Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Навумаў: “Палячу туды, куды радзіма накіруе”


Алег Грузьдзіловіч, Менск На прэсавай канфэрэнцыі да 90-годзьдзя беларускай міліцыі міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў пракамэнтаваў зьвесткі пра тое, што яго могуць арыштаваць падчас замежнай камандзіроўкі.

Міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў адкідае магчымасьць таго, што яго могуць затрымаць у Нью-Ёрку.

“Мне ніхто такіх абвінавачаньняў не выстаўляў, і я мяркую, ня выставіць. А калі гэтак атрымаецца, то я веру, што справядлівасьць пераможа”, – заявіў Уладзімер Навумаў 1 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі адносна абвінавачаньняў у датычнасьці да зьнікненьня Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Паводле ранейшых зьвестак, Уладзімер Навумаў увайшоў у склад афіцыйнай дэлегацыі Беларусі на канфэрэнцыю ААН у праблемах гандлю людзьмі, якая мае прайсьці 4 сакавіка ў Нью-Ёрку. Міністар уваходзіць у сьпіс высокіх беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу. “У нядзелю я палячу туды, куды радзіма накіруе”, – сказаў Уладзімер Навумаў журналістам адносна сваіх плянаў на 4 сакавіка.
У.Навумаў: “Я гэтага сьпісу ня бачыў. Мне пра яго расказала жонка толькі сёньня раніцай”.
Таксама Ўладзімера Навумава папрасілі пракамэнтаваць апошняе рашэньне ўраду ЗША – увесьці фінансавыя санкцыі супраць яшчэ шасьці высокіх беларускіх чыноўнікаў: генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча, начальніка палка міліцыі спэцпрызначэньня Юр’я Падабеда, міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча, кіраўніка ўправы Мін’юсту Алега Сьліжэўскага і былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Сівакова.

“Я гэтага сьпісу ня бачыў. Мне пра яго расказала жонка толькі сёньня раніцай”, – адразу сказаў Уладзімер Навумаў, але потым выказаўся за больш жорсткія захады ў адказ:

“Мяркую, час ужо і Беларусі больш жорстка падыходзіць да гэтай сытуацыі – і гэтаксама абвяшчаць без прычыны, што той чалавек нам падабаецца, а гэты – не”.

На прэсавай канфэрэнцыі ў міністра Навумава папрасілі зьвесткі пра тое, колькі міліцыянтаў летась былі асуджаныя за крымінальныя злачынствы. Выявілася, што прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці каля 200 супрацоўнікаў міліцыі, зь іх асудзілі 150 чалавек.

Міністар папрасіў прабачэньня за дзеяньні былога міліцыянта Сяргейчыка, якога цяпер судзяць у Горадні паводле абвінавачаньня ў шэрагу забойстваў.

Гл. таксама: Як у Беларусі рэагуюць на новыя візавыя санкцыі з боку ЗША? Беларускія чыноўнікі пра санкцыі з боку ЗША
XS
SM
MD
LG