Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Бялых: “Разьдзяржаўленьне беларускай эканомікі – працэс непазьбежны”


Радыё Свабода Новая цэнавая палітыка Расеі прымушае беларускае кіраўніцтва шукаць прынцыпова новыя захады па кіраваньні эканомікай. Апошнімі днямі абвешчана як мінімум пра два новыя накірункі эканамічнай палітыкі. Гэта прыватызацыя буйных прадпрыемстваў і далейшы продаж пакетаў акцыяў замежным інвэстарам, а таксама прыцягненьне замежных крэдытаў.

Прафэсар Станіслаў Багданкевіч ведае пра праекты Міністэрства эканомікі наконт прыватызацыі прадпрыемстваў нафтагазавага комплексу, іншых галін. На яго думку, прыватызацыя магчымая, але выбарачная. І не на падставе цывілізаванага эўрапейскага падыходу, а так, як зараз, да прыкладу, адбываецца з "Белтрансгазам", які вырашылі прадаць "Газпрому" "замест таго, каб зрабіць рэкляму на Захадзе, на Ўсходзе, на Поўдні і такім шляхам празрыста, адкрыта правесьці конкурс і прадаць таму, хто быў бы больш выгодным для Беларусі. Таму я думаю, што праекты такія ёсьць ў рэальнасьці, але на колькі яны будуць зьдзейсьненыя, пытаньне," – кажа Багданкевіч.

Эканаміст Мікіта Бялых, старшыня фэдэральна-палітычнага савету расейскай партыі "Саюз правых сіл", адзначае, што ўзаемадачыненьні Расеі і Беларусі характарызуюцца высокай ступеньню датацыйнасьці эканомікі Беларусі з боку Расеі:

"Безь якіх-небудзь грашовых уліваньняў – магчыма, у выглядзе займаў альбо ў выглядзе прыватызацыі, думаю, што магчымасьці Беларусі па разьліках за газ, па іншых разьліках будуць вельмі і вельмі абмежаваныя. Іншая справа – пытаньне часу і сытуацыі, калі гэта прыватызацыя адбудзецца. Будзе гэта зараз альбо праз год, мне сказаць складана, але я лічу, што ў цэлым разьдзяржаўленьне беларускай эканомікі – працэс непазьбежны".

На думку кіраўніка аналітычнага цэнтру Мізэса эканаміста Яраслава Раманчука, дэклярацыі чыноўнікаў, і нават міністра эканомікі нічога ў Беларусі не азначаюць.

"На сёньняшні дзень няма падставаў гаварыць, што ўрад мае нейкі плян прыватызацыі альбо лібэралізацыі эканомікі. Так, яны ня ведаюць, што рабіць з прадпрыемствамі, якія сёньня робяцца стратнымі ў кантэксьце больш высокіх цэнаў на энэрганосьбіты, і таму, каб іх пачулі наверсе, гавораць, што трэба хаця б стратныя прадпрыемствы прадаваць. Але гэта толькі плач аб дапамозе, дэклярацыі. Я ня веру, што ўрад у гэтай сытуацыі, у гэтым кадравым складзе пойдзе на прыватызацыю і пачне нейкія разумныя рэформы. Гэта мне больш нагадвае прыгатаваньні да "прыхватызацыі", да імітацыі найгоршых прыкладаў расейскай і ўкраінскай "прыхватызацыі".

На думку і Яраслава Раманчука, і Станіслава Багданкевіча, беларускі ўрад не зьбіраецца змагацца з прычынамі, якія працягваюць крызысныя зьявы ў эканоміцы Беларусі, ён проста спрабуе залатаць дзіркі пры дапамозе самага простага спосабу – пазыкаў, крэдытаў.

"Мне здаецца, што сёньня Лукашэнка спрабуе праблемы ў эканоміцы, якія ўзьніклі з-за яе нерэфармаваньня, вырашыць з дапамогай зьнешніх пазыкаў: папрасілі паўтара мільярды даляраў у Расеі, мільярд у аўстрыйскіх банкаў, два мільярды загадана знайсьці камэрцыйным банкам. І такім чынам падтрымліваць тую мадэль адміністрацыйна-камандную, якая існуе", – заявіў Радыё Свабода прафэсар Станіслаў Багданкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG