Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя беларускай апазыцыі правяла сустрэчу ў Кангрэсе ЗША


Валер Каліноўскі, Прага Дэлегацыя беларускай апазыцыі працягвае візыт у сталіцу ЗША. Учора лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, першы сакратар Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, жонка палітвязьня Ірына Казуліна і старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч правялі сустрэчы ў Кангрэсе і Нацыянальнай радзе бясьпекі ЗША.

У дэмакратаў, якія цяпер маюць большасьць у Кангрэсе ЗША, няма ніякіх разыходжаньняў з адміністрацыяй Джорджа Буша і Рэспубліканскай партыяй адносна палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, -- такую выснову зрабіў лідэр БНФ Вінцук Вячорка пасьля размовы ў Кангрэсе:

Вячорка: "Тут ёсьць кансэнсус. Адным з істотных пытаньняў пад час сустрэчы з новым кіраўніком Гэльсынскай камісіі Кангрэсу Элсі Гэстынсам як раз было гэтае пытаньне: ці што-небудзь памяняецца ў палітыцы Беларусі пры новай дэмакратычнай большасьці ў Кангрэсе. Спадар Гэстынс запэўніў нас, што абсалютна нічога ня будзе мяняцца. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі быў ініцыяваны, дарэчы, як рэспубліканцамі, гэтак і дэмакратычнымі дэпутатамі. Спадар Гэстынс высока ацэньвае гэты акт".

Спадар Гэстынс, які быў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі ў якасьці назіральніка, выказаў перакананьне, што з боку Расеі сёньня ідзе закручваньне гаек у дачыненьні да Беларусі, што не мае нічога супольнага з падштурхоўваньнем Беларусі да дэмакратычнага шляху разьвіцьця.

Адбылася таксама гутарка з былым амбасадарам ЗША ў Беларусі Майклам Козакам, які цяпер адказвае за пытаньні дэмакратыі, правоў чалавека і міжнародныя справы ў Нацыянальнай радзе бясьпекі.

Вячорка: “Амбасадар Козак гаварыў з намі пра сытуацыю ў Беларусі ў цэлым і ў дэмакратычных сілах. Бясспрэчна, што спадар Козак ня проста цікавіцца Беларусьсю, але робіць гэта з захапленьнем, ён любіць нашу краіну. Дарэчы, ён не здымаючы носіць бела-чырвона-белую бранзалетку”.

Спадар Вячорка у Вашынгтоне прапаноўвае распрацаваць і шырока абнародаваць пазытыўную праграму дапамогі Беларусі пры ўмове выкананьня дэмакратычных патрабаваньняў -- амэрыканскі аналяг вядомага дакумэнту Эўракамісіі. Анатоль Лябедзька прапанаваў ініцыяваць слуханьні ў Кангрэсе па Беларусі ў сувязі з новай замежнапалітычнай і эканамічнай сытуацыяй. Ірына Казуліна заклікае ЗША зноў і зноў уздымаць пытаньне вызваленьня палітычных вязьняў Беларусі.
XS
SM
MD
LG