Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 гадоў таму Вярхоўны Савет ухваліў прэзыдэнцкую форму кіраваньня


Ігар Карней, Менск 2 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет Беларусі адпаведнай папраўкай у Канстытуцыю ўзаконіў прэзыдэнцкую форму кіраваньня дзяржавай. І ўжо ў ліпені таго ж году быў абраны першы і пакуль адзіны прэзыдэнт Беларусі – былы дырэктар саўгасу Аляксандар Лукашэнка. Як кажуць экспэрты, ў беларускіх умовах новая форма кіраваньня стала пачаткам рэанімацыі аўтарытарызму.

13 гадоў таму дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 скліканьня двума трацінамі галасоў аддалі перавагу пабудове прэзыдэнцкай рэспублікі. Супраць прапанаванай формы кіраваньня выступалі, як ня дзіўна, зацятыя ідэйныя праціўнікі – камуністы і дэпутаты на плятформе Беларускага Народнага Фронту. Прычыны той аднадушнасьці тлумачыць экс-дэпутат Алег Трусаў:



Алег Трусаў: “Прыдумалі пайменнае галасаваньне... Інакш ніколі б гэтая ініцыятыва не прайшла...”

“Гэта было адзінае пытаньне, у якім мы былі зь імі цалкам салідарныя. І тыя казалі пра дыктатуру, і мы казалі. Таму мы не галасавалі зусім, а яны галасавалі “супраць”. Тады яшчэ прыдумалі пайменнае галасаваньне бюлетэнямі, іх насілі ў кабінэт Кебіча і паказвалі, як хто галасаваў. Інакш ніколі б гэтая ініцыятыва не прайшла”.

Карэспандэнт: “Атрымліваецца, што галасавалі канкрэтна “пад Кебіча”?

Трусаў: “Натуральна. Раздалі бюлетэні, і так званае “таемнае” галасаваньне цягнулася некалькі дзён. Выклікалі чыноўнікаў да Кебіча, каб яны пры ім “як трэба” галасавалі. Чаму некалькі гадоў не маглі гэта прыняць? Якраз таму, што і мы былі супраць, і камуністы былі супраць. І нічога не атрымлівалася. Тады і прыдумалі “таемнае” галасаваньне бюлетэнямі. Вось да чаго дайшло”.

Як удакладняе спадар Трусаў, да канца ў сваім непрыняцьці інстытуту прэзыдэнцтва дайшлі ня ўсе. Кагосьці “прыціснулі”, кагосьці запужалі наступствамі. У выніку толькі 14 камуністаў адкрыта выступілі супраць прэзыдэнцкай формы кіраваньня; яшчэ больш за паўсотні дэмакратаў адмовіліся ўдзельнічаць у прапанаваным ўладамі “фарсе”.



Уладзімер Замяталін: “Большага захавальніка сувэрэнітэту, чым Лукашэнка, у рэспубліцы няма”.

Адзін з тагачасных ідэолягаў Уладзімер Замяталін мусіў забясьпечыць зьнешне лёгкую перамогу прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. Але калі ў фінале прэзыдэнцкай гонкі нечакана першынстваваў Аляксандар Лукашэнка, на той час ужо фактычна беспрацоўны Замяталін не адмовіўся ад прапановы перайсьці ў лягер ідэйнага ворага. За што ўдзячны прэзыдэнту дагэтуль.

“Калі вы запытаеце: каго больш, чым Лукашэнку, падтрымліваюць у грамадзтве? Я перакананы: вы такой асобы ня знойдзеце. Тым больш, абсалютна вядома, хто быў ля ўлады раней і што, уласна кажучы, яны рабілі. І куды йшла рэспубліка? Калі зусім пэўна сказаць, абсалютна ў нікуды. А цяпер пра Беларусь ведаюць усюды. Ведаюць як сувэрэнную дзяржаву. І большага захавальніка сувэрэнітэту, чым Лукашэнка, у рэспубліцы няма”.



Уладзімер Ганчарык: “Страху стала больш у грамадзтве. І апатыі, можа, стала таксама болей...”

Прэзыдэнцкія выбары стала ўвайшлі ў жыцьцё беларусаў. Цягам 12 гадоў “падседзець” Аляксандра Лукашэнку спрабаваў не адзін прэтэндэнт на вышэйшую дзяржаўную пасаду. А ці розьніцца электарат кожнай выбарнай кампаніі. Экс-кандыдат у прэзыдэнты ўзору 2001 году Ўладзімер Ганчарык перакананы: з кожным разам павялічваецца прынамсі адзін паказьнік – страху.

“Усё ж тады было больш незадаволеных эканамічнай сытуацыяй, у тым ліку аплатай працы, затрымкамі ў выплаце заробкаў. Цяпер гэтага нібыта няма. Але іншыя прычыны выходзяць на першы плян незадаволенасьці. Гэта і сацыяльная неўладкаванасьць, і працоўныя кантракты. Таму людзі адрозьніваюцца. І я не выключаю, што незадаволеных цяпер можа нават і болей, чым у 2001-м, але тут трэба казаць пра іншыя прычыны. Перш за ўсё, страху стала больш у грамадзтве. І апатыі, можа, стала таксама болей”.



Юры Данькоў: “Плаці падаткі і сьпі спакойна...”

Раз-пораз чуюцца прапановы аб пераходзе да схемы парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі паводле прыкладу суседняй Латвіі, калі прэзыдэнт залежыць ад калектыўнай волі парлямэнтароў. Праўда, як рэальна ажыцьцявіць пераход на такія рэйкі, застаецца пытаньнем адкрытым. Сярод тых, хто заяўляў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты, быў і бізнэсовец Юрый Данькоў. Кажа, што, беларусы прызвычаіліся да дадзенасьці ў асобе Лукашэнкі, таму й ня вельмі вераць у магчымасьць кадравых ракіровак.

“Усё, што зараз адбываецца, трэба было плянаваць крыху інакш. Неразьбярыха, што ёсьць цяпер, зручная, найперш, кіраўніцтву. Няўзброеным вокам бачна: шмат хто лічыць, што так мусіць быць і надалей. Людзі прынялі загадзя гэтую дадзенасьць. Усе, хто навокал, нават ягоныя праціўнікі, і тыя гэта прынялі. Канешне, людзей ў нейкай ступені прыцягвае стабільнасьць. Усё жорстка, але ж ахову з сабой вазіць ня трэба. Як кажуць, плаці падаткі і сьпі спакойна. Можа гэта і ёсьць аснова ўсіх нашых рэалій. А ўсё далей – гэта ўжо “шухер-мухер” і піяр”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG