Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Свабодны тэатар” прэзэнтаваў супольны праект са студэнтамі ЭГУ


Севярын Квяткоўскі, Менск Спэктакль “Паміж паміж” рыхтаваўся цягам двух месяцаў студэнтамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту пад кіраўніцтвам драматурга Мікалая Халезіна і рэжысэра Ўладзімера Шчэрбаня. Тэма – стан беларускіх студэнтаў між Менскам і Вільняй, між сучаснай Беларусьсю і Эўропай. Прэзэнтацыя мела форму “кватэрніка” – падпольнай імпрэзы ў прыватнай кватэры.

Прысутных ня шмат, бо кватэра ня можа зьмясьціць шмат людзей, але ўсе з захапленьнем глядзяць на дзею.

Тлумачыць кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін: “Сёньня ўжо здарылася: калі той клюб, дзе мы хацелі адыграць гэтую прэм’еру, там ад ранку былі міліцыянты – ведалі, што будзе “Свабодны тэатар”. І нашы мэнэджэры прайшлі 37 кропак. І ўсюды нам было адмоўлена”.

Спэктакль поўны рэаліяў жыцьця цяперашніх студэнтаў ЭГУ. Так, на пачатку дзяўчына складае рэчы ў валізку і сярод іншага ўпотайкі хавае пад майку бел-чырвона-белы сьцяг. Перад ад’ездам у студэнткі адбываецца такі дыялёг з маці:

– Куды ты едзеш?!

– Мама, мы пра гэта з табой ужо размаўлялі.

– Навошта ты туды едзеш?

– Мама, вучыцца.

– Чаму вучыцца? Капіталістам … лізаць?! Нікуды не паедзеш!

– Мама!..

Пасьля пільнага допыту на беларускай мытні, студэнты трапляюць у Вільню:

“Vilnius!”, “Laba diena!”

“Вось парадокс: прэм’ера гэтага спэктаклю ў Вільні будзе грацца 6 сакавіка ў тэатры Эймунтаса Някрошуса. Цяжка знайсьці ў Вільні больш прэстыжную пляцоўку”, – патлумачыў Мікалай Халезін.

Кіраўнік “Свабоднага тэатру” падкрэсьлівае, што выступаць прасьцей і часьцей выпадае за мяжой, чым у Беларусі.

Мікалай Халезін выступае перад пачаткам

Глядацкая “заля”







Сцэны са спэктаклю
XS
SM
MD
LG