Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 сакавіка ў шэрагах кіроўцаў чакаецца “натуральны адбор”


Ігар Карней, Менск Ад 1 сакавіка набудуць моц новыя нормы адміністрацыйнай адказнасьці датычна парушальнікаў Правілаў дарожнага руху. Спэцыялісты адзначаюць радыкальна больш жорсткі падыход Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі да кіроўцаў і пешаходаў, якіх прызнаюць вінаватымі ў стварэньні аварыйнай сытуацыі. Істотна падвышаюцца ня толькі памеры штрафных санкцый, але ўводзяцца адміністратыўны арышт, папраўчыя працы і пазбаўленьне права займацца пэўнай дзейнасьцю. Пашыраецца сфэра правапарушэньняў, якія цягнуць пазбаўленьне пасьведчаньня кіроўцы.

У Адміністрацыйны кодэкс уведзеныя 25 новых пунктаў, якія істотна ўскладняць жыцьцё кіроўцам і пешаходам. За перавышэньне хуткасьці на 30 кілямэтраў на гадзіну – штраф у эквіваленце 150 даляраў (за паўторнае парушэньне цягам году – 15 базавых велічынь і пазбаўленьня права кіраваньня да году. Размова за рулём па мабільным тэлефоне, адсутнасьць тэхагляду, несвоечасовая рэгістрацыя транспарту – усё будзе каштаваць дзьве базавыя велічыні. Няма страхоўкі на машыну – адразу ж рыхтуй 155 тысяч рублёў. Страціў ці прыхаваў нумарны знак – мінус 620 тысяч рублёў сямейнага бюджэту (у выпадку рэцыдыву сума аўтаматычна падвойваецца). Стварэньне аварыйнай сытуацыі – у эквіваленце тыя ж 300 даляраў, але з пэрспэктывай пазбаўленьня пасьведчаньня кіроўцы на 2 гады. Паездка без правоў – 1 мільён 395 тысяч рублёў. Мяркуецца, што ад наступнай зімы будуць карацца нават тыя, хто не пасьпеў “пераабуцца” ў зімовыя шыны.

Супрацоўнікі ДАІ не хаваюць: мэтазгоднасьць жорсткіх захадаў выкліканая ня толькі імкненьнем навесьці парадак на дарогах, але й зьменшыць транспартны паток. Гаворыць інспэктар ДАІ.

“Бо гэта праблема, канечне. Машынаў на дарогах, самі бачыце, колькі, паток шматразова павялічыўся. Куды іх столькі ўсунуць? Адназначна некаторых трэба правоў пазбаўляць. Асабліва што да курсантаў, якія ледзьве-ледзьве іспыты здалі – і адразу ж на дарогу. Ён жа здаў, і забыўся пра ўсё адразу. З такімі трэба гэтаксама нешта трэба рабіць”.

Кіраўніцтва Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі запэўнівае, што больш жорсткае адміністрацыйнае заканадаўства ня выкліча іншай навалы – павелічэньня колькасьці хабарнікаў сярод інспэктараў ДАІ. Намесьнік начальніка ДАІ МУС Беларусі Ігар Вайніцкі разумее, што любы кіроўца паспрабуе ўгаварыць міліцыянта ўзяць меней, чым прадугледжана Адміністрацыйным кодэксам. Спадар Вайніцкі ўдакладняе, чым можа скончыцца такая “спакуса” для інспэктара.

“Ня буду хаваць: былі людзі, якія ішлі ў ДАІ па чутках. Маўляў, тут усе мільянэры, ня ведаюць, куды грошы траціць. І прыходзілі з адной мэтай – набіць кішэні. Мне даводзілася выпраўляць такіх супрацоўнікаў на лаву падсудных… Сядзіць інспэктар дарожна-патрульнай службы перад атэстацыйнай камісіяй. Ён, з вышэйшай адукацыяй, упэўнена адказвае; разумее сытуацыю правільна – браць нельга. Праходзіць паўгадзіны, выходзіць з кабінэту – і тут жа мы яго затрымліваем за атрыманьне хабару ў памеры 40 тысяч рублёў. А вынік – 7 гадоў калёніі строгага рэжыму”.

Кіроўцы аптымізму ДАІ на захаваньне чысьціні шэрагаў не падзяляюць. Мікалай зь Мядзелу часта курсіруе паміж Менскам і гэтым курортным горадам. Расказвае, што толькі за апошні тыдзень двойчы адкупляўся ад даішніка – спачатку даў “на лапу” 20 тысяч рублёў, літаральна днямі – 50 тысяч. І асаблівага “змаганьня з сумленьнем” у інспэктара Мікалай не заўважыў.

“Трэба кагосьці і саджаць, гэта зразумела. Аднаго са сваіх яны, натуральна, могуць і здаць, пасадзіць, але 99 мянтоў будуць багацець і надалей. Гэта ж сыстэма, таму камусьці проста не пашчасьціла. Вось ён адзін за ўсіх і цягне лямку. А 99, канечне, па-ранейшаму бяруць хабар”.

Карэспандэнт: “Мяркуеце, будуць браць і тады, калі памеры штрафаў вырастуць?”

Мікалай: “Я думаю, што будуць браць нават зь яшчэ большай ахвотай і энтузіязмам. Дый начальства будзе, пэўна, іх зьбіраць раз на тыдзень і прымушаць прыносіць “мзду” у “абшчак” некалькі большую, чым была дагэтуль. Таму што яны самі гэты закон і пралябіравалі…”

Штрафныя санкцыі ад 1 сакавіка будуць распаўсюджаныя таксама на пешаходаў, веласіпэдыстаў, пасажыраў гужавога транспарту. Зьявіўся на дарозе п’яны – чакай штрафу да 93 тысяч рублёў. Калі дзеяньні пешаходу прычыніліся да цялесных пашкоджаньняў, папсавалі дзяржаўную ці прыватную маёмасьць – заплаці ў межах 124-620 тысяч рублёў. Штраф прадугледжаны, калі схаваўся з месца аварыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG