Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшаўскія беларусы просяць падтрымкі, каб вызваліць палітвязьняў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня беларусы, якія жывуць у Варшаве, пачалі зьвяртацца ў амбасады краінаў Эўразьвязу, Расеі, Украіны, Канады і ЗША (усяго 31-й краіны) з заклікам узмацніць ціск на афіцыйны Менск у справе вызваленьня Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў.

Перадача звароту пачалася з амбасады Расеі ў Варшаве. Расейскія дыпляматы, аднак, не схацелі сустрэцца з аўтарамі дакумэнту – ліст праз краты плоту прыняў ахоўнік.

Супрацоўнік амбасады: “А што гэта ў вас на плякатах? Свабода палітзьняволеным?”

У амбасадзе Ўкраіны беларусаў прыняў першы сакратар, у дыпляматычным прадстаўніцтве ЗША да іх выйшаў адзін з намесьнікаў амбасадара.

Зварот у амэрыканскае пасольства адрозьніваўся ад іншых тым, што ўтрымліваў падзяку за ранейшую падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі.

“Мы заклікаем вас ня весьці ніякіх перамоваў з апошнім дыктатарскім рэжымам у Эўропе, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні, не адбудуцца свабодныя выбары, ня будзе забясьпечаная свабода дзейнасьці для мэдыяў і палітычных партыяў”, – гаворыцца ў звароце.

На мінулым тыдні польскі Сэнат ухваліў зварот да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў – ініцыятары акцыі хочуць, каб іншыя краіны таксама націснулі на Менск.

“Мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а ў першую чаргу былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта спадара Казуліна”, сказаў нашаму радыё адзін з удзельнікаў акцыі Ігар Крыштон.

Удзельнікі акцыі сёньня наведалі амбасады Расеі, Украіны, ЗША і Канады – штодня яны будуць перадаваць пэтыцыі ў 5-6 амбасадаў.

На здымках: пікетоўцы каля амбасадаў Расеі (1) і Ўкраіны (2)



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG