Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзіў апошні дзень падачы дэклярацыяў аб гадавым даходзе?


Альгерд Невяроўскі, Менск У Беларусі 28 лютага – апошні дзень падачы дэклярацыяў аб сукупным гадавым даходзе. Дэклярацыі ад падаткавых рэзыдэнтаў Беларусі прымаліся цягам двух месяцаў, пачынаючы зь 1 студзеня. Сёньня наш карэспандэнт наведаў падаткавую інспэкцыю Савецкага раёну.

Інспэкцыя па падатках і зборах Савецкага раёну лічыцца адной з самых неўладкаваных у Менску. Месьціцца яна на першым паверсе аднаго з старых дамоў па вуліцы Якуба Коласа. Я прыйшоў туды ў сярэдзіне сёньняшняга дня.

Каля дзьвюх дзьвярэй, за якімі вядуць прыём каля дзесятка інспэктараў, сабралася каля 30 чалавек. Некаторыя людзі запаўняюць дэклярацыі непасрэдна за сталамі ў калідоры, некаторыя прынесьлі ўжо запоўненыя блянкі. Я запытаўся, ці доўга яны стаяць у чарзе, якія праблемы з падачай дэклярацыяў і чаму прыйшлі ў інспэкцыю ў самы апошні дзень?

Карэспандэнт: “Скажыце, як доўга прыходзіцца ў чэргах сядзець, якія ёсьць праблемы?”

Дзяўчына: “Я ня ведаю, толькі што прыйшла”.

Спадарыня: “Ніякіх праблемаў няма”.

Карэспандэнт: “Колькі трэба стаяць у чарзе?”

Жанчына: “Прыкладна паўгадзіны”.

Карэспандэнт: “А чаму вы вырашылі здаваць у апошні дзень? Было ж два месяцы?”

Спадарыня: “Калі быў вольны час, тады і прыйшлі”.

У апошнія дні лютага прыкладна такія ж чэргі людзей былі і ў іншых падаткавых інспэкцыях Менску. Гаворыць намесьніца начальніка ўпраўленьня кантролю за падаткаабкладаньнем фізычных асобаў інспэкцыі Савецкага раёну Сьвятлана Касюк:

“Чэргі – гэта панятак умоўны. Калі два чалавекі стаіць у калідоры гэта чарга? Гэта таксама чарга. Ад чэргаў мы на сёньня не пазбавімся, бо многія нашыя грамадзяне чамусьці вырашылі прыйсьці менавіта ў апошнія дні дэкляраваньня. Але, гледзячы на нашыя чэргі, я б не сказала, што ў нас фатальная сытуацыя. У нас на калідоры не такія вялікія чэргі. І ўсе грамадзяне, што прыйдуць сёньня, будуць абслужаныя, прынятыя ў іх дэклярацыі”.

Зь 1 студзеня па 1 сакавіка ўключна інспэкцыі працуюць ад 8 раніцы да 8 вечара. Людзям неабавязкова прыходзіць непасрэдна ў інспэкцыю. Паводле пастановы Міністэрства па падатках і зборах, рэзыдэнты могуць выслаць сваю дэклярацыю поштай, альбо накіраваць праз сваю давераную асобу.

Грамадзянін Беларусі абавязаны падаць дэклярацыю, калі ён зьяўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, калі меў за год болей за 1 крыніцу прыбытку, калі атрымліваў прыбытак з-за мяжы, калі набываў нерухомасьць альбо машыну.

Сьвятлана Касюк адзначае, што сёлета людзей, што падаюць дэклярацыі, стала значна больш. Гэта зьвязана зь вяртаньнем вылічэньняў за атрыманыя крэдыты на вучобу ці будаўніцтва. Тым, хто не пасьпеў здаць гадавую дэклярацыю да 1 сакавіка, пагражае штраф.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG