Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост цэнаў кватэр: чаму і дакуль?


Ігар Карней, Менск Цягам лютага ў асобных раёнах Менску цана кватэр падвысілася на 10 тысяч даляраў! Цяпер аднапакаёвую кватэру можна набыць за 50 тысяч даляраў. Чым можна растлумачыць такое імклівае падаражэньне нерухомасьці? Хто выйграе ў такой сытуацыі – пакупнікі ці гандляры?


За аднапакаёвую кватэру ў Менску просяць каля 50 тысяч даляраў

Паводле статыстыкі агенцтваў нерухомасьці, за два месяцы ад пачатку году сярэдні кошт квадратнага мэтра жыльля вырас амаль на 170 даляраў, дагнаўшы паказьнікі шэрагу эўрапейскіх сталіц.

Калі пры канцы мінулага году аднапакаёвая кватэра стандартных памераў каштавала ў сярэднім 42 тысячы даляраў, то цяпер за яе просяць блізу 50 тысяч даляраў. І гэта досыць сьціплыя варыянты ля кальцавой дарогі ці ў старых пабудовах. Чым бліжэй да цэнтру, тым большы кошт – 1600-1800 даляраў за квадратны мэтар.

“Адзін з маіх калегаў расказваў: за тры дні ў яго падскочыла кватэра на 10 тысяч”

Агент па продажы нерухомасьці Алена Бельская канстатуе: нягледзячы на падаражэньне нерухомасьці, попыт на кватэры (перадусім адна- і двухпакаёвыя) істотна перавышае колькасьць прапановаў.

“Пакуль тыдні два праглядаецца ці выбіраецца варыянт, – расказвае Алена, – за гэты час з разьліку дзьве-дзьве з паловай тысячы даляраў за тыдзень могуць вырасьці цэны. Гэта ў сярэднім. Але бываюць і экстраардынарныя выпадкі. Вось у мяне, дапусьцім, каля я прадавала трохпакаёўку, за паўтара тыдня яна падскочыла ў цане на 8 тысяч даляраў. А адзін з маіх калегаў расказваў: за тры дні ў яго падскочыла кватэра на 10 тысяч! Пакупнікі пачалі таргавацца паміж сабой, і за тры дні вось такі вынік. Як толькі зьяўляецца варыянт больш выгадны, адразу зьяўляецца шмат ахвотных выкарыстаць гэтую прапанову. Вось, прыкладам, заўчора ўвечары пасьля 17.00 я знайшла пакой для сваёй кліенткі. І ўчора па абедзе ўжо была аформленая ўгода па гэтым пакоі. Нас апярэдзілі! Пакуль мы праглядалі іншыя варыянты, нас апярэдзілі. Вось якая хуткасьць”.

Супрацоўнікі агенцтваў не хаваюць, што ажыятаж на рынку нерухомасьці спрыяе не зусім добрасумленным пасярэднікам.

Пра гэта гаворыць прадстаўніца рыэлтарскай кампаніі Гана Конан: “Можна казаць пра ўсё часьцейшыя выпадкі нядобрасумленнага стаўленьня да кліента. Разавыя такія адносіны, калі абы толькі грошы, абы “абуць”. Ёсьць такая рыса, таму, можа, некаторыя захады на абмежаваньне дзейнасьці фірмаў па працы зь нерухомасьцю і правільныя. Таму што сёньняшнім днём я сама сутыкалася, калі часам сорамна казаць, што ты ў агенцтве нерухомасьці працуеш. Таму што папулярнасьць ня з добрага боку зарабілі мы сабе няякасным аказаньнем паслуг, нядобрасумленным стаўленьнем да людзей”.

“Рэзкі скачок быў у 2005 годзе, але такога, як цяпер, ня памятае ніхто”

Як цьвердзяць спэцыялісты, у немалой ступені росту цэнаў спрыялі беларуска-расейскія нафтавыя і газавыя войны. Яшчэ пры канцы мінулага году зьявіліся чуткі пра непазьбежную дэвальвацыю беларускага рубля, у выніку чаго людзі пачалі тэрмінова здымаць грошы з банкаўскіх рахункаў і ўкладаць ў нерухомасьць. Рост цэнаў на энэрганосьбіты меў вынікам падаражэньне будаўнічых матэрыялаў, транспартных паслуг. Адпаведна, вырас сабекошт будаўнічых работ. Прыкладам, у Менску сабекошт квадратнага мэтра жыльля складае амаль тысячу даляраў, тады як яшчэ нядаўна гэтая сума вагалася ў межах 600-700 даляраў.

Як кажа Алена Бельская, зваротнага шляху ў гэтым працэсе пакуль што не прадбачыцца: “Вярнуць назад? Не. Хіба трошкі можа нешта спыніцца. Нават баяцца ўсе прагназаваць магчымасьць, што ўпадзе. Таму ў найлепшым выпадку спыняцца, ня так хутка будуць расьці. Журналісты газэты “Недвижимость Беларуси” рысуюць графікі – як расьлі цэны і ў які год. Рэзкі скачок быў у 2005 годзе, але такога, як цяпер, ня памятае ніхто. Людзі працуюць па 10-12 гадоў у гэтай сфэры, таксама нічога не разумеюць і кажуць, што ўпершыню з такім сутыкаюцца ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG