Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магіляўчанка стала самай папулярнай кінаактрысай у Ізраілі


Радыё Свабода Акторка ізраільскага тэатру і кіно Яўгенія Додзіна, якая паходзіць з Магілёва, прызнаная ў Ізраілі самай папулярнай кінаактрысай году.

Фільм, у якім яна зьнялася, лічыцца адной з самых касавых ізраільскіх кінастужак і мае адразу некалькі назваў. На апошнім кінафэстывалі ў Маскве ён быў прадстаўлены як “Паўрасейская гісторыя”, у ізраільскім кінапракаце ідзе пад назвай “Каханьне і танец”, эмігранты з колішняга СССР паміж сабой завуць яго “Школай бальных танцаў” (па аналёгіі зь вядомым адэскім гітом пачатку мінулага стагоддзя “Это школа Соломона Бляра, школа бальных танцев, вам говорят…”).

Кінагераіню Яўгеніі Додзінай завуць Юляй. У мінулым яна была чэмпіёнкай СССР і сьвету ў бальных танцах, потым эмігравала ў Ізраіль, дзе жыве ў невялікім, пабудаваным сярод пусткі, гарадку. Увечары Юля працуе ў аптэцы, а днём – настаўніцай бальных танцаў. Яе ўрокі наведваюць пераважна дзеці савецкіх эмігрантаў. Мясцовыя ізраільцяне ставяцца варожа да гэтых заняткаў. Падлеткі абразьліва называюць танцораў “гомікамі” і “прастытуткамі”, а вернік-артадокс нават праклінае іх.

Крытыкі лічаць, што фільм атрымаўся “адначасна жорсткім і пяшчотным”, гледачы кажуць, што гэта найлепшы кінатвор пра эмігранцкае жыцьцё. Былы магілёвец Фэлікс Салавейчык зь Ерусаліму глядзеў кіно тройчы.

“Cпадабалася, гэта ня тое слова. Я плакаў і сьмяяўся”, – кажа ён і згадвае, што памятае актрысу яшчэ з Магілёва.

“Яна была такой маленькай дзяўчынкай з касой у Магілёве, а цяпер вы ведаеце, хто яна? Яна гордасьць Ізраілю”, –гаворыць Фэлікс Салавейчык і просіць перадаць гэта непасрэдна ў Магілёў.

Паводле самой 40-гадовай прымы ізраільскга тэатру і кіно, яе добрую вялікую касу памятаюць ня толькі ў родным беларускім горадзе, але і ў ГІТІСе – расейскім інстытуце тэатральнага мастацтва. У Маскву яна некалькі разоў прыяжджала паступаць, паміж уступнымі экзамэнамі працягвала вучыцца ў Магілёўскім машынабудаўнічым, аднак нарэшце ўсё ж была залічаная ў самую прэстыжную савецкую тэатральную ўстанову на курс Анатоля Эфраса. Пасьля вучобы Яўгенію Додзіну прынялі ў Маскоўскі тэатар імя Маякоўскага.

15 год таму яна разам зь некаторымі сваімі калегамі і рэжысэрам эмігравала ў ізраільскую сталіцу, дзе агульнымі намаганьнямі быў створаны расейскамоўны тэатар “Гешэр”.

Адрозна ад сваёй гераіні Юліі, акторка ня мае комплексу эмігранткі. Яна ўжо адчувае сябе ізраільцянкай.

“Так, так. Мне тут спакойна, тут мой дом. Усё ж мая дачка тут нарадзілася. У мяне няма недахопу творчых прапановаў. Адзінае, чаго не пасьпяваю, – бываць на моры, нават часам спакойна на яго паглядзець”, – гаворыць Яўгенія Додзіна.

Як сьведчыць акторка, далёка ня ўсім яе землякам так пашанцавала ў Ізраілі. Паводле яе, “многае ў першую чаргу залежыць ад чалавека, а, потым, як і ўсё ў жыцьці, ад удачы”.

Яўгенія Додзіна
XS
SM
MD
LG