Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Рукевіч (12.11.1794, в. Гожна (?), Беласточчына — 11.9.1841, в. Коркіна, Забайкальле, Расея)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ёсьць людзі, жыцьцёвы шлях якіх яўляе сабой зайздросны ўзор пасьлядоўнасьці й вернасьці юначым ідэалам. Праўда, словы пра зайздрасьць тут, відаць, ня самыя дакладныя, бо такія жыцьці маюць уласьцівасьць не заўсёды складвацца шчасьліва, часьцей — якраз наадварот.

Васямнаццацігадовым Міхал Рукевіч, спадзеючыся на аднаўленьне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага, ваяваў пад штандарамі з Пагоняй у гэтак званых “літоўскіх войсках” Напалеона, дзе служыла 25 тысяч нашых суайчыньнікаў. Празь дзесяць гадоў у адным з сваіх вершаў ён пісаў (пераклад з польскай Кастуся Цьвіркі):

Дык калі паклічуць трубы Нас у сонечны прасьцяг, Дружна ўздымем вальналюбы Мы з Пагоняй нашай сьцяг!

Зрэшты, дзесяцігодзьдзе было прысьвечанае зусім не складаньню вершаў. Вярнуўшыся з палону, куды Міхал трапіў у Францыі, ён вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, удзельнічаў у таемным патрыятычным таварыстве філяматаў, ствараў з аднадумцамі яго філіі — таварыствы прамяністых і філярэтаў, а потым — падпольную арганізацыю “Згодных братоў” (“Заранаў”), сябры якой, навучэнцы Беластоцкай і Сьвіслацкай гімназіяў, марылі пра вызваленьне радзімы ад расейскага панаваньня.

У 1825-м частка “заранаў” увайшла ў склад узьніклага з ініцыятывы Рукевіча (які жыў пад Беластокам у вёсцы Завыкі) рэвалюцыйнага таварыства “Ваенныя сябры”. Ужо сама назва сьведчыла, што тут месца ранейшых летуценьняў занялі канкрэтныя і небясьпечныя для ўладаў справы. Арганізацыя складалася зь мясцовых чыноўнікаў, гімназістаў, шляхцічаў, а найперш з афіцэраў і нават жаўнераў дысьлякаванага на Гарадзеншчыне і Беласточчыне “Літоўскага асобнага корпусу” царскай арміі. У ліку кіраўнікоў “Ваенных сяброў” быў капітан Канстанцін Ігельстром, які трымаў сувязь з расейскім дзекабрыстам Вільгельмам Кюхельбекерам.

У сваіх лістах да паплечнікаў Міхал Рукевіч часта пісаў пра знаёмых, што любяць забавы й танцы пад добрую музыку. У перакладзе з кансьпірацыйнай мовы гэта былі ўдзельнікі таварыства. Такіх “танцораў” набралася нямала — блізу пяцідзесяці. Яны вялі антыўрадавую прапаганду ў войсках, а сваімі мэтамі абвяшчалі змаганьне за “вольнасьць” і “ўсеагульны дабрабыт”.

Празь дзесяць дзён пасьля паўстаньня дзекабрыстаў “Ваенныя сябры” сарвалі прысягу Мікалаю І у сапэрным батальёне, дзе адной з ротаў камандаваў К.Ігельстром. На большае сілаў не хапіла.

Рэвалюцыянэраў арыштавалі і аддалі пад суд. Рукевіча, Ігельстрома і паручніка Аляксандра Вягеліна прысудзілі да пакараньня сьмерцю, якое замянілі 10-гадовай катаргай з далейшым пасяленьнем у Сібіры. Міхал адбываў яе разам зь дзекабрыстамі ў Чыце і сумна вядомым Пятроўскім заводзе. Роднай Літвы-Беларусі ён больш ня ўбачыў.
XS
SM
MD
LG