Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія прадпрымальнікі рыхтуюцца да мітынгу


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ці ўдасца ў Горадні склікаць дэмакратычны мітынг, магчыма, на Дзень Волі? Арганізаваць яго вырашыў адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі. Ён гаворыць, што самі прадпрымальнікі гэтую задуму падтрымліваюць.

Мітынгаў у Горадні даўно не было, тым больш масавых акцый на Дзень Волі.

Леванеўскі: “Мы правялі анкетаваньня на рынках Горадні з пытаньнем — ці гатовыя прадпрымальнікі правесьці мітынг? І прыблізна шэсьцьдзесят адсоткаў выказаліся за правядзеньне мітынгу ў Горадні”.

Прадпрымальнікі да мітынгу сасьпелі, а што датычыць палітычных партый і грамадзкіх арганізацыяў, дык ім прапанавана дзейнічаць супольна, гаворыць Валеры Леванеўскі.

Леванеўскі: “Калі будзе згода і добрая воля зь іхняга боку, то мы зробім гэты мітынг сумесна. Ва ўсякім разе, перамовы ў гэтым пытаньні прайшлі з Аляксандрам Мілінкевічам, і ён цалкам падтрымаў гэтую задуму і сказаў, што ўсяляк дапаможа ў гэтай справе ў Гарадзенскім рэгіёне”.

Валеры Леванеўскі зазначае, што агульная акцыя магла б стаць пачаткам доўгатэрміновага супрацоўніцтва прадпрымальнікаў зь лідэрамі апазыцыі, з партыямі і грамадзкімі аб’яднаньнямі. Ён падкрэсьлівае, што гаворыць ня толькі ад імя страйкаму, які ўзначальвае, але і ўвогуле ад тых прадпрымальнікаў, якія “цьвяроза глядзяць на жыцьцё”. Свой страйкам спадар Леванеўскі называе не арганізацыяй, а “ініцыятывай грамадзянаў”. Ён таксама сказаў, што гэтымі днямі будзе дамаўляцца зь іншымі арганізацыямі наконт будучага мітынгу.

Што думае наконт магчымых сумесных дзеяньняў кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін?

Істомін: “Ну, канечне, калі будзе такая прапанова, мы адгукнемся. Тым больш, я думаю, што трэба напярэдадні правесьці інфармацыйную кампанію, каб на мітынг прыйшлі ня тысяча чалавек, а тысяч пяць-шэсьць. І гэта ў Горадні рэальна зрабіць, паколькі ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі вельмі напружаныя настроі.

Валеры Леванеўскі дапускае, што дэмакратычны мітынг у Горадні можна было б прызначыць нават на 25 сакавіка. Кіраўнік абласной арганізацыі БСДГ Віктар Сазонаў гаворыць, што ня супраць падтрымаць ініцыятыву спадара Леванеўскага і прадпрымальнікаў, але трэба хутчэй вызначацца, бо пакуль што існуе прапанова паехаць на Дзень Волі ў сталіцу.

Сазонаў: “Хаця, калі мы будзем бачыць, што зможам у сябе ў горадзе штосьці зрабіць 25-га, дык чаму ж не? Лепш за ўсё з гэтай нагоды, мне здаецца, было б сабраць нашу Гарадзенскую кааліцыю, і хай сабе ня ўсе партыі, а частка, але далучылася б да гэтай ідэі”.

Гарадзенская кааліцыя, у якую уваходзяць дэмакратычныя партыі і грамадзкія арганізацыі, даўно не зьбіралася, але яна мае досьвед сумеснай працы, зазначае спадар Сазонаў. А паколькі ёсьць важнае пытаньне, яе можна было б без праблемаў сабраць, лічыць ён.
XS
SM
MD
LG