Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Татальная прыватызацыя” пакуль застаецца доўгатэрміновай пэрспэктывай


Ігар Карней, Менск У Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь не пацьвярджаюць зьвесткі, агучаныя напярэдадні шэрагам інфармацыйных агенцтваў.

Так, сьцьвярджалася: згодна з даручэньнямі ўраду падрыхтаваны праект дакумэнту, паводле якога цягам 2007 году будзе праведзеная маштабная прыватызацыя дзеля стабілізацыі на ўнутраным валютным рынку. Было агучана, што плянуецца правесьці конкурсы ў продажы акцый шэрагу стратэгічных нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных прадпрыемстваў, дзяржаўнай долі буйных банкаў, прамысловых і аўтагігантаў, вытворцаў цукру, піва і г.д.

Аднак у Савеце міністраў пэрспэктыву “татальнай прыватызацыі” не пацьвярджаюць. Прэсавы сакратар Саўміну Аляксандар Цімашэнка сказаў, што бачыў адпаведныя паведамленьні, аднак ніякі дакумэнт да яго не трапляў. Да таго ж, у зьвязку з тым, што інфармагенцтвы спасылаюцца на ананімную крыніцу ў Міністэрстве эканомікі, спадар Цімашэнка заявіў, што не хацеў бы камэнтаваць зьвесткі неназваных асобаў.

Журналісцкая “крыніца” удакладняла, што правядзеньне актыўнай прыватызацыі ў шэрагу стратэгічных галінаў народнай гаспадаркі прадугледжана распрацаваным Міністэрствам эканомікі праектам пляну мерапрыемстваў на дасягненьне станоўчага сальда зьнешняга гандлю ў 2007 годзе. У згаданым ведамстве ад камэнтароў на гэты конт устрымліваюцца.
XS
SM
MD
LG