Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагодзьдзі: згубленае


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Алег Трусаў Эфір 1 сакавіка 2007 году

Слухаць:



22 кастрычніка 1939 году ў Вільню прыехалі начупыраныя, як пеўні, лятувіскія паліцыянты, і хто ўцалеў ад арыштаў, той застаўся ў жывых. НКВД перад сваім адыходам грабіла што можна было грабіць, ды вывозіла на ўсход...

28 кастрычніка лятувіская паліцыя поўнасьцю асадзіла места. Насіла яна сінія шынялі, чырвоныя адзнакі, з чырвонымі аколышкамі шапкі, ды гутарылі выключна пажамойцку. Дзеля іх пацешнага выгляду ды незразумелай мовы віленчукі дасьціпна празвалі іх “калакутасамі” – індыкамі. На другі дзень у Вільню ўвайшла брыгада лятувіскага войска, а за ім сьпяшаліся сотні “шаўлісаў”, каб заняць цёплыя пасады.

Жамойцкія збройныя аддзелы ўвайшлі ў Вільню як чужыя ў чужы горад. У месьце тады ня было й 2 адсоткаў лятувіскага жыхарства й яно гублялася ў славянскім моры. Дзеля гэтага й іхняга войска ніхто не сустракаў, ніхто ня вітаў.

Хутка пайшлі новыя парадкі. Старых жыхароў, Палякаў і Беларусаў, выкідалі з гарадзкой управы, чыгункі, прадпрыемстваў і ўстановаў, школьніцтва, адміністрацыі. Іх месца займалі малапісьменныя наезьнікі. Хутка яны павывешвалі свае шыльды, пазьмянялі назовы вуліцаў на свой лад. Зразу ўвялі жамойцкую мову ўва ўсе ўрады і ўстановы. Цяпер Вільня сталася нямой: усюды патрэбны быў перакладчык. Людзі наракалі, клялі, бунтаваліся, што ня могуць згаварыцца ў сваім родным месьце ў сваіх самых пільных жыцьцёвых справах.

Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні, Таронта, 1976 год


Вячаслаў Ракіцкі: “Сама Масква, аддаючы Вільню іншаму народу, прызнавала, што горад, як і яго навакольле, ня было літоўскім. Старшыня народных камісараў і камісар замежных справаў СССР Вячаслаў Молатаў, у сваёй прамове перад Вярхоўным Саветам СССР 31 кастрычніка 1939 году заявіў (цытую па газэце «Известия» ад 1 лістапада 1939 году ў перакладзе на беларускую мову):

“Савецкі Саюз пайшоў на перадачу места Вільні Літоўскай рэспубліцы не таму, што ў ім пераважае літоўскае насельніцтва. Не, у Вільні бальшыня жыхарства не літоўскае. Але савецкі ўрад лічыўся з гэтым, што места Вільня... павінна належыць Літве, як места, зь якім, з аднаго боку зьвязанае гістарычнае мінулае літоўскай дзяржавы, а з другога – нацыянальныя спадзяваньні літоўскага народу.”

Чаму насамрэч так здарылася? Чаму савецкія маскоўскія ўлады аддалі этнічна і гістарычна беларускую Вільню літоўцам?”

Алег Трусаў: “Аддалі таму, што ўжо не было каму бараніць Вільню і бараніць Беларусь. Ня трэба забываць, што перад гэтым адбыліся жахлівыя сталінскія рэпрэсіі. У 1937 годзе была расстраляная ўся беларуская эліта – ад камуністычнай да нацыяналістычнай. Дарэчы, перад тым, як аддаць Вільню літоўцам, “зачысьцілі” беларускую інтэлігенцыю і ў Вільні. Сярод іншых -- быў арыштаваны і Антон Луцкевіч. Вось і не было каму закінуць аўтарытэтнае слова за беларускую Вільню”.

Ракіцкі: “Вы адразу наракаеце на беларусаў, адкідваючы сапраўдныя пляны Масквы. Дык чаму ў палітычным пляне Масква на гэта ішла?”

Трусаў: “Ёй трэба было перадзяліць Эўропу. Паводле першай дамовы з Гітлерам, Літва ўваходзіла ў сфэру нямецкіх інтарэсаў. А Сталін хацеў далучыць і Літву.Таму ён перадаваў Віленшчыну Літве з умовай, што Літва дазволіць разьмяшчаць вайсковыя базы на сваёй тэрыторыі. Так і здарылася. Вось чаму ў літоўцаў і была папулярнай такая прымаўка: “Вільня – літоўская, а Літва – савецкая”.

Ракіцкі: “Якія яшчэ буйныя гарады, значныя культурныя цэнтры страцілі беларусы ў 20-м стагодзьдзі?”

Трусаў: “Смаленск і Беласток. Гэтыя гарады на ўсіх этнаграфічных мапах заўсёды пазначаліся як беларускія. Іх страта для беларусаў вельмі балючая” .

Ракіцкі: “Чым кіраваліся гэтыя сілы, а яны менавіта сілы, калі адбіраюць у народу цэлыя гарады?”

Трусаў: “Найперш, яны кіраваліся тым, што народу такога няма. Ня трэба забываць, што калі стваралася БССР, Мясьнікоў, Кнорын і іншыя заяўлялі, што беларускай нацыі няма, што гэта народнасьць зьяўляецца часткай расейскай нацыі. А БССР яны лічылі зьявай штучнай, буфэрам паміж савецкай Расеяй і імпэрыялізмам. Іншыя ж лічылі, калі беларуская эліта зьнішчаная, дык з гэтым народам можна рабіць што захочаш. Так Сталін падарыў Польшчы Беласточчыну ўжо пасьля таго, як яна была вызваленая ад фашыстаў”.

Ракіцкі: “Ці было б магчымым нешта падобнае ў дачыненьні да іншых народаў?” Трусаў: “А яно было. Так сталася і зь Нямеччынай. Калі расейскія войскі захапілі Прусію, горад Кёнігсбэрг стаў Калінінградам, і на Бэрлінскім вакзале зьявілася шыльда – “Цягнікі часова ня ходзяць”. Гэтаксама гара Арарат – галоўны сымбаль Армэніі – знаходзіцца на тэрыторыі Турэччыны. І такіх прыкладаў можна прывесьці безьліч”.

Ракіцкі: “Але вернемся да названага вамі ў якасьці згубы ў 20-м стагодзьдзі Смаленску. Найперш, я сказаў бы, што ён у гэтую пару быў адшуканы пасьля заваёвы расейцамі ў сярэдзіне 17-га стагодзьдзя. Дык як Смаленск вярнуўся ў Беларусь і ці доўга быў у яе складзе ў 20-м стагодзьдзі?”

Трусаў: “Смаленск вярнуўся ў Беларусь у 19-м стагодзьдзі дзякуючы намаганьням Карскага і іншых навукоўцаў. Асабліва вялікі ўнёсак у вяртаньне Смаленску на этнаграфічную мапу Беларусі зрабіў Адам Кіркор. У 1882 годзе ён выдаў трэці том «Живописной России», дзе была апісаная этнаграфічная Беларусь, і межы былі за Вязьмай. Дарэчы, ніхто з гэтым у Расеі не спрачаўся. А потым, калі немцы занялі большую частку Беларусі, Смаленск стаў цэнтрам Заходняй камуны. Была такая вобласьць у складзе Расеі пры раньніх бальшавіках. І таму, калі сталі абвяшчаць БССР, а Менск быў заняты немцамі, сталіцу зрабілі ў Смаленску. Ён і быў сталіцай Беларусі некалькі дзён – прыкладна з 30/31-га сьнежня 1918 году да 4/5 студзеня 1919 году”.

Ракіцкі: “А як яго адрэзалі ад Беларусі?”

Трусаў: “Разам адрэзалі і Магілёў, і Віцебск, і Гомель, і Смаленск. Паводле распараджэньняў Сьвярдлова і Леніна, вырашылі, што беларусам зашмат тэрыторыяў. Сьвярдлоў і Іофэ казалі, што калі беларусам пакінуць вялікую тэрыторыю, дык там могуць запанаваць нацыяналістычныя элемэнты, насамрэч яны паспрабуюць аддзяліцца ад братэрскай Расеі”.

Ракіцкі: “А зараз давайце перанясемся з усходу на захад Беларусі, да яшчэ аднаго яе культурнага цэнтру -- Беластоку. Якія яго беларускія прыгоды напаткалі ў 20-м стагодзьдзі?”

Трусаў: “Найперш Беласток адыграў вялікую ролю ў аб’яднаньні заходняй і ўсходняй частак БССР. Менавіта ў Беластоку сабраўся Народны сход, на якім дэлегаты прагаласавалі за далучэньне заходніх тэрыторыяў да СССР і БССР”.

Ракіцкі: “Сярод прычынаў страты беларусамі сваіх земляў і самых буйных культурных цэнтраў вы называлі найперш прычыны палітычныя, а таксама вонкавых ворагаў. Тут усё зразумела – Беларусь знаходзіцца паміж магутнымі дзяржавамі. А самі беларусы? Ці маглі ўсё ж абараніць свае гарады? Кожны з гэтых гарадоў можна назваць для краіны, паводле аналёгіі з чалавекам, сэрцам... Аддалі чужынцам і абставінам сваё сэрца?”

Трусаў: “Не такія ўжо беларусы бездапаможныя. У 1944 годзе разам зь Беластокам Сталін вырашыў адабраць у нас Полацак. І амаль усё было гатова, каб перадаць Полацак у склад Расеі. Але тут ужо беларускія партыйныя лідэры (дарэчы, партызаны) падбухторылі Панамарэнку выступіць супраць задумы Сталіна. Тут беларусы ўпершыню аб’ядналіся і не аддалі Полацак. Галоўным, між іншым, аргумэнтам у іх было тое, што тут жыў Скарына. І гэта Сталіна пераканала”.

Ракіцкі: “Але выглядае, што заўсёды ўсё важнае, аж да перадзелу іхных земляў, вырашалася па-за плячыма беларусаў, у высокіх кабінэтах...”

Трусаў: “У кабінэтах, так. Але часам здаралася, што і на вуліцах. Прыкладам можа служыць часовая страта Віцебску. Як толькі Віцебск увайшоў у склад БССР, гараджане гэтага гораду, пераважна не беларусы, пачалі бамбаваць лістамі Маскву, што яны ня хочуць жыць у нейкай там Беларусі”.

Ракіцкі: “А што было б, калі б Вільня, Беласток, Смаленск балі непарушна ў складзе Беларусі ўсё 20-е стагодзьдзе і аж да сёньняшняга дня?”

Трусаў: “Мы цяпер знаходзіліся б у Эўразьвязе, і мяжа была б там, дзе і павінна была быць гістарычна і этнаграфічна – за Смаленскам”.

Ракіцкі: “Вы бачыце тут толькі плюсы? А, можа, ёсьць і мінусы?”

Трусаў: “Ёсьць, натуральна, і некаторыя мінусы. Гэтыя б гарады, асабліва Вільня, пабываўшы ў БССР, канешне, страцілі б прынамсі на палову сваю культурную спадчыну. Я глыбока сумняваюся, што існавалі б славутыя храмы і касьцёлы. У Менску ж усё пазьнішчалі... А літоўцы, калі занялі Вільню, зрабілі ўсё, каб у Вільні не ўзарвалі ніводнага храма. Яны захавалі практычна ўсё, і за гэта ім вялікі дзякуй. Тое самае можна сказаць і пра Беласток. Гэта пытаньне, калі б Беласток заставаўся у БССР, ці захаваліся б яго архітэктурныя помнікі? Мы маглі б страціць вельмі шмат. А Смаленск – наадварот. Калі б ён застаўся ў Беларусі, можа больш чаго захаваў”.

Ракіцкі: “І апошняе пытаньне. З вашага гледзішча, якая ва ўсім гэтым ёсьць рэальная пэрспэктыва?”

Трусаў: “Цывілізаваная пэрспэктыва – далучыцца да Эўразьвязу. І тады ў Вільню і Беласток мы будзем езьдзіць бяз візаў. Я ня стаўлю пытаньня пра перадзелы межаў. У Эўропе гэта пытаньне даўно вырашанае. Самае галоўнае, каб мы ведалі сваю гісторыю, ведалі свае помнікі і маглі наведваць гэтыя гарады ў любы момант бяз візаў і перашкодаў”.
XS
SM
MD
LG