Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі рэагуюць на новыя візавыя санкцыі з боку ЗША?


Уладзімер Глод, Менск Злучаныя Штаты дадалі да сьпісу беларускіх чыноўнікаў, адказных за фальшаваньне леташніх прэзыдэнцкіх выбараў і разгон акцыяў апазыцыі, яшчэ шэсьць асобаў.

Да сьпісу невыязных былі далучаныя: генэральны пракурор Пётар Міклашэвіч, начальнік палка міліцыі спэцпрызначэньня Юры Падабед, міністры адукацыі і інфармацыі, адпаведна, Аляксандар Радзькоў і Ўладзімер Русакевіч, былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў і начальнік управы грамадзкіх аб''яднаньняў міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі.

Адпаведнае распараджэньне разьмешчанае на афіцыйным сайце міністэрства фінансаў ЗША. Паводле яго, вырашана замарозіць усе актывы, што знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША, згаданых грамадзянаў Беларусі. Таксама ўведзеная забарона грамадзянам ЗША мець бізнэс-дачыненьні з гэтымі асобамі.

Намесьнік старшыні камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі лічыць, што ва ўвядзеньні новых санкцыяў дзьве прычыны: "Першая -- гэта прапагандысцкі трук, разьлічаны на даволі складаную і неадназначную палітычную сытуацыю ўнутры ЗША. І другая -- гэта ўзьдзеяньне на сваіх партнэраў у Эўропе, каб яны актывізавалі ціск і прэсінг на Беларусь".

Вядома, што ў гэтыя дні ў ЗША знаходзіцца дэлегацыя апазыцыйных палітыкаў Беларусі. Ці мог іх візыт за акіян стымуляваць новыя санкцыі з боку ЗША?

Сябра Палітычнай рады Аб''яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі такой сувязі ня бачыць:

"Я думаю, што гэта супадзеньне, бо такія рашэньні звычайна рыхтуюцца доўга. Гэта займае пэўны час. І таму проста немагчыма -- узяць і прыняць рашэньне толькі таму, што прыехаў нейкі госьць.

Наколькі гэтыя санкцыі эфэктыўныя? Гэта можна абмяркоўваць. Не заўсёды гэта дае эфэкт. Прыкладам, шмат хто з тых, хто значыцца ў такіх сьпісах, пабывалі ў краінах, куды ім забаронена ўяжджаць. Хаця, я думаю, усё ж пэўны эфэкт гэта дае, таму што ёсьць людзі, якія туды яшчэ ня трапілі. І яны могуць падумаць, што ў цывілізаваны сьвет ім дарога будзе закрытая".

Зьвязацца з асобамі, якія непасрэдна трапілі пад новыя санкцыі, не ўдалося -- яны альбо “моцна занятыя” (паводле памочнікаў і сакратарак), альбо не адказваюць на тэлефанаваньні.

У заяве міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў адзначаецца, што беларускія чыноўнікі, якія патрапілі пад санкцыі, "адыгрываюць важную ролю ў дэспатычным рэжыме Аляксандра Лукашэнкі". "Некаторыя зь іх удзельнічалі ў жорсткім перасьледзе грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі ў сакавіку 2006 году падчас правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі з парушэньнямі міжнароднага выбарчага заканадаўства" -- гаворыцца ў дакумэнце.

Такім чынам, колькасьць чыноўнікаў якія патрапілі пад санкцыі ЗША, вырасла да 16-ці – 19 чэрвеня 2006 году прэзыдэнт Джордж Буш падпісаў указ аб фінансавых санкцыях адносна 10-ці асобаў. Тады ў сьпіс увайшлі:

кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, памочнік прэзыдэнта Віктар Лукашэнка, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Віктар Шэйман , намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, старшыня Дзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, камандзір спэцбрыгады ўнутраных войскаў Дзьмітры Паўлічэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG