Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Радыё Свабода

На гэтым тыдні мае асабістыя сымпатыі выклікаў фільм Тоні Скота “Дэжавю”. Апошнім часам Тоні рабіў фасоннае кіслотнае кіно – нібыта перагледзеў MTV. А цяпер відавочна вырашыў кінуць гульні ў маладзёвы стыль ды зрабіць штосьці больш старасьвецкае. “Дэжавю” нагадвае паліцэйскія баевікі пачатку 1990-х накшталт “Сьмяротнай зброі”. Адзінае, гумару тут зусім няма. Але затое зь лірыкай і экшанам усё нармалёва.

З пункту погляду сюжэту “Дэжавю” – чарговы трылер пра падарожжы праз час. Тым ня менш яго варта паглядзець. Бо ёсьць тут майстэрская праца рэжысэра, шыкоўная карцінка, нядрэнная лірычная лінія ды пара цікавых антаганістаў: Дэнзэл Ўошынгтан грае нязломнага паліцыянта, а Джэймз Кэвізэл пасьля гібсанаўскага Хрыста выканаў у Скота ролю шалёнага тэрарыста. Калі б існаваў тэрмін “інтэлігентны трылер”, да “Дэжавю” ён бы пасаваў як найлепей.

* * *

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – амэрыканскі фільм “Добры немец”. Рэжысэр Стывэн Сэдэрбэрг час ад часу згадвае, што ён ня проста грошы зарабляе, але яшчэ й творчасьцю займаецца. І тады замест глямурных крыміналаў узьнікае нешта накшталт “Добрага немца”.

Сэдэрбэрг заўзята гуляе ў старое кіно пра пасьляваенную Эўропу. Амэрыканскі журналіст спрабуе вывезьці з пасечанага на зоны Бэрліну сваю былую каханку. І ледзь ня гіне ад куляў суайчыньнікаў. Фільм спэцыяльна здымаўся дакладна так, як гэта зрабілі б гадоў 60 таму. Але тэхнічная дасканаласьць ня здольная дадаць жыцьця галоўным героям. Джордж Клуні і Кейт Бланшэт імітуюць стыль Гамфры Богарта ды Інгрыд Бэргман. І анічога ня здольныя дадаць ад сабе. Сэдэрбэрг зрабіў выгляд, што ён аўтар зь мінулага. А фільм зрабіў выгляд, што ён чагосьці варты.

* * *

А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. Старое кіно Віма Вэндэрса “Крылы над Бэрлінам”. Памятаю, як гадоў пятнаццаць таму мы з “Кінаклюбам” паказалі яго ў перапоўненым Палацы прафсаюзаў. Агульнае захапленьне было відавочным. Дый сёньня безумоўна найлепшы фільм Вэндэрса выглядае моцна й прыгожа.

Анёлы сыходзяць на Зямлю, каб навучыцца каханьню. Нік Кэйв сьпявае пра самоту шалёнаму тлуму. А ў бібліятэцы стары шукае словы, здольныя растлумачыць сэнс жыцьця. Паэтычны фільм Вэндэрса ня можа не крануць кожнага, хто любіць кіно. Натхнёны рэжысэр зрабіў наўздагон ажно два працягі, Галівуд выдаў рымэйк зь Нікаласам Кэйджам. Але “Крылы” так і засталіся недасягальным шэдэўрам.
XS
SM
MD
LG