Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэры ў Мастоўскім раёне дамагаюцца адкрыцьця шпіталя


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць У мястэчку Лунна Мастоўскага раёну пэнсіянэры разам з апазыцыйным дэпутатам дамагаюцца аднаўленьня працы шпіталя, які год таму быў закрыты на рашэньне райвыканкаму.

Пасялковы шпіталь у Лунне абслугоўваў два сельсаветы. Вяскоўцам было зручна карыстацца ім, паколькі адсюль да райцэнтра 24 кілямэтры. Зараз тут толькі дзённы стацыянар, які працуе ад 8-й да 18-й гадзіны.

Я іду па калідоры, перад дзьвярыма паўсюль людзі. Пытаюся ў жанчын, ці здалёк прыехалі і як дабіраліся сюды?

Спадарыня: “Ходзім пешкі. Прыйдзеш сюды, зробяць уколы, кропельніцу паставяць і шуруй назад дахаты. Нам такое лячэньне непатрэбнае, нам трэба, каб шпіталь адкрылі і каб можна было там паляжаць. Добра, што мне тры кілямэтры дахаты ісьці, а людзі па 7--8 ходзяць”.

Да размовы далучаюцца й іншыя жанчыны.

Карэспандэнт: “Далёка вам дабірацца?”

Спадарыня: “Дзесяць кілямэтраў. Але ж пасьля кропельніцы добра б было паляжаць, адпачыць. Вось жанчыне памерылі ціск – 210. І што – ехаць у Масты? Мы туды патрапіць можам толькі на 11 гадзін, а там ужо талёнаў няма, там на старых ніхто глядзець ня хоча. І што яны нам зрабілі лепшае – пашкадавалі, каб мы на старасьці гадоў трохі тут адпачылі. Прарабілі па 40 гадоў даяркамі на фэрме. Вось такое нашае жыцьцё”.

Заходжу ў палату, дзе пад кропельніцамі ляжаць двое мужчын. Яны зь вёскі Гледавічы, што за 10 кілямэтраў ад Лунна. Пытаюся, дзе палуднаюць, калі даводзіцца праводзіць дзень тут.

Спадар: “Толькі калі з сабой нешта возьмеш, а так нас ня кормяць. Гэта калі шпіталь быў, дык й сьняданак, і абед, і вячэра – усё было. Вельмі зручна было”.

Сёньня ў шпіталі не было ніводнага зь лекараў: аднаго выклікалі ў Масты, а другі паехаў у суседнюю вёску, дзе наагул няма лекара. Мы ходзім па палатах, працэдурных з галоўным фельчарам, спадарыняй Валянцінай.

Спадарыня Валянціна: “Зьвярталіся ўсюды, але нічога з гэтага ня выйшла. Закрылі – і ўсё. Нават прэзыдэнту пісалі”.

Адзіным чалавекам у Лунна, хто піша ва ўсе інстанцыі, ходзіць на прыёмы да мясцовых чыноўнікаў, зьяўляецца дэпутат мясцовага Савету, сябра Партыі камуністаў Беларускай Аляксандар Пудаўкін. Але й ён нічога ня можа дамагчыся. Ніхто з вэртыкальнікаў нават не дае ніякіх адказаў.

Пудаўкін: “Пры закрыцьці шпіталя ніхто не ўлічваў думкі людзей, спасылаліся на нейкі ліст Міністэрства аховы здароўя, але насамрэч людзі на месцы пакутуюць ад такіх рашэньняў”.

Старшыня мясцовага сельсавету Ніна Воран разводзіць рукамі:

“Мясцовае рашэньне не прымалася, каб закрыць шпіталь. Мы самі бачым, што ён патрэбны. Гэта было зроблена на загад міністэрства”.

Галоўны ўрач Мастоўскага ТМА Алег Трушко лічыць, што шпіталь перавялі ў рэжым дзённага стацыянару абгрунтавана. Ён сам удзельнічаў у падрыхтоўцы даведкі на гэты конт. Маўляў, усё было ўлічана й ніякіх скаргаў ад насельніцтва няма.

Трушко: “Тут усё нармальна. Па Мастоўскім раёне паказчык па месца-койках перавышае сацыяльна-мінімальны стандарт, і ён значна вышэйшы, чым мінімальны. Таму людзі ў нашай дапамозе не абмежаваны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG