Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьбіраецца ўрад насамрэч прыватызаваць буйныя прадпрыемствы?


Ігар Карней, Менск Міністэрства эканомікі Беларусі распрацавала плян прыватызацыі найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны, у іх лік уваходзіць «Нафтан», Мазырскі НПЗ, ТАА «Палімір», «Белшына», «Гродна Азот», Белтэлекам і тытунёвая фабрыка «Нёман». Таксама разглядаецца варыянт продажу буйных пакетаў акцый «Крыніцы» і «Менскага заводу пеністых вінаў». Пра гэта паведамляе расейская газэта "Ведамасьці".

Наколькі сур''ёзныя намеры беларускага ўраду пачаць прыватызацыю буйнейшых прадпрыемстваў краіны? Незалежныя экспэрты скептычна ставяцца да такой пэрспэктывы, паколькі перакананыя: дзяржава ні пры якім раскладзе не аддасьць кантроль над стратэгічнымі прадпрыемствамі.

Чыноўнікі наконт плянаў прыватызацыі «нічога ня ведаюць»

Афіцыйнага пацьверджаньня плянам прыватызацыі здабыць не ўдалося.

Прэсавы сакратар Савету міністраў Аляксандар Цімашэнка:

“Я ня бачыў гэтага дакумэнту. Паведамленьні бачыў, але дакумэнту – не. Што да гэтага факту, то спасылаюцца на крыніцу ў міністэрстве эканомікі. Але я не хацеў бы камэнтаваць інфармацыю нейкіх крыніцаў. Таму я адносна такіх плянаў нічога ня ведаю”.

Сёньня адразу два чыноўнікі міністэрства эканомікі заявілі “Свабодзе”, што ня ведаюць пра пляны прыватызацыі. Агенцтва “БелаПАН” падае словы міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі пра тое, што Беларусь гатовая прадаць пакеты акцыяў нафта-хімічных прадпрыемстваў "на абсалютна дакладных і празрыстых умовах".

Паводле агенцтва “Інтэрфакс”, падрыхтаваны ў зьвязку са зьмяншэньнем імпарту пасьля падаражаньня расейскіх нафтапрадуктаў плян падрыхтаваны міністэрствам эканомікі на даручэньне ўраду. Апроч ужо згаданых прадпрыемстваў, у сьпісе – МАЗ, Беларускі цэмэнтавы завод, тытунёвая фабрыка “Нёман”, тры з чатырох цукровых заводаў, бровар “Крыніца” разам з аб’яднаньнем “Белсолад” і нават манапаліст на рынку сувязі “Белтэлекам”. Апроч таго, згадваецца магчымасьць акцыянаваньня буйнейшых дзяржаўных банкаў, у прыватнасьці – “Белзьнешэканамбанку”.

С.Балыкін: дзяржава кантрольны пакет не аддасьць

Наколькі гэтыя пляны блізкія да рэалізацыі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да эканаміста Сяргея Балыкіна.

Балыкін: “Беларускае кіраўніцтва ўжо шмат разоў казала, што пераходзіць на рынкавыя рэйкі, будзе прыватызацыя. Памятаю словы прэзыдэнта Лукашэнкі аб тым, што ў нас будзе нябачная дагэтуль лібэралізацыя. Але ж гэтыя словы і дагэтуль застаюцца толькі словамі. Таму я вельмі скептычна стаўлюся да падобных заяваў. Перадусім, беларуская дзяржава мае вельмі кепскую рэпутацыю як сярод замежных інвэстараў, так і сярод айчынных інвэстараў. У Беларусі існуе вельмі дрэнны бізнэс-клімат. Да гэтага моманту ўлады імкнуліся кіраваць эканомікай адміністрацыйнымі мэтадамі. Ці здолее цяперашняя ўлада зьмяніць вэктар свайго разьвіцьця – невядома. Але пакуль казаць пра нешта занадта рана”.

Паводле беларускага заканадаўства, продаж дзяржаўнага прадпрыемства можа адбывацца праз конкурс альбо пра аўкцыён. Аднак, як лічыць эканаміст Сяргей Балыкін, дзяржава ні пры якім раскладзе не дазволіць інвэстарам атрымаць кантрольны пакет акцый.

Балыкін: “Імкнуцца ж прадаць не прадпрыемства, не кампанію, а нейкі мінімальны пакет акцый. То бок, кантрольны пакет дзяржава пакідае ў сябе, яна па-ранейшаму можа кіраваць гэтым прадпрыемствам. Ці “клюне” хтосьці на такую прапанову? Сумняюся. Бо гэта азначае: трэба ўкласьці грошы ў беларускую эканоміку, але ж кіраваць прадпрыемствам будзе ўсё роўна дзяржава. Зноў жа, існуе інстытут так званай “залатой акцыі”, калі прыватызаванае прадпрыемства можна падпарадкаваць праз увядзеньне “залатой аккцыі”. Таму заява беларускага ўраду сьведчыць толькі аб тым, што вельмі патрэбныя грошы. Але ж ці дасьць інвэстар гэтыя грошы?”

Пра адсутнасьць у дзяржаўным бюджэце “вольных сродкаў” сьведчаць і нядаўнія факты звароту беларускага ўраду па стабілізацыйныя крэдыты. Пачатыя перамовы на прыцягненьне крэдыту ў памеры 1 мільярд эўра з аўстрыйскім “Raiffeisenbank”. А напярэдадні Беларусь зьвярнулася да Расеі з просьбай крэдыту на суму 1,5 мільярду даляраў.
XS
SM
MD
LG