Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія апазыцыянэры сустрэліся з прадстаўніком Дзярждэпартамэнту


Валер Каліноўскі, Прага Прадстаўнікі беларускай апазыцыі ў часе свайго візыту ў Вашынгтон у аўторак мелі сустрэчы Дзярждэпартамэнце і ў буйных няўрадавых арганізацыях: Нацыянальным дэмакратычным інстытуце міжнародных дачыненьняў, Нацыянальным фондзе ў падтрымку дэмакратыі, а таксама зь лідэрамі беларускай дыяспары.

Як паведаміў Свабодзе адзін з сябраў дэлегацыі старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, у Дзярждэпартамэнце лідэры беларускай апазыцыі сустракаліся з Дэвідам Крэймэрам, намесьнікам памочніка дзяржсакратара, адказнага за эўрапейскія і азіяцкія справы.

Вячорка: “Спадар Крэймер паінфармаваў нас, што Дэпартамэнт скарбу Злучаных Штатаў дадаў 6 імёнаў да ранейшага сьпісу тых беларускіх чыноўнікаў, хто падпадае пад фінансавыя санкцыі. Гэта зроблена паралельна з 60 прозьвішчамі беларускіх чыноўнікаў у сьпісе візавых забаронаў ЗША, які застаецца закрытым, бо яго не публікуюць. Мяркую, што яны проста выконваюць тыя рашэньні, якія закладзеныя ў Акце аб дэмакратыі ў Беларусі.

Гаворка ідзе не пра замарожваньне рахункаў на тэрыторыі ЗША, а пра ўскладненьне фінансавых апэрацыяў, якія могуць зрабіць гэтыя людзі ў глябальным маштабе, таму што многія фінансавыя інстытуцыі завязаныя на Амэрыку. Гэта ёсьць палітычны сыгналам беларускаму чынавенству”.

У Дзярждэпартамэнце таксама заявілі пра нязьменнасьць пазыцыі ЗША ў адносінах да дзейных уладаў Беларусі ў сувязі з абвастрэньнем адносін Менску і Масквы.

Вячорка: "Спадар Крэймэр адназначна сказаў, што іх стаўленьне да дэмакратыі ў Беларусі і да незалежнасьці Беларусі не мяняецца ад вонкавых чыньнікаў, не мяняецца ў сувязі з сытуацыяй у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Ён падкрэсьліў, што Вашынгтон ня будзе дамаўляцца з Масквой паверх галоваў беларусаў, ня будзе ніякіх сэпаратных змоваў наконт лёсу Беларусі”.

У склад дэлегацыі беларускай апазыцыі ў Вашынгтоне знаходзяцца лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, першы сакратар Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, жонка палітвязьня Ірына Казуліна і старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч. Цягам сёньняшняга дня адбудзецца іх сустрэча з рэдакцыйнай радай газэты "Вашынгтон пост", з былым амбасадарам ЗША ў Беларусі Майклам Козакам, які цяпер адказвае за пытаньні дэмакратыі, правоў чалавека і міжнародныя справы ў Нацыянальнай радзе бясьпекі, будуць таксама сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу. Візыт працягнецца да 4 сакавіка.
XS
SM
MD
LG