Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працягваецца візыт у Вашынгтон лідэраў беларускай апазыцыі


Алесь Дашчынскі, Менск Дэлегацыя беларускай апазыцыі (лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першы сакратар Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, жонка палітвязьня Ірына Казуліна і старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч) знаходзіцца зь візытам у Вашынгтоне.

Дэлегацыю апазыцыі прымаюць у Дзярждэпартамэнце і Кангрэсе ЗША, у Нацыянальнай радзе бясьпекі. Апроч таго, яна мае сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзкасьці і ўплывовых мэдыяў.

Сёньня пройдуць сустрэчы з трыма кангрэсмэнамі. Сярод іх былы старшыня Хэльсынскай камісіі, рэспубліканец Крыстафэр Сьміт.

Таксама будзе сустрэча з кангрэсмэнамі Джонам Шымкусам і Тадэўсам МакКотэрам, адзін зь іх — старшыня балтыйскай групы, а другі — кіраўнік Рэспубліканскага палітычнага камітэту Палаты прадстаўнікоў.
В.Вячорка: “Яны шматкроць падкрэсьліваюць, што не падтрымліваюць ніякіх пэрсаналіяў, а падтрымліваюць дэмакратычны працэс. У тым ліку ў аб’яднаных дэмсілах”.
Адбудзецца брыфінг у Міжнародным рэспубліканскім інстытуце для палітыкаў і аналітыкаў у Вашынгтоне. Ён будзе прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі.

Плянуюцца сустрэчы і з амэрыканскімі ды эўрапейскімі дыпляматамі, удзельнікамі нарады намесьнікаў міністраў замежных справаў балтыйскіх і скандынаўскіх краінаў.

Дэлегацыя пабачыцца з амбасадарам Нямеччыны пры ўдзеле польскага, украінскага і іншых дыпляматаў.

Сябра дэлегацыі Анатоль Лябедзька сказаў пра мэты візыту: “Наша самая асноўная стратэгічная мэта — Беларусь павінна быць на міжнародным парадку дня. Гэта самае галоўнае. Калі Беларусь там ёсьць, калі ёсьць цікавасьць да нашай краіны, то ёсьць пэрспэктыва. І, безумоўна, такія сустрэчы — як новая хваля чарговага інтарэсу да сытуацыі ў Беларусі. А вельмі высокі ўзровень сустрэчаў — гэта азначае, што гэта ня толькі размовы, а будуць і практычныя дзеяньні”.

Ці можа зацікавіць амэрыканскіх чыноўнікаў сытуацыя ў апазыцыі і тое, што ў ЗША не прыехаў, як плянавалася, Аляксандар Мілінкевіч?

Сябра дэлегацыі Вінцук Вячорка патлумачыў: “Зьвяртаюць на гэта няшмат увагі. Асноўнае, што іх цікавіць, гэта наша бачаньне палітычнай і эканамічнай сытуацыі, гэта ўзаемадачыненьні паміж Расеяй і Беларусьсю, як гэта ўплывае на беларускую эканамічную мадэль і ці пагражае гэта незалежнасьці Беларусі. Нашых суразмоўцаў цікавіць пазытыўная стратэгія, якую прапаноўваюць аб’яднаныя дэмсілы. Ну і яны шматкроць падкрэсьліваюць, што не падтрымліваюць ніякіх пэрсаналіяў, а падтрымліваюць дэмакратычны працэс. У тым ліку ў аб’яднаных дэмсілах”.

Падчас візыту былі сустрэчы ў Кангрэсе ЗША — і яшчэ будуць. Чаго чакаюць прадстаўнікі апазыцыі?

Анатоль Лябедзька сказаў, што важныя пытаньні дапамогі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі: “Гэта пытаньне фінансаў. Мы тут вядзем размову пра спадарожнікавы тэлеканал для Беларусі, які мог бы адкрыць доступ да новых крыніцаў інфармацыі для грамадзянаў Беларусі. Таксама пра падтрымку недзяржаўнай прэсы і інтэрнэт-прасторы ў Беларусі — на гэта трэба выдзяляць і пэўную фінансавую дапамогу”.

Гл.таксама: Задайце пытаньне дэлегацыі беларускай апазыцыі ў Вашынгтоне
XS
SM
MD
LG