Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 28 лютага


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.byгаворка ідзе пра санкцыі ЗША ў дачыненьні шасьцёх беларускіх чыноўнікаў. Генпракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў, міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, камандзір палка спэцназу міліцыі Юры Падабед, былы кіраўнік Міністэрства ўнутраных спарваў Юры Сівакоў і кіраўнік дэпартамэнту грамадзкіх арганізацыяў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі ня маюць права прыяжджаць у ЗША. Любыя актывы гэтых людзей у Штатах замарожваюцца, амэрыканцы ня могуць мець зь імі ніякіх дзелавых кантактаў. Вось як удзельнікі форумаў камэнтуюць навіну:

“Добра… але мала”.

“Во як… Страшна ім усім стала… яўна Сівакоў з кампаніяй прачыналіся сёньня ноччу ў халодным пату й нэрвова запальвалі цыгарэту з думкай пра тое, што ім забаранілі ехаць у Штаты. Але ў прынцыпе ўсё як заўсёды. Калі Мілошавіча зрабілі ворагам, дык адразу ж далучылі парачку драбнейшых кіраўнікоў. З Садамам тая ж лухта. Ну а чым тата горшы?”

“Адказ павінен быць люстэркавым – неабходна замарозіць усе ўклады ў беларускіх банках, накласьці арышт на ўсю маёмасьць на тэрыторыі РБ, а таксама забароніць беларускім чыноўнікам мець дзелавыя кантакты з Бушам, Кандалізай, Маккейнам і яшчэ парай дзясяткаў амэрыканскіх “сяброў” Беларусі”.

“А яшчэ перастаць піць кола-колу, хадзіць у "макдональдсы", езьдзіць на амэрыканскіх машынах, не глядзець іхныя фільмы, зьнесьці “Windows” як варожую апэрацыйную сыстэму й працаваць на сваіх супэркампутарах”.

Блогер Яўген Ліпковіч піша: “Урад упершыню зацьвердзіў газавы балянс на пятнаццатым годзе працы. У газавым балянсе, натуральна, як толькі ён быў зацьверджаны, зьявіўся радок “дэфіцыт газу”. 4 мільярды кубамэтраў сёлета, 8 мільярдаў, калі я правільна памятаю, у 2008 годзе й гэтак далей у рост, да 40 мільярдаў. Радок зьявіўся, а што далей, дзецюкі? Не дае адказу птушка-тройка… Карацей, газавыя войны працягнуцца і ў наступным годзе”.

Аляксандар Брэчэк у сваім пэрсанальным блогу на сайце www.telegraf.by разважае пра погляды расейскіх палітолягаў на палітыку Польшчы ва Ўсходняй Эўропе і цытуе артыкул “Польскі комплекс” Расеі й тэрыторыя УЛБ” усясьветна вядомага інтэлектуала Ежы Гедройца й публіцыста Юліюша Мерашэўскага, напісаны ў 1974 годзе: “Ва Ўсходняй Эўропе – калі на гэтых землях некалі запануе ня толькі мір, але й свабода – няма месца ніякаму імпэрыялізму: ні расейскаму, ні польскаму… Калі тэрыторыю, якая ўключае ў сябе Ўкраіну, Літву й Беларусь азначыць для спрашчэньня літарамі УЛБ, дык варта прызнаць, што ў мінулым – а ў нейкай ступені й сёньня – тэрыторыя УЛБ была нечым большым за “яблык разладу” паміж Польшчай і Расеяй… Я ня веру ў сыстэму “мы альбо яны”. Я таксама лічу, што сыстэма, пра якую ідзе гаворка, хоць яна й глыбока ўкаранёная гістарычна, сёньня ўяўляе сабой анахранізм, барбарскі анахранізм. Украінцы, літоўцы і беларусы ў дваццатым стагодзьдзі ўжо ня могуць быць пешкамі ў гістарычнай польска-расейскай гульне…”

Сайт Беларуская жабасочыць за разьвіцьцём новага інтэрнэт-рэсурсу Лукашэнка2008 Там зьявіўся каляж “Аляксандар Менскі”. Аляксандар Лукашэнка ва ўбраньні рыцара ды ў шлеме з крыламі. “У нашых паплечнікаў па агітацыйнай прадукцыі зробленая даволі грубая прамашка, – адзначае рэдакцыя “Беларускай жабы”. – Па-першае, шлем несучасны, а агітацыя павінна весьці ў будучыню, а па-другое, у ім нязручна гуляць у хакей”.

А на форумах парталу Studenty.by у апошнія дні календарнай зімы зьяўляюцца такія вершы:

Я чакаю што хутка прыйдзе вясна І дзяўчаты аголяць зноў ногі І як гэта бывае вясною здаўна У АЛЕНЯЎ пачнуць расьці рогі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG