, якую набываюць такія кодэксы, уводзяцца нелегітымным парлямэнтам і нелегітымным кіраўніком. Ну, калі ласка, няўжо ж мы тут усе такія дурні?! Можа, Эўропа ўся ўжо здурнела. А толькі гэтая дыктарка ставіць на законную аснову. Калі ласка”.

“Спадар Мілінкевіч сказаў на Плошчы прарочыя словы пра самога сябе. Ён сказаў літаральна наступнае, што Вы перадаяце часта, што “хлусьня – гэта пачатак канца таго, хто хлусіць”. І вось гэтае яго прарочае прадказаньне збываецца ў адносінах да яго падчас яго цяперашняй паездкі па рэгіёнах пасьля яго заявы пра тое, што палітычная рада большасьцю галасоў выступіла супраць Кангрэсу. А гэта хлусьня. І гэта пачатак канца таго, хто хлусіць”.

“Шаноўная “Свабода,” згодны з Вамі, калі мы эўрапейцы, то й паводзіцца мы павінны па-эўрапейску. Прыкрае ўражаньне ад сёньняшняй перадачы. Дыктарка заміж таго, каб выбачыцца, што яна скруціла прозьвішча Ірыны Іванаўны Казулінай ў “Казуніну,” перайшла зноў на “Казуліну” і не выбачылася. Прыкрае ўражаньне, Вы мяне, напэўна, разумееце. То спачатку яна кажа, што набываюць моц нейкія кодэксы. У якую моц? І цяпер… Ну, зусім чалавек неабавязкова ставіцца да сваёй працы. Шчыры дзякуй. Выпраўляйцеся, калі ласка”.

Спадар: “Радыё Свабода, я зьвяртаюся да Вас. Раскажыце, калі ласка, колькі Лукашэнка заплаціў нашых народных грошай за свайго сакратара Барадзіна гэтага саюзу. Яго, здаецца, там судзілі недзе ў Амэрыцы, дык ён яго выкупіў. Няхай людзі ведаюць”.

Анатоль, Барысаў: “Хачу выказаць сваё стаўленьне да прыняцьця новага Адміністрацыйнага кодэксу. Ніколі яшчэ жорсткасьць пакараньня не прыводзіла да скарачэньня парушэньняў закону. Адсутнасьць у нашай дзяржаве грамадзкай супольнасьці, незалежных СМІ, незалежных судзьдзяў, нэгатыўнага стаўленьня большасьці насельніцтва да закону яшчэ больш аддаляюць, а можа, робяць немагчымым у будучыні дыялёг паміж уладай і народам. Дзякуй за ўвагу”.

Спадарыня: “Добрай раніцы, “Свабода”! Усё новыя адміністрацыйныя ўказы, кодэксы, дэкрэты – гэта страх. Гэта ўжо ня наш страх, а тых, хто выдае й хто чакае карыстацца імі. За лёзунг “Жыве Беларусь!” На Плошчы будуць цягнуць чатырнаццацігадовых хлапцоў і дзяўчынак пад дубінкі і аж на 15 сутак. А ў аўтобусе стала вельмі боязна нам за свой кашалёк. Кішэньнікі ў транспарце сталі ў нас ужо амаль на паўлегальным становішчы. Гэта да Вас, таварыш Навумаў. І яшчэ. Колькі сьмецьця і ўсялякага побытавага бруду нелюдзі выкідваюць на збочаных дарогах на прыроду. Вось бы са сваіх цёплых кабінэтаў адказных за экалёгію ў раённых вэртыкалях праехацца і паглядзець на такую зьяву. І прысьпешыць дапамогу і грозную кару міліцыі за гэта. Дзяку. Усяго найлепшага”.

Марыя Іванаўна Бартось, в. Квасоўка: “Мы даверылі нашай дэлегацыі расказаць у Вашынгтоне праўду пра зьдзекі зь беларускага народа. Мой мужык і я адпрацавалі ўсё сваё жыцьцё, ён інжынэрам на сьвінакомплексе, я настаўніцай у школе. Прыхільнікі Лукашэнкі пазбавілі нас прыватызацыі кватэры. Мы ўсё сваё жыцьцё гнулі сьпіны на падобных да Лукашэнкі. Нас падманулі й ператварылі ў жабракоў бяспраўных. Пакутуюць у турмах ні ў чым не вінаватыя людзі: народныя лідэры, як Казулін Аляксандр Уладзіслававіч і шмат іншых. Я стаю перад усім Дэпартамэнтам на каленях. Памажыце выпусьціць Казуліна і палітычных вязьняў на волю!”
XS
SM
MD
LG