Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Управа культуры патрабуе вярнуць карціны Бялыніцкага-Бірулі


Радыё Свабода Сьвяткаваньне 135 угодкаў мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі супала з канфліктам мясцовай улады з Нацыянальным мастацкім музэем. Да 1 студзеня 2007 году філіял нацыянальнага мастацкага музэю ў Магілёве -- музэй Бялыніцкага-Бірулі -- меўся перайсьці у распараджэньне абласной управы культуры, аднак таго не адбылося. Гарадскія ўлады адмовілася браць на балянс музэй, у экспазыцыі якога не стае 32 карцін мастака.

Падставай для спрэчкі сталі 31 палатно Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і ягоны партрэт мастака Моравава. 2 верасьня 2004 году яны былі вывезеныя з Магілёву ў Нацыянальны мастацкі музэй. Абласная ўправа культуры даведалася пра тое 14 верасьня 2006 году і адразу ж запатрабавала гэтыя работы назад. Кажа начальнік управы культуры Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Сінкавец:

“Работы, якія захоўваліся ў музэі Бялыніцкага-Бірулі, вывезеныя ў фонды Нацыянальнага музэя. Сёньня работ, якія дарыла жонка мастака, практычна няма – яны ў Нацыянальным музэі. А мы хочам, каб яны вярнуліся на Радзіму”.

З матэрыялаў магілёўскай прэсы вядома, што абласная управа культура вінаваціць кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага музэю у парушэньні пратаколу даручэньняў прэзыдэнта “Пра перадачу філіялаў музэяў у распараджэньне мясцовай уладзе”, а таксама гарантыяў захаваньня экспазыцыі, якія даваў былы міністар культуры Леанід Гуляка.

У студзені 2007 году пра сытуацыю паведамілі цяперашняму міністру культуры Ўладзімеру Матвейчуку.

Дырэктар Нацыянальная мастацкага музэю Уладзімер Пракапцоў камэнтаваць падзеі адмовіўся.

Анатоль Сінкавец аптымістычна глядзіць у будучыню і кажа, што перамовы ўрэшце прывядуць да станоўчых вынікаў:

“Знаходзім паразуменьне. Цягам сакавіка месяца закрыем усе пытаньні. Ёсьць паразуменьне і з Пракапцовым. Мы можам вярнуцца да гэтае гутаркі пры канцы сакавіка, калі таго пажадаеце. Я вам дам поўную інфармацыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG