Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: як ушанаваць памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў?


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Як мае быць ушанаваная памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў – так гучыць пытаньне тыдня на Радыё Свабода. Яго задаваў жыхарам вёскі Лунна Мастоўскага раёну Гарадзенскай вобласьці наш карэспандэнт.

Спадарыня: “Трэба абавязкова ўшаноўваць памяць такіх людзей. Яны пацярпелі ні за што. Абавязкова, на маю думку, трэба ўшаноўваць іх памяць”.

Спадарыня: “Вядома, людзі пацярпелі ні за што. Гэта, як некалі казалі, самым працавітым людзям у дзяржаве паадсякалі рукі. Я цяпер у сваім узросьце вельмі добра разумею, якая гэта была трагедыя”. Карэспандэнт: “А вось, да прыкладу, у вашым мястэчку, як можна было б ушанаваць памяць такіх людзей?”

Спадарыня: “Можна было б ці крыж усталяваць, ці якую памятную дошку зрабіць”.

Спадарыня: “Канечне, патрэбна, каб помнік стаяў, каб людзі памяталі й ведалі...”

Спадар: “Ніхто нічога тут не ўшаноўвае, бо нікога й нічога не абыходзіць”.

Карэспандэнт: “На вашу думку, варта было б гэта зрабіць?”

Спадар: “Вядома, трэба, каб памяць была. Можна крыж паставіць, а яшчэ лепш – помнік”.

Спадар: “Трэба, каб пра іх памяталі, памяць павінна быць на іх радзіме. І добра было б усталяваць помнік з надпісамі прозьвішчаў, што загінулі за гэтую радзіму”.

Спадарыня: “У нас ёсьць помнік землякам, якія загінулі падчас вайны, і ёсьць помнік габрэям, якіх закатавалі падчас вайны. Вось і ўсё”.

Карэспандэнт: “Вы лічыце, гэтага дастаткова?”

Спадарыня: “Так, думаю, дастаткова”.

Спадарыня: “Павінна быць спэцыяльнае месца, павінен быць помнік, бо ў наш час ёсьць шмат людзей, якія не шануюць гэтага, а памяць пра людзей трэба абавязкова ўшанаваць — і каб нашы нашчадкі пра гэта таксама ведалі”.

Спадар: “Хто яго ведае, так цяжка нешта сказаць. Паглядзіце, колькі гадоў мінула пасьля вайны, а толькі нядаўна ўсталявалі помнік закатаваным габрэям. А сваім людзям... Лічаць, што гэта непатрэбна”.

Карэспандэнт: “А вы як лічыце?”

Спадар: “Я лічу, што патрэбна. У нас у мястэчку такіх людзей можа было няшмат, але вось па дарозе, калі едзеш да Стральцоў, то там усе хутары былі сасланыя ў Сібір. Усе, без выключэньняў”.

Спадар: “Трэба, напэўна, ушаноўваць памяць людзкую. Трэба помнік ім паставіць. Усякім дзеячам дык ставяць, ім можна, а вось простым людзям, якія загінулі, — нельга? Ім таксама трэба помнік”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG