Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Залескі: перастаць баяцца падаткавых інспэктараў


Ігар Карней, Менск Беларусь мае адно з самых жорсткіх падаткавых заканадаўстваў. Ці ёсьць легальныя магчымасьці зьнізіць падаткі?

“Трэба падыходзіць да гэтага, можа, не па-савецку, а па-амэрыканску”

Эканаміст Міхал Залескі перакананы: падатковы цяжар будзе не такі адчувальны, калі ведаць элемэнтарныя правы асобы – як фізычнай, так і юрыдычнай.

“Я б назваў гэтую сыстэму хутчэй ня жорсткай, а вельмі грувасткай. Што тычыцца ільготаў. Яны зьвязаныя і з будоўляй жытла, і з навучаньнем дзяцей у ВНУ за грошы (калі тыя вучацца першы раз). І зь некаторымі сямейнымі абставінамі – льготамі аўганскімі, чарнобыльскімі. Проста трэба падыходзіць да гэтага, можа, не па-савецку, а па-амэрыканску – ведаць свае правы, вывучаць іх.

А так атрымліваецца што? Паводле перапісу насельніцтва, у Беларусі працуюць на двух работах 30% людзей, паўтара мільёны чалавек. А падатковыя дэклярацыі кожны год здае 160 тысячаў. Таму што частка людзей проста ня ходзіць у інспэкцыі, дый сама сыстэма проста ня ў стане іх “перапрацаваць”, калі можна ў дачыненьні да людзей такое сказаць. Магчыма, трэба ўзяць прыклад з амэрыканцаў, якія такога масавага “чосу” ня робяць”, але правяраюць вельмі дасканала невялікую частку людзей. І там баяцца падатковых органаў больш за ЦРУ і ФБР, якіх чамусьці баяцца тут”.

Куды зьніклі беларускія валютныя мільянэры?

Як удакладняе спадар Залескі, насамрэч наведваньне падатковай інспэкцыі напружвае тых людзей, якія за справаздачны пэрыяд зарабляюць звыш 30 мільёнаў рублёў. Менавіта яны мусяць плаціць максымальную стаўку падаходнага падатку ў памеры 30%. Тры гады была агалошаная нават адпаведная статыстыка. Згодна зь ёй, у Беларусі ёсьць мільянэры, якія дэкляруюць свае прыбыткі ў замежнай валюце. Праўда, у наступныя справаздачныя пэрыяды мільянэры кудысьці зьніклі. Куды – тлумачыць бізнэсовец, гаспадар гандлёвай маркі “Серж” Сяргей Атрошчанка.

“Мільянэры? Яны ёсьць. Але каб задэкляравалі 200 чалавек легальна, то я проста сумняюся. Таму што афіцыйна задэкляраваць, груба кажучы, мільён даляраў, дык гэта 300 тысяч даляраў трэба заплаціць падатку. Прычым, гаворка ішла пра прыватныя прыбыткі, у чым я асабіста сумняюся. Гэта нават не прыбыткі фірмаў, а прыбыткі, задэкляраваныя ў прыватным парадку. Магчыма, гэта быў піяр, каб людзі не баяліся дэкляраваць вялікія сумы”.

Некаторыя шукаюць варыянты легалізацыі сваіх прыбыткаў за мяжой

У пачатку 1990-х Саюз прадпрымальнікаў Беларусі ствараўся, каб стаяць на варце інтарэсаў дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, бізнэсоўцаў. Аднак кіраўнік арганізацыі Аляксандар Патупа канстатуе: зьменлівае падатковае заканадаўства змушае дзелавых людзей шукаць варыянты легалізацыі сваіх прыбыткаў за мяжой.

“Вельмі шмат буйных бізнэсоўцаў маюць актыўныя грошы ў замежжы і вядуць свае справы ў Цэнтральнай ці Заходняй Эўропе, у Расеі, ва Ўкраіне. Бо ў нас вельмі невялікія гарантыі для таго, каб весьці бізнэс. Ну, і да таго ж, як мы маем вельмі нестабільныя адносіны ў сфэры маёмасьці, то многія кіруюцца лёгікай: сёньня ў мяне штосьці ёсьць, а праз тыдзень нічога ня будзе”.

Амаль з паўмільёну фізычных асобаў, зарэгістраваных у падатковых органах. Дэклярацыі аб сукупным гадавым прыбытку штогод прадстаўляюць блізу 160 тысяч грамадзянаў. Пры гэтым болей за 75 тысяч дэклярацый падаецца ад імя індывідуальных прадпрымальнікаў.

“Яны абслугоўваюць нас, а ня мы іх”

Эканаміст Міхал Залескі заклікае, перадусім, уважліва чытаць дакумэнты падаткавага ведамства, якія маюцца як у саміх інспэкцыях, такі на сайце Міністэрства ў падатках і зборах www.nalog.by. Там досыць падрабязна напісана, колькі чалавек мусіць адлічаць у дзяржаўны бюджэт ад канкрэтнага віда дзейнасьці.

Апроч таго, трэба перастаць баяцца падаткавых інспэктараў, бо паводле эканаміста, гэта “яны абслугоўваюць нас, а ня мы іх”. Нарэшце, у выпадку непаразуменьняў з падатковымі органамі застаецца магчымасьць высьвятліць, хто мае рацыю, праз суд. Таварыства абароны правоў спажыўцоў, куды, бывае, накіроўваюцца пакрыўджаныя падаткаплацельцы, праблемамі аплаты падаткаў не займаецца.



Паводле 10 крытэраў, сярод якіх – працягласьць рэгістрацыі бізнэсу, падатковы цяжар, умовы зьнешнеэканамічнай дзейнасьці, Беларусь у мінулым годзе знаходзілася ў дваццатцы горшых краінаў сьвету, сярод якіх– Балівія, Вэнэсуэла, Кітай, Алжыр, Украіна. Пры гэтым, Беларусь мае самую заблытаную падатковую сыстэму ў сьвеце.

Падатковы цяжар:

Беларусь –186% падатку з прыбытку Гамбія – 291% падатку з прыбытку

Колькасьць падатковых плацяжоў на год:

Беларусь – 125 Узбэкістан – 130

Крыніца: Усясьветны банк і “Price-waterhouse-Coopers” – даклад аб умовах падаткаабкладаньня бізнэсу, 2006.



Гл. таксама: Як праходзіў апошні дзень падачы дэклярацыяў аб гадавым даходзе?
XS
SM
MD
LG