Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 27 лютага


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Чытачы сайту "Нашай нівы” абмяркоўваюць навіну: Міністэрства эканомікі Беларусі распрацавала плян прыватызацыі найбуйнейшых прадпрыемстваў краіны, у іх лік уваходзяць “Нафтан”, Мазырскі НПЗ, ТАА “Палімір”, “Белшына”, “Гродна Азот”, Белтэлекам і тытунёвая фабрыка “Нёман”. Таксама разглядаецца варыянт продажу буйных пакетаў акцый “Крыніцы” і “Менскага заводу пеністых вінаў”. Пра гэта паведаміла расейская газэта “Ведомости”.

“Беларускіх словаў не хапае, – камэнтуе нехта Жалезка. – Калі пераходзіць на расейскую ці то брытанскую лаянку, уэб-рэдагоўцы не прапусьцяць. Прыйдзецца праблему замаўчаць”.

“Гэта значыць, што беларусам паўдзельнічаць у прыватызацыі сваёй, беларускай эканомікі, эканомікі свайго краю, не давядзецца. У свой час Лукашэнка спыніў працэс, каб сёньня прадаць беларускі скарб нямаведама каму. Вось вам і самадастатковая эканоміка. Беларуская эканамічная эліта так і не народзіцца. Вось такі вось цьвік у труну дзяржавы падрыхтаваў рэжым”, –гэта іншы камэнтар.

“МАЗ, МТЗ “Азот” нікому й задарма не патрэбныя – гэта пыласмокі дзяржаўнага бюджэту, трымаюцца толькі на датацыях”.

Насельнікі байнэту жвава адгукнуліся на зьяўленьне ў Менску налепак “Дзень беларускага адзінства”. Налепкі заклікаюць прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 25 сакавіка. На тле сьцягу Эўразьвязу там намаляваныя чырвона-зялёны і бел-чырвона-белы сьцягі. Вось як гэтую падзею камэнтуюць на форумах парталу TUT.by: “Ну вось і першы плён “згодніцтва”, лістоў Мілінкевіча й нашай апазыцыі да рэжыму. Сапраўды, пасьля такога пачатку цалкам мажліва дапоўніць лёзунгі: “За свабоду! За Беларусь! За Мілінкевіча! За Лукашэнку! За Шэймана! За Ярмошыну! За Паўлічэнку! За інтэграцыю!”

“А што, забаўна. Калі народ выйдзе на плошчу й паміж бела-чырвона-белымі сьцягамі будуць яшчэ й “захады над балотам”, дык АМАП зьбянтэжыцца й ня будзе ведаць, што яму рабіць”.

“Вы галоўнае не пабіцеся на плошчы, бо ж будзе відовішча для нашага прамяністага!”

“У цэнтры кола з зорачкамі трэба вядро з дохлым пацуком намаляваць”.

Публіцыст Аляксандар Фядута ў сваім блогу піша: “Прыгадаў аповед Вольгі Міхайлаўны Абрамавай пра тое, як у 1996 годзе, у часе супрацьстаяньня прэзыдэнта й Вярхоўнага Савету, яна спрабавала адшукаць дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг, каб вынесьці яго на плошчу. Знайшла – здаецца, у фракцыі камуністаў – ды вынесла. І выявілася адзіным чалавекам з чырвона-зялёным сьцягам пасярод бела-чырвона-белых. Глядзелі на яе коса. Але слова рэзкага не сказалі: кожны дэпутат, пагатоў, які падпісаўся пад імпічмэнтам, быў каштоўным як частка апошняга апірышча дзяржаўнай дэмакратыі. Цяпер, мяркуючы па ўсім, зь дзяржаўнымі сьцягамі на плошчу выйдуць толькі камуністы-калякінцы. Ну, пару-тройку эсдэкаў-казулінцаў возьмуць”.

Піяніст Віталь Стахіевіч у суполцы Жывога журналуclassic_by дзеліцца такімі навінамі: “XIII Міжнародны конкурс імя П.Чайкоўскага завяршыў адбор удзельнікаў ува ўсіх чатырох спэцыяльнасьцях. Сапраўднай нечаканасьцю можна назваць тое, што з шасьцёх беларускіх піяністаў-заяўнікаў да конкурсу дапушчаны толькі адзін – Данііл Шлеянкоў. "За бортам" апынуліся Цімур Шчарбакоў, Вольга Сьцяжко, Павал Ялецкі, Расьціслаў Крымер і Аляксандар Палякоў. У непрыемным становішчы "рэзэрву" знаходзіцца вядомы расеец Андрэй Карабейнікаў. У іншых намінацыях ад Беларусі ўдзельнічаюць: Антаніна Жарава й Георгі Анішчанка (віялянчэль), Арцём Шышкоў (скрыпка), Тацяна Гаўрылава, Эдуард Мартынюк і Ільля Сільчукоў (сьпевы).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG