Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Маўзэр: Мы хочам еднасьці, а яны хочуць нас расстраляць


Аляксей Знаткевіч, Прага Гутарка з госьцем "Начной Свабоды", лідэрам гурту “Таварыш Маўзэр” Янам Маўзэрам, які на нядаўнім конкурсе "Рок-каранацыя" быў уганараваны як выканаўца году.

Карэспандэнт: “Добры вечар, Таварыш Маўзэр”.

Маўзэр: “Добры вечар, Радыё Свабода, добры вечар, паважаныя радыёслухачы”.

Карэспандэнт: “Ян, чаму Вы выбралі такі збройны сцэнічны псэўданім?”

Маўзэр: “Так атрымалася. Насамрэч, не сам я яго выбіраў. Мне падказаў яго сябра, ваш калега, які працуе на Радыё Рацыя, – Аляксандра Буракоў. Ад пачатку зьявіўся гурт, а я называўся проста Янкам. Ён кажа: “Янка – гэта ня модна. Будзь ты Янам Маўзэрам”. Я падумаў і пагадзіўся зь ім. Вось так і атрымалася”.

Карэспандэнт: “А тое, што Вы ад самага пачатку не зьбіраліся афішаваць свайго сапраўднага прозьвішча, гэта хованкі ад прыхільнікаў гурту ці нейкія іншыя прычыны?”

Маўзэр:” Нехта думае, што такім чынам я хаваюся ад уладаў”.

Карэспандэнт: “…ад іх не схаваесься”.

Маўзэр: “…ад іх не схаваесься – у тым і справа. Я мяркую, што там усе ведаюць маё сапраўднае прозьвішча. Папросту мне не падабаецца, як яно гучыць”.

Карэспандэнт: “То бок Вы не хаваецеся ні ад каго, а толькі ня хочаце, каб вашае пашпартнае прозьвішча не гучала. Так?”

Маўзэр: “Так. Ёсьць жа, прыкладам, Косьця Кінчаў. Ён для ўсіх і застаецца Канстанцінам Кінчавым. Я для ўсіх Ян Маўзэр. І мне падаецца, што так лепей”.

Карэспандэнт: “Ян, у мінулым годзе Вы працавалі ў “Беларусбанку”. Вясной Вас звольнілі. Якое было афіцыйнае тлумачэньне гэтаму звальненьню?”

Маўзэр: “Афіцыйная я папрасіўся і мне дазволілі звольніцца на ўласнае жаданьне. Неафіцыйна былі іншыя прычыны”.

Карэспандэнт: “Ці можна распавесьці пра гэтыя прычыны?”

Маўзэр: “Можна, натуральна. Сытуацыя была такая: нам прапанавалі невялікі гастрольны тур па Польшчы, 6-7 канцэртаў. Я ня быў арганізатарам і дакладна ня ведаў, калі гэта скончыцца. Польшча – дастаткова вялікая краіна і я ня ведаў, калі вярнуся. Таму я размаўляў са сваёй начальніцай наконт таго, каб узяць адпачынак. Кажу: “На колькі мне браць адпачынак?” “Бяры на 8 дзён”. Кажу: “А калі не пасьпею?” “Ну, калі не пасьпееш, аформім прамінулай датай”. Я падумаў, што добрая яна цётка і са спакойнай душой паехаў на гастролі. У гэтыя 8 дзён я ўклаўся. Праўда, не атрымалася выспацца, але на працу я пасьпеў. Але ў Менску разгортваліся падзеі, якія я прапусьціць ня мог. І улічваючы, што мне дазволілі аформіцца прамінулай датай, я паехаў у Менск. 2 дні прабыў на Плошчы. Прыяжджаю. А ў банку ўсе ведаюць, што я быў на плошчы. Я пачаў аднеквацца, пісаў розныя тлумачальныя. Іх цікавіла, быў я у Беларусі ці па-за межамі. Але ў пашпарце ставяць адзнаку пра перасячэньне мяжы. Яны паглядзелі пашпарт і ўсё ўсім стала зразумела. Тады яны вырашылі мяне звальняць. Я папрасіўся звольніцца сам, бо невядома, як бы склаўся мой лёс. Магчыма, надалей прыйшлося б працаваць на дзяржаўнай працы. З артыкулам “Звальненьне за прагул” працаваць было б ня вельмі добра”.

Карэспандэнт: “Ян, калі Вы працавалі ў банку, ці не было нейкай несумяшчальнасьці: музыка, які грае экстрымальную рок-музыку, працуе ў банку клеркам?”

Маўзэр: “Па сутнасьці, гэта быў самы жахлівы пэрыяд майго жыцьця, хоць плацілі неблагія грошы і я працаваў сярод больш-менш прыстойных людзей. Але вось гэтая несумяшчальнасьць была катастрафічнай. Я ня мог вырвацца на канцэрт – былі вялізарныя цяжкасьці. Памятаю быў такі выпадак. У нас быў заплянаваны канцэрт у Маскве. Гэта была субота. І на гэтую суботу перанесьці з 2 студзеня адпрацоўкай аднаго дня. І я ледзь не сарваўся з канцэрту. Нейкімі левымі захадамі атрымалася патрапіць у Маскву. Увесь час быў незразумелы ціскі: “Як гэта ты займаесься рок-музыкай? Ты ж павінен быць разважлівым чалавекам! Ты ж працуеш у банку!” Прыходзілася нават размаўляць па-расейску”.

Карэспандэнт: “На працы ўвесь час? Ці ўсё-такі размаўлялі па-беларуску на працы?”

Маўзэр: “Не, на працы я быў стоадсоткавым расейскамоўным звычайным беларусам. Я не хацеў афішаваць сваю беларускамоўнасьць, бо людзі, якія дапамагалі туды ўладкавацца (Натуральна, у банк самастойна не ўладкуесься, павінен нехта дапамагчы – раскрываю прафэсійныя сакрэты) яны мне вельмі настойлівы раілі, каб я забыўся на сваю беларускамоўнасьць. Дарэчы, ад пачатку было дастаткова цяжка, бо да гэтага год размаўляў выключна па-беларуску і тут трэба пераходзіць на расейскую мову. Я спачатку тармазіў. Напэўна, думалі, што я тормаз, але пасьля неяк прызвычаіліся. Але я пакутваў ад таго, што вымушаны размаўляць па-расейску. Думаў, што невядома, як складзецца жыцьцё. Магчыма, усё жыцьцё прыйдзецца там працаваць. Гэта б шкодна адбывалася на маёй беларускай мове. Гэта мяне хвалявала”.

Карэспандэнт: “А цяпер Вы больш чаго адчуваеце: палёгкі, што Вас звольнілі, ці шкадаваньня?”

Маўзэр: “Шкадаваньня няма ніякага. Абсалютная палёгка”.

Карэспандэнт: “Ян, як чалавек які быў на Плошчы летась… Цяпер у Менску зьявіліся налепкі з заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу, плошчу Каліноўскага, 25 сакавіка ў Дзень Волі. На гэтых налепках ёсьць адначасна і бел-чырвона-белы сьцяг і дзяржаўны чырвона-зялёны. Разгарнулася вялікая дыскусія, як сярод апазыцыйных актывістаў, гэтак і сярод звычайных людзей (у тым ліку і ў інтэрнэце), ці варта такія рэчы рабіць, ці варта сумяшчаць гэтыя сымбалі? А вось Вы як лічыце? Наколькі гэта апраўдана?”

Маўзэр: “Што да мяне, мой сьцяг – гэта бел-чырвона-белы сьцяг, а чырвона-зялёны – гэта нейкая памылка. Не магу нічога добрага пра яго сказаць. Нават з пункту гледжаньня паліттэхналёгіяў (канешне, я не на сваю тэрыторыю зараз лезу) мне падаецца, што з чырвона-зялёнага лягеру нікога не зацягнеш на плошчу. Паказаць такое замірэньне… мне гэта не падабаецца”.

Карэспандэнт: “Асноўная ідэя – зрабіць 25 сакавіка Днём нацыянальнай еднасьці беларусаў усіх палітычных перакананьняў”.

Маўзэр: “Справа ў тым, што мы, дэмакраты, хочам нацыянальнай еднасьці, а яны, таталітарысты, хочуць нас расстраляць. Таму не атрымаецца”.

Карэспандэнт: “У Кобрыні распачынаецца будаўніцтва праваслаўнага храму ў гонар расейскага генералісімуса Суворава. Шэраг грамадзкіх арганізацыяў распачынаюць кампанію пратэсту. Ян, Вы ведаеце пра гэтую сытуацыю?”

Маўзэр: “Так, мяне гэта хвалюе і таму, што мой бацька паходзіць з гораду Бяроза – гэта непадалёк ад Кобрыні. А Бяроза Картуска бярэ свой пачатак ад таго, што Сувораў, здаецца, павесіў на бярозу свой картуз некалі. Ад таго і узьнік горад. Жыхары гораду праз гэта Суворава і шануюць. А я як сапраўдны беларускі нацыяналіст ня тое, што не далюбліваю, я яго не люблю. І мяне таксама абурае сытуацыя, калі Расейская праваслаўная царква зьбіраецца на тэрыторыі Беларусі будаваць у гонар палкаводца храм, але для нас ён забойца, для беларусаў кат. Калі мой тата, які сам бярозавец прыхільна ставіцца да Суворава, кажа, што Сувораў выконваў загады. У апошніх публікацыях, якія я чытаў, гаворыцца, што не загады ён выконваў, а на ўласнае жаданьне душыў паўстаньне Касьцюшкі. Мяне гэта абурае”.

Карэспандэнт: “Ян, а ў цяперашніх умовах, ці можа грамадзкі ціск спыніць будаўніцтва ці хаця б зьмяніць аб’ект ганараваньня?”

Маўзэр: “Я ня думаю, што на сёньняшні дзень гэта магчыма. Хіба грамадзкі ціск сапраўды будзе вельмі моцны У нас не атрымалася не дапусьціць перайменаваньне праспэктаў у Менску. Я ня думаю, што ў нас атрымаецца спыніць будаўніцтва гэтага храму. Зь іншага боку, калі-небудзь сытуацыя зьменіцца, зьменіцца і назва гэтага храму. Хаця тут справы царкоўныя, і можа быць я ня маю рацыі”.

Карэспандэнт: “Цяпер ад падзеяў палітычных хацелася перайсьці да больш надзённай такой рэчы. У нас сёньня была інфармацыя, што ад пачатку лютага кошт жытла ў Менску падвысіўся ў сярэднім на 20%. Сярэдняя менская аднапакаёўка цяпер каштуе прыкладна 60 тысяч даляраў. Вось Вы – чалавек малады, чалавек, якога звольнілі з банку, цяпер ужо столькі не заробіце, як напэўна ў банку. Ці рэальна ў Магілёве маладым людзям нешта пабудаваць, купіць? Што ў Вас з жытлом?”

Маўзэр: “Я думаю, што ў банку столькі не зараблю, але можа зараблю канцэртамі і музычнай дзейнасьцю. Мне 24 гады і трэба будзе ў хуткім часе "звальваць" з бацькоўскай кватэры на нейкую сваю. Дзе ўзяць грошы, я ня ведаю. Існуе, напэўна, нейкая крэдытаваньне ільготнае для маладых людзей. Для БэЭрЭсЭмаўцаў асабліва лёгкія ўмовы. Можа ў БРСМ уступлю. Я жартую, натуральна. Шчыра кажучы ня ведаю. Нічога рацыянальнага падказаць не магу. Я чуў, што жытло стала даражэць. Зь іншага боку. Калі даражэе жытло, гэта сьведчыць пра нейкі эканамічны рост. Гэта ня можа ня ўсьцешваць”.

Карэспандэнт: “Вось Вы сказалі, што варта ўжо сыходзіць з бацькоўскай кватэры. А як Вашыя сваякі ставяцца жа заняткаў рок-музыкай? Традыцыйна бацькі ня вельмі ўхваляюць, калі дзеці займаюцца рок-музыкай. Джону Ленану маці нібыта казала, што гітарай на хлеб не заробіш”.

Маўзэр: “Мне казалі прыкладна такія самыя рэчы. Мой бацька жыве ў Маскве. Ён калі тэлефануе, заўсёды цікавіцца, колькі заплацілі за апошні канцэрт. Я яму спрабую давесьці, што не аднымі грошамі ўсё вымяраецца. Ёсьць яшчэ нейкая творчасьць і маральнае задавальненьне. Але ў нечым ён мае рацыю. Адсутнасьць у Беларусі шоў-бізнэсу і азначае, што музыкі ня могуць зарабляць з канцэртаў нармалёвыя грошы, бо ніхто іх не прадусуе. Творчасьць існуе, а шоў-бізнэсу не існуе. Тут ня ведаю чыя віна. Віна адсутнасьці бізнэсу ў Беларусі… але гэта зразумела, чыя віна. А віна музыкаў у тым, што яны не ствараюць такі прадукт, які прадаецца. Напэўна, ёсьць яшчэ невялікая віна беларусаў за тое, што яны ўспрымаюць усё беларускае як другараднае, нейкае такое ня вельмі якаснае. Гэта не заўсёды апраўдана, дарэчы. А бацькі… Раней мне тата казаў: “Не сьпявай, бо гэта не тваё.” Але ён, напэўна, яшчэ ня ведае, што я - лепшы выканаўца року ў Беларусі за апошні год”.

Карэспандэнт: “Апошняе пытаньне. Вам гэтая Карона дасьць нейкія дадатковыя магчымасьці: творчыя, фінансавыя, рэклямныя?”

Маўзэр: “Безумоўна. Карона – гэта прызнаньне людзей. Былі Кароны, дзе пераможцаў абірала журы, а ў гэтай намінацыі пераможцаў абіралі слухачы. Тут ужо памылкі быць ня можа, што мяне ўсьцешвае асабліва. Таму арганізатары канцэртаў павінныя ўлічваць, што слухачы любяць мяне, а значыць ім любяць мой гурт. Значыць нам павінныя плаціць болей, безумоўна”.
XS
SM
MD
LG