Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэрспэктыва прыватызацыі “Белшыны” стала сюрпрызам для бабруйчан


Ігар Карней, Менск Афіцыйна пацьверджана: Беларусь гатовая распачаць кампанію прыватызацыі стратэгічных прамысловых аб’ектаў. Прэм’ер-міністар беларускага ўраду Сяргей Сідорскі пры гэтым удакладніў: дзяржава гатовая прадаць долю буйных прадпрыемстваў, але толькі за іх рэальны кошт. За прыклад узятае бабруйскае прадпрыемства “Белшына”. Паводле Сідорскага, безь мільярду даляраў да яго нікога нават не падпусьцяць.

Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі наўпрост акрэсьліў, пры якіх умовах інвэстар можа прэтэндаваць на долю ў статутным капітале беларускага прадпрыемства. “Калі хтосьці хоча купіць за капейкі – гэтага ня будзе”, – канстатаваў кіраўнік ураду. Ён удакладніў, што ў шэрагу першачарговых на продаж мяркуецца выставіць “Белшыну”. Аднак інвэстарам трэба быць гатовымі да таго, што завод абыдзецца ня меней за мільярд даляраў.

Як паказвае досьвед, пра пэрспэктыву прыватызацыі на бальшыні “абраных” прадпрыемстваў даведваюцца ці выпадкова, ці з навінаў Беларускага тэлебачаньня. Маё тэлефанаваньне ў дыспэтчарскую “Белшыны” было ўспрынятае са зьдзіўленьнем: “Ня ведаю, у нас такія чуткі не цыркулююць. Тым больш, прадпрыемства і так добра працуе, нармалёва. І, трэба сказаць, мы ўжо былі акцыянаваныя. Гэта цяпер мы ўжо не акцыянэрнае таварыства”.

Пры канцы 1990-х агучаны кошт “Белшыны” быў куды больш сьціплым – усяго 20 мільёнаў даляраў. Тады перадусім расейцы былі зацікаўленыя набыць беларускае прадпрыемства – на бабруйскіх шынах ходзяць грузавікі, аўтобусы, будаўніча-дарожная і сельгастэхніка, з канвэераў “ГАЗу” ў Ніжнім Ноўгарадзе, “КамАЗу” ў Набярэжных Чалнах, маскоўскай “Сельгастэхнікі”, піцерскага “Агратэхмашу”, “Дармашу” у Арле. Адзін час, расказваюць, у Бабруйск зачасьціў высокі лябіст, былы прэм’ер-міністар Расеі Яўген Прымакоў. Праўда, неўзабаве “Белшына” трапіла ў сьпіс стратэгічных прадпрыемстваў “не для продажу”, і інвэстыцыйны праект заўчасна згарнулі. А ўчора нават для кіраўніцтва “Белшыны” навіна пра магчымы прыход інвэстара стала “сюрпрызам”. Праўда, намесьнік генэральнага дырэктара ў кіраваньні пэрсаналам Аляксандар Казлоў кажа: у такіх выпадках меркаваньнем дырэктарату цікавяцца мала.

“Вельмі складана камэнтаваць гэтую заяву. Скажу шчыра, для мяне гэта стала ў пэўнай ступені сюрпрызам. Я пра такую магчымасьць нічога ня ведаю. Зь іншага боку, гэта дзяржаўнае прадпрыемства, і ўрад будзе прымаць адпаведнае рашэньне. А мы ўсе – дзяржаўныя служачыя, у першую чаргу”, – разважае Аляксандар Казлоў.

“Белшына” для Бабруйску – горадаўтваральнае прадпрыемства, ад стабільнасьці працы якога залежыць і дабрабыт бальшыні гараджанаў. Таму, як кажа былы дэпутат Бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір, пытаньне продажу заводу актуальнае для ўсіх жыхароў. Аднак нават недасьведчаных у эканамічных пытаньнях людзей зьдзіўляе сума, якую “просіць” за “Белшыну” урад – найменей 1 мільярд даляраў.

“Пытаньне такое: адкуль узялася такая сума? Хто ацэньваў прадпрыемства, які там быў праведзены аўдыт? Калі сума ўзятая, як кажуць, са “столі”, дык гэта проста несур’ёзна. На жаль, Лукашэнка і Сідорскі заяўляюць аб прыватызацыі, але яны ня кажуць аб мэханізьме гэтай прыватызацыі, як яна будзе адбывацца. А гэта яшчэ важней, чым сама прыватызацыя. Таму ў нашым выпадку ізноў вельмі важнае пытаньне: як прадпрыемства будзе прадавацца, каму і на якіх умовах. Як жыхар Бабруйску, я ня супраць, каб яго прадалі, але гэты продаж мусіць адбывацца праз адкрытыя аўкцыёны і ўсё павінна быць дастаткова празрыста”, – мяркуе Алесь Чыгір.

У сталіцы магчымы посьпех “бабруйскай зьдзелкі” ацэньваюць гэтаксама сьціпла. Вось што гаворыць эканаміст Сяргей Балыкін:

“Беларусь не настолькі прывабная краіна для інвэстыцыяў. Сьвет існаваў без Беларусі і гэтак жа добра будзе існаваць без Беларусі, без беларускіх прадпрыемстваў. Так што чакаць, што тут будзе стаяць нейкая чарга з інвэстараў – прынамсі, цяпер няма ніякіх падставаў. Справа ў тым, што мала проста прапанаваць сваю ўласнасьць на продаж; трэба яшчэ стварыць адпаведныя ўмовы дзеля прыбытковай дзейнасьці бізнэсу ў Беларусі. Пакуль жа такіх умоваў няма”.

Гл. таксама • Пляны прыватызацыі па-беларуску: усё будзе надзвычай дорага

• М.Бялых: “Разьдзяржаўленьне беларускай эканомікі – працэс непазьбежны”

• Ці зьбіраецца ўрад насамрэч прыватызаваць буйныя прадпрыемствы?
XS
SM
MD
LG