Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкі летняга часу


Юры Дракахруст, Прага Менш чым празь месяц, 26 сакавіка, у Беларусі і іншых эўрапэйскіх краінах адбудзецца пераход на летні час: у 2 гадзіны начы, час будзе пераведзены на гадзіну наперад. У Злучаных Штатах і Канадзе пераход адбудзецца раней, 11 сакавіка.

Хто першым зразумеў, што “час – гэта грошы”?

Сэнс пераводу гадзінікаў надзвычай просты – максымальна сумясьціць працоўны час са сьветлым часам сутак. Адным зь першых ідэю пераводу гадзінікаў для эканоміі энэргіі выказаў знакаміты амэрыканскі навуковец і дзяржаўны дзяяч Бэнджамін Франклін яшчэ ў 18 стагодьдзі. І хаця ў рэшце рэшт Франклін патрапіў нават на купюру ў 100 даляраў, тады да ягонай прапановы не прыслухаліся.

Упершыню ў сьвеце пераход на летні час адбыўся ў Вялікай Брытаніі ў 1908 годзе. Злучаныя Штаты пачалі пераводзіць гадзіньнікі ў 1917 годзе, падчас Першай Усясьветнай вайны. Матыў эканоміі энэргіі, патрэбнай для вайны, і быў тады галоўным у рашэньні амэрыканскага ўраду.

У Расеі першы раз пераход на летні час адбыўся ў ліпені 1917 году. У СССР адпаведны пераход праводзіўся да 1930 году, потым ён быў скасаваны і адноўлены толькі праз паўстагодьдзя – у 1981 годзе. З таго часу і дагэтуль ён дзейнічае і ў Беларусі.

Сёньня рана, заўтра будзе позна

Краіны Эўразьвязу, а таксама Беларусь, Расея і іншыя краіны СНД пераводзяць гадзіньнікі на гадзіну наперад у апошнюю нядзелю сакавіка і на гадзіну назад – у апошнюю нядзелю лістапада. У Злучаных Штатах і Канадзе апошнія 30 гадоў тэрміны былі іншыя: на гадзіну наперад гадзіньнікі пераводзілі ў першую нядзелю красавіка, а назад – у першую нядзелю кастрычніка.

Сёлета тэрміны мяняюцца – “летні час” у ЗША наступіць 11 сакавіка, раней, чым у Эўропе. Прыхільнікі гэтай меры спасылаюца на падлікі, якія тычыцца 1974 году, калі Амэрыка пераходзіла на “летні час” у сакавіку і, паводле падлікаў міністэрства энэргетыкі, краіна тады зэканоміла за сакавік-красавік 1% энэргэтычных рэсурсаў. Сёлета напрыканцы году міністэрства энэргетыкі ЗША падасьць ва ўрад справаздачу, наколькі эфэктыўным будзе сёлетні раньні пераход на “летні час”.

Існуюць і часавыя “сэпаратысты”

Чым бліжэй краіна разьмешчана на палюсоў зямной кулі, тым болей сэнсу мае зьмена часу, бо працягласьць сьветлага часу сутак істотна адрозьніваецца ў залежнасьці ад пары году. Уласна на палюсах зімой пануе палярная ноч, летам – палярны дзень. У той жа час краіны, якія разьмешчаныя каля экватара, час не пераводзяць, бо там гэта ня мае сэнсу.

Варта адзначыць, што ў некаторых краінах у асобных рэгіёнах дзейнічаюць розныя парадкі пераводу часу. Скажам, у канадыйскай правінцыі Антарыё мясцовыя ўлады, ідучы насустрач патрабаваньням жыхароў, адмовіліся ад пераводу гадзіньнікаў. Таксама не пераходзяць на “летні час” амэрыканскія штаты Арызона і Гаваі. Арызона месьціцца на поўдні ЗША, а Гаваі наагул каля экватару, таму ў гэтых рэгіёнах перавод гадзінікаў не дае вялікай эканоміі энэргіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG