Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва шукае “стратэгію выйсьця” для беларускага лідэра


Юры Дракахруст, Прага У артыкуле пад такой назваю бэльгійскае выданьне “Euobserver” аналізуе новыя аспэкты палітыкі Захаду адносна Беларусі.

За неафіцыйныя кантакты з афіцыйным Менскам

Прэм’ер-міністар Літвы Гедымінас Кіркілас нядаўна наведаў Грузію, дзе вёў перамовы наконт распрацоўкі “стратэгіі выйсьця” для Лукашэнкі. Паводле пэўных колаў у Эўразьвязе, нядаўняе падвышэньне цэнаў для Беларусі на расейскія газ і нафту могуць быць часткай больш шырокага працэсу, які пагражае незалежнасьці Беларусі.

"Літоўскі прэм''ер-міністар адмовіўся ўдакладняць, што азначае тэрмін "стратэгія выйсьця" – магчымасьць аднойчы ўбачыць Лукашэнку ў адстаўцы ў цёплай і дружалюбнай краіне, напрыклад, Вэнэсуэле, або гэта азначае аднаўленьне добрых адносінаў з Эўразьвязам, якое пачнецца з вызваленьня галоўнага палітзьняволенага краіны – Аляксандра Казуліна", піша “Euobserver”.

Кіраўнік літоўскага ўраду лічыць, што для падрыхтоўкі новай стратэгіі трэба мець неафіцыйныя кантакты зь беларускімі ўладамі, у якасьці магчымага пасярэдніка ён назваў асобу былога прэзыдэнта Альгірдаса Бразаўскаса. Гэдэмінас Кіркілас мяркуе, што Лукашэнка павінен зрабіць пэўныя крокі насустрач, напрыклад, вызваліць Аляксандра Казуліна, але з афіцыйным Менскам трэба працаваць і размаўляць.

Канфлікт паміж Менскам і Масквой – глыбейшы, чым падаецца

Паводле кіраўніка літоўскага ўраду, канфлікт паміж Менскам і Масквой значна больш глыбейшы, чым гэта падаецца, спадар Кіркілас называе беларускі сувэрэнітэт галоўнай праблемай, бо Лукашэнка раней ці пазьней сыдзе, а Эўразьвяз зацікаўлены ў незалежнасьці Беларусі.

“Euobserver” цытуе расейскага пасла ў Эўразьвязе Ўладзімера Чыжова, паводле якога ранейшыя перамовы па аб’яднаньні зь Беларусьсю не прасоўваюцца, аднак усе магчымыя варыянты інтэграцыі застаюцца актуальнымі, у тым ліку і анэксія Беларусі Расеяй.

З кім весьці дыялёг?

У чым жа можа палягаць стратэгія , пра якую казаў літоўскі прэм’ер? Паводле выданьня, пэрспэктыва, што Лукашэнка пойдзе на кардынальныя зьмены і праз пэўны час будзе паціскаць руку старшыні Эўракамісіі ў Брусэлі, падаецца сьмеху вартай большасьці эўрапейскіх дыпляматаў, якія займаюцца беларускай праблематыкай. Беларускія апазыцыянеры хацелі б , каб Лукашэнка патрапіў не ў Брусэль, а на лаву падсудных за зьнікненьні людзей.

Але апазыцыя, паводле новай стратэгіі, не зьяўляецца адзінай палітычнай сілай, зь якой будзе весьці дыялёг Захад. Кіраўнік ўсходнеэўрапейскага дэпартамэнту МЗС Літвы Арунас Вінцюнас заявіў днямі: “Мы шукаем людзей у беларускай адміністрацыі, зь якімі мы можам размаўляць”. Нядаўна і Злучаныя Штаты намякнулі на тое, што аддалі б перавагу працы з альтэрнатыўным лідэрам з шэрагаў цяперашняй уладнай эліты.

У пошуках рэфарматара

Дыпляматыя Эўразьвязу будзе сфакусаваная на пошуку патэнцыйных рэфарматараў у сярэднім і ніжнім зьвеньнях беларускага ўладнага апарату. “Euobserver” піша, што раней рэпутацыю рэфарматара меў былы пасол Беларусі ў Эўразьвязе Сяргей Мартынаў, але ён страціў гэтую рэпутацыю, калі стаў міністрам замежных справаў.

Выданьне адзначае, што Лукашэнка робіць крокі, скіраваныя на ўзмацненьне ляяльнасьці дзяржаўнага апарату. Сярод гэтых крокаў – прызначэньне сына кіраўніка дзяржавы Віктара сябрам Рады бясьпекі краіны, а таксама выдаленьне расейцаў з высокіх пасадаў у КДБ і ўзброеных сілах. “Гэтыя дзеяньні скіраваныя на тое, каб зьменшыць рызыку палацавага перавароту, арганізаванага Масквой, але ў беларускіх сілавых структурах застаецца яшчэ шмат людзей з пракрамлёўскімі настроямі, што робіць яшчэ больш няўтульным становішча Аляксандра Лукашэнкі”, – піша бэльгійскае выданьне “Euobserver”.

На здымку: прэм’ер-міністар Літвы Гедымінас Кіркілас

Гл. таксама:

Г.Кіркілас: "Магчыма, Беларусь пойдзе дэмакратычным шляхам разьвіцьця”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG