Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусаў зноў заклікаюць да эканоміі й ашчаднасьці


Радыё Свабода Паўсюдна перайсьці на рэжым эканоміі заклікае праект дырэктывы №3 Аляксандра Лукашэнкі. Дакумэнт сёньня абмяркоўвалі на паседжаньні прэзыдыюму Савету міністраў. Мяркуецца зьнізіць энэргаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту да 2010 году амаль на траціну, а да 2015 году — на палову (параўнальна з узроўнем 2005 году). Незалежныя эканамісты лічаць такія тэмпы нерэальнымі.

Міністар эканомікі Мікалай Зайчанка сёньня заявіў, што дырэктыва дапаможа “ператварыць эканомію і ашчаднасьць у фактар эканамічнага разьвіцьця”.

Незалежны эканаміст Кастусь Скуратовіч з гэтай нагоды зазначае, што падобныя фармулёўкі суправаджалі савецкую гаспадарку ад часу яе існаваньня:

“Людзі сталага веку памятаюць, што за ўсе гады савецкай улады вялася пэрманэнтная барацьба за эканомію. Заклікалі працаваць на зэканомленых сыравіне, энэргіі. Усе суботнікі праводзіліся толькі на зэканомленых рэсурсах. А ў выніку савецкая эканоміка ў шэсьць-дзесяць разоў выдаткоўвала больш рэсурсаў на адзінку прадукцыі за Амэрыку, Нямеччыну, Брытанію, а перад канцом СССР — і за Японію ды гэтак далей”.

Былы генэральны дырэктар вытворчага аб’яднаньня “Амкадор” Васіль Шлындзікаў гаворыць, што цяпер для бальшыні беларускіх прадпрыемстваў захоўваць цяпло ў вытворчых памяшканьнях робіцца “непад’ёмным”:

“Куды ж далей берагчы?! Ніякая дырэктыва нічога ня зьменіць. Такіх дакумэнтаў на маім жыцьці было столькі, што ўсіх і не згадаеш. Толькі ад іх нічога не зьмянялася. Усё на свае месцы ставіць рэальная эканоміка. І калі ты ня можаш плаціць, дык мусіш альбо нешта рабіць, каб стаць канкурэнтаздольным, альбо мусіш памерці”.

Для выкананьня новай дырэктывы да 1 ліпеня створаць беларускую нафтавую дзяржаўную кампанію. Гэты тэрмін назваў сёньня першы віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ўладзімер Сямашка на згаданым паседжаньні. Васіль Шлындзікаў пэсымістычна ставіцца да зьяўленьня яшчэ адной дзяржаўнай канторы:

“У нас застаюцца два выбары. Адзін — і надалей закручваць гайкі адміністрацыйнай сыстэмы, ствараць вось такія “манаполькі” і ўсё кантраляваць. Другі — ствараць умовы для разьвіцьця рынкавай эканомікі”.

Канстанцін Скуратовіч мяркуе, што зьяўленьне чарговай прэзыдэнцкай дырэктывы ня зьменіць радыкальна сытуацыі:

“Каб сапраўды эканоміць, каб рацыянальна выкарыстоўваць энэргію, патрэбны гаспадар на вытворчасьці. А пакуль у нас толькі робіцца выгляд, што дырэктар — ён жа гаспадар. І таму ўсё будуць рабіць па-ранейшаму — складаць пляны эканоміі, ашчаднасьці, укараненьня прагрэсіўных тэхналёгіяў”.
XS
SM
MD
LG