Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз шукае рэфарматараў у беларускім апараце


Радыё Свабода Дыпляматыя Эўразьвязу будзе сфакусаваная на пошуку патэнцыйных рэфарматараў у сярэднім і ніжнім зьвеньнях беларускага уладнага апарату, піша брусэльскае выданьне “EUobserver” . Паводле выданьня, раней рэпутацыю рэфарматара меў былы пасол Беларусі ў Эўразьвязе Сяргей Мартынаў, але ён страціў яе, калі стаў міністрам замежных спраў.

Са спасылкай на дыплямата ЭЗ выданьне дадае, што ЗША таксама аддалі б перавагу працы з альтэрнатыўным лідэрам з шэрагаў цяперашняй уладнай эліты.

Хто сёньня можа прэтэндаваць на званьне такога рэфарматара і, адпаведна, стаць партнэрам Захаду па дыялёгу? Такое пытаньне “Свабода” задала вядомаму нямецкаму дыплямату Гансу-Георгу Віку, які ад 1997 па 2001 працаваў кіраўніком КНГ АБСЭ ў Менску.

Вік: “Цяпер Захад знаходзіцца на стадыі гэтак званага зандаваньня, альбо вывучэньня далейшага палітычнага накірунку Беларусі, а таксама тых прадстаўнікоў афіцыйнага Менску, якія могуць павярнуцца ў бок эўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасьцяў. Пакуль усё знаходзіцца на пачатковай фазе – зандаваньня. Гэта нават яшчэ ня фаза перамоваў.”

Некалькі год таму ў часе сваёй дзейнасьці ў Менску Ганс-Георг Вік меў магчымасьць пазнаёміцца з самым шырокім колам праўрадавых і апазыцыйных палітыкаў, у тым ліку і зь цяперашнім спэцыяльным прадстаўніком міністра Мартынава Сяргеем Гайдукевічам, які мае неўзабаве наведаць ЭЗ і правесьці перамовы з адказнымі прадстаўнікамі эўрапейскіх структураў.

Вік: “Сапраўды, тады мне прыходзілася мець справу з гэтым палітыкам. Мая канцэпцыя будавалася на запрашэньні да дыялёгу прадстаўнікоў усіх партыяў ды ўлады. Гайдукевіч быў для мяне цікавы як прадстаўнік палітычнай партыі, незалежна ад таго, што я думаў пра асобу і партыю. Дадам, што цяпер на Захадзе называюць шмат асобаў, і тут трэба глядзець, хто зь іх гатовы зрабіць адпаведныя дэмакратычныя крокі”.

На пытаньне, ці можа, зь гледзішча эўрапейцаў, выклікаць аптымізм цяперашняя беларуская сытуацыя, нямецкі дыплямат адказвае: “Я рэаліст. Усё можа зьмяніцца. Пакуль назіраецца напружанасьць паміж Менскам і Масквой, можна гаварыць пра самыя розныя шляхі выйсьця з гэтай сытуацыі. Напрыклад, тая ж самая, гэтак званая, “адкрытасьць” у дачыненьні да ЭЗ можа быць усяго толькі шахматным ходам”. Тым часам Сяргей Гайдукевіч, спэцыяльны прадстаўнік міністра замежных спраў Беларусі па ўзаемадзеяньні з эўрапейскімі сруктурамі, пацьвердзіў Свабодзе, што неўзабаве наведае Рым і Стразбур, дзе мяркуе сустрэцца з дакладчыкам ПАРЭ па Беларусі Андрэа Рыгоні, прэзыдэнтам ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэнам, камісарам ЭЗ Бэнітай Фэрара-Вальднэр ды іншымі эўрапейскімі дзеячамі, зь якімі знаходзіцца ў перапісцы.

«Праца па высьвятленьні пазыцыяў з усімі маімі эўрапейскімі калегамі вядзецца мной цягам апошняга месяца-паўтара», – падкрэсьліў Сяргей Гайдукевіч..

Што думае Сяргей Гайдукевіч адносна зацікаўленасьці Захаду ў пошуку партнэраў-рэфарматараў з шэрагаў цяперашняй уладнай эліты, і ці не яго заходнія дыпляматы залічаюць у гэтыя шэрагі?

«Ва ўсякім разе, вам думаць», – гаворыць спэцыяльны прадстаўнік міністра замежных справаў.

Паводле ягоных словаў, ён пастаянна адстойвае інтарэсы беларускай дзяржавы… Да таго ж, ёсьць настолькі самастойным, наколькі гэта магчыма. Таксама зьяўляецца лідэрам партыі, дэпутатам. Гатовы ўлічваць меркаваньні ўсіх. Сяргей Гайдукевіч перакананы, што «любы дыялёг лепшы за штосьці іншае, паколькі заўсёды прывядзе да добрага».
XS
SM
MD
LG