Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня пачаў дзейнічаць новы Адміністрацыйны кодэкс


Любоў Лунёва, Менск Прадстаўнікі апазыцыі лічаць, што новы кодэкс дазволіць больш жорстка караць за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях. Тым часам супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі канстатуюць, што за першыя суткі ад пачатку дзеяньня новага кодэксу кіроўцаў нападпітку стала менш у пяць разоў.

У новым Адміністрацыйным кодэксе за некаторыя правапарушэньні штрафы павялічыліся ў некалькі разоў. Праўда, штраф за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі ня можа перавышаць 50 базавых велічыняў.

Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што вялікія штрафы сьведчаць пра нестабільную палітычную і эканамічную сытуацыю ў краіне: “Гэты Адміністрацыйны кодэкс сьведчыць пра тое, што бюджэт краіны зьбяднеў і трэба шукаць новыя крыніцы, каб кампэнсаваць страты, якія панесьлі ў выніку пагаршэньня дачыненьняў з Расеяй. Сытуацыя нестабільная. Хаатычныя крокі”.

Арышт па-ранейшаму абмяжоўваецца 15 суткамі, але ў тых выпадках, калі на затрыманага складуць два і болей пратаколаў, суд можа павялічыць тэрмін да 25 сутак.

Сябры незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” лічаць, што ўлады могуць скарыстацца гэтым і за кратамі давядзецца адбываць большыя тэрміны арышту.

Апроч таго, новы Адміністрацыйны кодэкс прадугледжвае адказнасьць ад 14-гадовага ўзросту за псаваньне маёмасьці, жорсткае абыходжаньне з жывёламі і нецэнзурную лаянку — а гэта менавіта той артыкул, які звычайна ўжываюць да апазыцыянэраў за ўдзел у грамадзкай і палітычнай дзейнасьці.

Актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук зазначае: “Малады фронт” нічога добрага не чакае, бо гэта ўдарыць і па тых непаўналетніх, якім споўнілася чатырнаццаць. Школьнікаў будуць абвінавачваць у нецэнзурнай лаянцы і біць па кішэнях іхных бацькоў, даючы штрафы. Кодэкс моцна ўдарыць па ўсіх удзельніках апазыцыйных акцыяў. Цяпер можна будзе прыпісаць удзельніку і несанкцыянаваны мітынг, і нецэнзурную лаянку ў аўтазаку, і супраціў супрацоўнікам міліцыі і такім чынам можна правесьці да месяца ў турме на Акрэсьціна”.

Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі лічаць, што санкцыі новага Адміністрацыйнага кодэксу супраць недысцыплінаваных кіроўцаў і пешаходаў (асабліва калі тыя знаходзяцца нападпітку) палепшаць сытуацыю на дарогах.

Кіраўніца аддзелу прапаганды ДАІ Менску Жана Трайно адзначыла, што за першыя суткі нецьвярозых кіроўцаў паменшала ў пяць разоў: “Калі мы за ноч у сярэднім затрымлівалі каля пятнаццаці кіроўцаў у нецьвярозым стане, то сёньня толькі трох. Напэўна, усё ж такі напалохалі. Цяпер за такое прадугледжаны і штраф, і пазбаўленьне правоў, і нават крымінальная адказнасьць. Вось калі арыштуюць, і чалавек правядзе 15 сутак у месцах ня вельмі прыемных, то наступны раз будзе думаць. Пешаход-парушальнік таксама можа цяпер заплаціць 100 тысяч рублёў. Сытуацыя палепшыцца. Мы ўжо адчулі”.

Сябры “Маладога фронту” мяркуюць, што адчуюць дзеяньне новага кодэксу не раней за 19 сакавіка, калі выйдуць на першую вясновую акцыю на Кастрычніцкай плошчы Менску.
XS
SM
MD
LG