Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня зьдзіўлюся, калі Мілінкевіч, Грыб і Калякін атрымаюць міністэрскія пасады...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 28 лютага 2007 году.

Ці магчымы ў Беларусі ў цяперашніх умовах, калі вонкавая палітыка Менску перажывае крызыс і на заходнім, і на ўсходнім кірунках, дыялёг улады і апазыцыі? Адказ на гэта пытаньне спрабуюць даць у сваіх лістах на Свабоду многія слухачы Свабоды.

Вось якія меркаваньні на гэты конт выказаў Сяргей Белакапытаў зь Нясьвіжа. Слухач піша:

“Цяпер у Беларусі такі момант, што апазыцыя і ўлада павінны аб’яднацца, каб разам супрацьстаяць імпэрскім памкненьням Масквы. Мэта ва ўсіх адна – абарона беларускай незалежнасьці. І я не разумею, навошта цяпер працягваць канфрантацыю, наладжваць нейкія масавыя акцыі пратэсту. Супраць чаго пратэставаць? Пад лёзунгам “Абаронім суверэнную Беларусь”? Дык улада падтрымлівае гэты лёзунг абедзьвюма рукамі – колькі разоў гэта ўжо было паказана. Апазыцыя магла б скарыстаць гэты момант і працягнуць уладзе руку дзеля супрацоўніцтва. І я ня зьдзівіўся б, калі б Мілінкевіч, Грыб, Калякін ды іншыя памяркоўныя лідэры апазыцыі атрымалі б міністэрскія пасады, а апазыцыя падчас наступных парляманцкіх выбараў сфармавала б уласную невялікую фракцыю ў Палаце прадстаўнікоў. Але ж дзеля гэтага трэба нешта рабіць – напрыклад, без лаянкі і гвалту прапанаваць уладзе правесьці “круглы стол”, абмеркаваць, як разам шукаць выйсьце з крызысу”,--

·

напісаў у сваім лісьце на Свабоду Сяргей Белакапытаў зь Нясьвіжа.

Многія ў сёньняшняй беларускай апазыцыі падзяляюць Ваш, спадар Белакапытаў, пункт гледжаньня на гэтыя праблемы. Больш за тое, рука ўладзе працягнута: 6-га лютага Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да прэзыдэнта Лукашэнкі з адкрытым лістом, у якім шмат сказана і пра неабходнасьць дыялёгу ўлады і апазыцыі, і пра магчымасьць пераадоленьня расколу ў беларускім грамадстве, і пра наладжваньне стасункаў з Захадам. Каб распачаць такі дыялёг, ад улады патрабуюцца ня надта вялікія намаганьні – для пачатку яна павінна хаця б вызваліць усіх палітычных вязьняў. Аляксандар Мілінкевіч у сваім лісьце таксама выказвае думку, што адпраўным пунктам для дэманстрацыі пачатку адзінства беларусаў магло б стаць супольнае сьвяткаваньне Дня Волі 25-га сакавіка. Сумнеўна, што ў гэты дзень Аляксандра Лукашэнку можна будзе ўбачыць у калёне маніфэстантаў. Але нават калі ўлада адмовіцца ў гэты дзень ад гвалту і дазволіць апазыцыі спакойна, без зьбіцьця і арыштаў, адзначыць Дзень Волі – гэта ўжо будзе зь яе боку нейкім знакам.

Наш даўні сябар Васіль Валошка з пасёлка Радашковічы Маладэчанскага раёну ў сваім новым лісьце на Свабоду разважае пра палітычную будучыню расейскага прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна. Слухач піша:

“Пуцін у сваіх палітычных дзеяньнях увесь час ідзе па сьлядах Лукашэнкі. А паколькі Лукашэнка яго пастаянна апярэджвае, дык гэта злуе прэзыдэнта вялікай краіны. Напэўна, адсюль такая нянавісьць да свайго “малодшага брата”, якую ўжо бачна няўзброеным вокам. Але Пуцін у мінулым – палкоўнік КГБ, а не дырэктар саўгаса, і ў яго дзеяньнях болей хітрасьці і меней нахабства”.

Далей у сваім лісьце Васіль Валошка выказвае ўласны пункт гледжаньня наконт таго, ці рыхтуе сабе Пуцін пераемнікаў у асобах першых віцэ-прэм’ераў Іванова і Мядзьведзева. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Насамрэч гэта не пераемнікі, і нават не прыкрыцьцё, а антыпераемнікі. Пуцін выбраў, як усім здаецца, найлепшых палітыкаў са свайго атачэньня і толькі робіць выгляд, што рыхтуе іх для будучай пасады. А ў сапраўднасьці ён усімі спосабамі выстаўляе іх на паказ расейцам, а расейцы бачаць, наколькі абодва яны горшыя за Пуціна. Адзін гаворыць ледзь не па складах, а ў ягоным ведамстве – бардак. Другі – зусім невыразны, чытае па паперцы і ня мае ўласнага меркаваньня. Ды і па целаскладу непрыкметны, нават на тле цяперашняга прэзыдэнта, таксама зусім не грэнадзёра... Расейскім грамадзянам нібы падказваюць: “Вы ж бачыце, наколькі яны горшыя за Пуціна і што Вас можа чакаць наперадзе, калі ня прымусіце цяперашняга прэзыдэнта пайсьці на трэці тэрмін”. А потым будзе яшчэ болей галасоў розных кадыравых ды калесьнікавых, якія прагнуць працягу прэзыдэнцтва Пуціна. І народу не застанецца нічога іншага, як закрычаць “Люба!” Ну, а калі Захад будзе супраць, дык на гэта ёсьць Суркоў: ён-то прыдумае, як называецца такая дэмакратыя. Ды Захад і ня будзе супраць да тае пары, пакуль не вынайдзена альтэрнатыва расейскім газу і нафце”,--

-- гэтак лічыць Васіль Валошка з пасёлка Радашковічы Маладэчанскага раёну.

Нечаканая вэрсія, спадар Валошка. Хоць надта верагоднай яна і не выглядае. Згадайма, колькі разоў прэзыдэнт Пуцін за апошнія месяцы абвяргаў намеры застацца на трэці тэрмін, якія яму ўпарта прыпісвалі і прыпісваюць. І калі б такія намеры сапраўды існавалі, то куды больш лагічна было б зноў жа пераняць беларускі досьвед і загадзя паклапаціцца пра перагляд Канстытуцыі, альбо выкарыстаць для гэтага так званую “саюзную дзяржаву” – недахопу ў падобных сцэнарах на працягу апошніх гадоў не было. Але пакуль што заявы Пуціна ў гэтай справе не разыходзяцца зь ягонымі дзеяньнямі. Да таго ж трэба мець на ўвазе: чым бліжэй прэзыдэнцкія выбары ў Расеі, тым складаней шукаць і знаходзіць падобныя абыходныя шляхі.

Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” – агляд лістоў на Свабоду. З вамі Валянцін Жданко.

У мінулым аглядзе пошты прагучаў ліст Алеся Васілеўскага зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну, які разважаў пра цяперашні стан беларускай мовы. Ён, у прыватнасьці, выказаў думку, што трэба зьмірыцца з існаваньнем “трасянкі” і разглядаць яе як прыступку ў эвалюцыі беларускай мовы. На гэты ліст адклікнуўся Кастусь Сырэль з Ушачаў. У сваім электронным лісьце ён піша:

“Мовы, таксама як людзі і дзяржавы, нараджаюцца, сталеюць, старэюць і паміраюць -- гэта натуральны працэс. Калі б хто колькі тысяч гадоў таму сказаў выхаванаму ў патрыятычным духу грамадзяніну Рымскай імперыі, што даволі хутка ягоная дзяржава перастане існаваць, то... я нават не магу ўявіць, што мы пачулі б у адказ. А дзе цяпер магутны Карфаген, старажытны Шумер, дзяржавы інкаў, майя, дзе, нарэшце, Савецкі Саюз? І колькі за аглядны гістарычны перыяд зьнікла моваў, хто палічыць? Як ні шкада, але існуе даволі вялікая верагоднасьць, што і беларускую мову напаткае такі ж лёс, прычым, даволі хутка. Магчыма, што яе заменіць нейкі варыянт "трасянкі". Але што такое сёньня, напрыклад, амэрыканскі варыянт ангельскай мовы? З пункту гледжаньня кансэрватыўнага жыхара Аб''яднанага Каралеўства гэта, бадай, і ёсьць трасянка, ды яшчэ якая! Я вельмі люблю беларускую мову і даволі часта карыстаюся ёй, але няхай хто-небудзь растлумачыць, як мне сёньня размаўляць ці пісаць па-беларуску на прафесійную тэму? (Я - прафэсійны "электроншчык"). Я, напрыклад, ніколі ня бачыў на беларускай мове падручнікаў па вышэйшай матэматыцы, сапрамату, інфарматызацыі. А вы бачылі калі небудзь інструкцыю па карыстаньню да беларускіх тэлевізараў і радыёапаратуры на беларускай мове? Я не сустракаў, хаця адрамантаваў іх тысячы, ад "Нёмана" да сучасных "Гарызонтаў". А ў каго мабільны тэлефон мае беларускамоўнае меню? А ці існуе ў нашай краіне праектная дакумэнтацыя на беларускай мове?– піша ў сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Ушачаў.– Але давайце апусьцімся з радыёэфіру і завоблачных эмпірэяў на грэшную зямельку і наведаем, напрыклад, нашыя могілкі, хоць вясковыя, хоць гарадскія. Многа вы там бачылі надпісаў на магільных камянях па-беларуску? Я – адзін за ўсё жыцьцё (а мне даволі хутка на пэнсію!). На Ўшацкіх могілках недалёка ад магілы маёй маці пахавана маці Рыгора Барадуліна, вось там і прачытаў эпітафію па-беларуску. Карацей кажучы, на беларускай моўнай мапе суцэльныя белыя плямы. Асноўны носьбіт беларускай мовы – вясковы жыхар - проста вымірае. Дзяржава і яе СМІ хутчэй замінаюць, чым дапамагаюць адраджэньню і разьвіцьцю мовы. Кіраўнік дзяржавы амаль не валодае нацыянальнай мовай, даючы гэтым прыклад усёй чыноўніцкай браціі. Настаўнікі беларускай мовы размаўляюць на ёй выключна на ўроках, толькі за парог кляса - пераходзяць на "рюскій язык", паказваючы гэтым на штучнасьць (я б сказаў нават па-расейску "лубочность") беларускай мовы, яе неабавязковасьць. Вось я і сумняюся, што ў такіх умовах мова выжыве”,–

–- напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Ушачаў.

Дзякуй Вам, спадар Сырэль, за цікавыя развагі і меркаваньні. Безумоўна, Вы маеце рацыю, калі пішаце і пра адсутнасьць падручнікаў і тэрміналёгіі, і пра адказнасьць улады за цяперашні стан мовы, і пра абыякавасьць значнай часткі грамадства…Сапраўды, мовы, як і людзі – ня вечныя. І нават мовы вялікіх і магутных тысячагадовых імпэрыяў сыходзяць у нябыт і ператвараюцца ў гістарычныя помнікі. Але наўрад ці варта зайздросьціць такой долі і жадаць такога лёсу сваёй мове, якую мы атрымалі ад сваіх бацькоў і абавязаны перадаць дзецям.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG