Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія першая ў сьвеце абірае парлямэнт праз інтэрнэт


Сяргей Шупа, Прага На гэтым тыдні ў Эстоніі адбываюцца парлямэнцкія выбары. Сама па сабе падзея ардынарная. Аднак некаторыя выбарцы будуць галасаваць не выходзячы з хаты. Гэтая балтыйская краіна будзе першай у сьвеце, дзе грамадзянам дазволена галасаваць праз інтэрнэт.

Не народ для інтэрнэту, а інтэрнэт для народа

Паводле пашыранага стэрэатыпу, эстонцы – народ халодны і стрыманы, як і належыць сапраўдным жыхарам Паўночнай Эўропы.

Але ёсьць адна сфэра, дзе выяўляецца іхная жарсьць і тэмпэрамэнт – інтэрнэт.

Бальшыня жыхароў Эстоніі ўжо й цяпер вядзе ў інтэрнэце свае банкаўскія справы, плаціць падаткі і камунальныя рахункі.

Публічны доступ да інтэрнэту – звычайная справа ня толькі ў вялікіх гарадах, але і ў далёкіх вёсках. Паседжаньні ўраду даўно ўжо адбываюцца без папераў.

Проста яшчэ адна інтэрнэт-паслуга

Усё гэта – частка доўгатэрміновай стратэгіі ўраду, мэта якой – ператварыць краіну ў лідэра высокіх тэхналёгіяў.

Таму ў Эстоніі нікога не зьдзівіла навіна, што гэтая краіна будзе першая ў сьвеце, дзе галасаваньне на парлямэнцкіх выбарах будзе адбывацца ў інтэрнэце.

Прадстаўніца Нацыянальнай выбарчай камісіі Эстоніі Эп Маатэн тлумачыць: “У Эстоніі яўка выбарцаў звычайна невысокая, з другога боку, у нашай краіне вельмі папулярныя розныя інтэрнэт-паслугі. Людзі прызвычаіліся карыстацца інтэрнэтам у штодзённым жыцьці, таму паўстала пытаньне: чаму б ня ўвесьці інтэрнэт-галасаваньне на выбарах у якасьці яшчэ адной інтэрнэт-паслугі? І наш парлямэнт вырашыў, што гэта магчыма, і гэтак і будзе зроблена”.

Упершыню гэткая сыстэма была выпрабаваная ў 2005 на муніцыпальных выбарах, што з ухвалай адзначыла Рада Эўропы. На гэтым тыдні настала чарга ўсеагульных выбараў.

Дзе прагаласаваць – у банку ці ў бібліятэцы?

Сама ідэя вельмі простая. Кожны грамадзянін Эстоніі мае пасьведчаньне асобы – картку з інтэгральнай мікрасхемай – мікрачыпам.

Каб прагаласаваць, трэба атрымаць ад мясцовых уладаў ідэнтыфікацыйны нумар, падлучыць да хатняга кампутара прыладу да счытваньня інфармацыі з электронных картак – і ўсё гатова да выкананьня грамадзянскага абавязку.

Сп-ня Маатэн паведаміла, што картачытальныя прылады каштуюць ад 6 да 8 эўра. Але калі для вас гэта задорага або калі ў вас у хаце няма кампутара з доступам да інтэрнэту, вы можаце са сваім пасьведчаньнем асобы прагаласаваць у розных публічных месцах.

“Доступ да інтэрнэту ёсьць паўсюль, і калі пры кампутары ёсьць чытальная прылада, няма розьніцы – дзе вы прагаласуеце. Можна галасаваць дома, на працы, або ў бібліятэцы – дзе вам будзе зручней. Інтэрнэт-галасаваньне будзе арганізаванае і ў аддзяленьнях банкаў, дзе ўсталяваныя электронныя банкаўскія сыстэмы, так што выбарцы самі могуць вырашыць – як і дзе яны будуць галасаваць”, – зазначыла сп-ня Маатэн.

Вядома ж, кожны, хто хоча галасаваць па-старому, з алоўкам і паперай, можа наведаць звычайны выбарчы ўчастак. Участкі для “звычайнага” галасаваньня будуць адкрытыя 4 сакавіка.

Перад інтэрнэтам – усе роўныя

Калі кіравацца досьведам муніцыпальных выбараў 2005 году, дык можна чакаць, што бальшыня эстонцаў хутчэй за ўсё прагаласуюць так, як і раней – асабіста зьявіўшыся на ўчастку.

Але, паводле сп-ні Маатэн, інтэрнэт дае больш выбару, асабліва для тых, хто жыве ў аддаленых вёсках – там лягчэй будзе прагаласаваць дома, чым праз сумёты дабірацца да выбарчага ўчастку.

“Мы заўважылі падчас мінулых выбараў, што шмат людзей на астравах галасавалі праз інтэрнэт, магчыма, ім гэтак было зручней, чым дабірацца з востраву на ўчастак. Так што мы заўважылі, калі падлічвалі галасы, што, вядома ж, Талін як сталіца быў на першым месцы, але праз інтэрнэт галасавалі і людзі ў рэгіёнах. Так што гэта ня толькі сталічная зьява”.

Новае лягчэй уводзіць у асобна ўзятай краіне

Эстонія пакуль што – адзіная краіна, дзе інтэрнэт будзе ўжыты падчас выбараў у агульнанацыянальным маштабе.

Галасаваньне праз інтэрнэт выкарыстоўваецца падчас лякальных рэфэрэндумаў у некаторых кантонах Швэйцарыі.

Гэткае галасаваньне выпрабоўваецца і ў іншых краінах Эўропы, але бясспрэчна, досьвед Эстоніі прыцягне пільную міжнародную ўвагу.
XS
SM
MD
LG