Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму вяскоўцы ня хочуць ісьці ў фэрмэры?


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адбыўся зьезд фэрмэраў Беларусі, у якім бралі ўдзел 152 дэлегаты. Як сьведчыць статыстыка, у краіне каля 2100 фэрмэрскіх гаспадарак. Яны валодаюць 1,3% сельгаспалеткаў і вырабляюць 2% усёй сельскагаспадарчай прадукцыі. За апошнія два гады прыватны сэктар на вёсцы скараціўся прыблізна на дзьвесьце фэрмэрскіх гаспадарак. Чаму вяскоўцы ня хочуць ісьці ў фэрмэры? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаваў удзельнікам зьезду:

Спадар: “У нас палітыка на буйныя гаспадаркі, на калгасы — і ўсё. А фэрмэры — другарадныя людзі”.

Спадар: “Першапачаткова ў іншых дзяржавах палітыка дзяржавы ў дачыненьні да фэрмэрства складвалася інакш. У нас у нейкі момант зацыкліліся на дыскусіі “Накорміць фэрмэр краіну альбо не?”. І вельмі многія імкнуліся даказаць, што не накорміць і, напэўна, ня варта зь ім мець справу”.

Спадар: “У свой час прэзыдэнт сказаў, што сапраўдным фэрмэрам можа быць толькі альбо былы дырэктар саўгасу, альбо старшыня калгасу, у скрайнім выпадку, галоўны спэцыяліст”.

Спадарыня: “Калі чалавек прызвычаіўся рабіць у калгасе, то ня кожны зможа рабіць у фэрмэрскай гаспадарцы. Таму што трэба думаць, як лепш што зрабіць, як вырасьціць, як збыць. І ўсё зрабіць так, каб хапіла й год пражыць, і зноў пасеяцца. Гэта ня кожны зможа”.

Спадар: “Цэны не задавальняюць вяскоўцаў на прадукцыю сельскай гаспадаркі. У прыватнасьці, на малако, на бульбу, на збожжа. Калі ўзяць кошт малака найвышэйшага гатунку за тону, то гэта нізкія кошты. Атрымліваецца, што адзін літар малака каштуе 400 рублёў. Любы селянін гэта пралічыць і ўбачыць, што рэнтабэльнасьць на сельгасвытворчасьці вельмі нізкая”.

Спадар: “Цяжкая праца. Калі б дзяржава падтрымлівала на роўных умовах сельгаспрадпрыемствы і фэрмэраў, то было б шмат ахвотнікаў пайсьці ў фэрмэры. З другога боку, праблематычна збыць прадукцыю. Трэба мець таксама пачатковы капітал”.

Спадарыня: “Крэдыту ў банку я не магу ўзяць, бо ў мяне няма закладу — няма нерухомасьці”.

Спадар: “Павінна дзяржава ствараць умовы, каб людзі пайшлі ў фэрмэры. Калі ж гэтыя ўмовы ня створаныя, то ідуць самыя сьмелыя. Трэба, каб у фэрмэры пайшоў ня толькі дырэктар і старшыня, а пайшоў і трактарыст”.

Спадар: “Маёй фэрмэрскай гаспадарцы тры гады. За тры гады мне было выдзелена бюджэтнага паліва ўсяго 245 літраў. І ўгнаеньня тонаў шэсьць, ня больш. Я лічу, што з кожным годам усё горш і горш становіцца. То бок фэрмэру, які пачне справу, вельмі і вельмі цяжка”.









XS
SM
MD
LG