Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вешнякоў: Рэфэрэндум па Канстытуцыйным акце можа адбыцца ў 2007––2008


Юры Дракахруст, Прага Рэфэрэндум па Канстытуцыйным акце гэтак званай саюзнай дзяржавы можа адбыцца ў 2007–2008 гады. Пра гэта ў часопісе “Союзное государство” заявіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі Аляксандр Вешнякоў. Паводле яго заканадаўства Расеі дазваляе правесьці рэфэрэндум па праекце Канстытуцыйнага акту ў любы пэрыяд часу, у тым ліку ў 2007 альбо 2008 гады.

Аляксандар Вешнякоў патлумачыў, што магчымасьць вынясеньня на рэфэрэндум у Расеі Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы прадугледжаная міжнароднай дамовай Расеі – дамовай “Аб стварэньні саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі”. У дадзеным выпадку ініцыятыва правядзеньня плебісцыту павінна зыходзіць ад палат Фэдэральнага сходу Расеі і прызначае рэфэрэндум расейскі прэзыдэнт.

Варта адзначыць, што яшчэ напрыканцы 2006 году старшыня расейскай ЦВК выказваў сумневы ў тым, што рэфэрэндум па Канстытуцыйным акце можа быць праведзены ў 2007 годзе. ”Я ня бачу сур’ёзных перадумоваў для таго, каб умовы для аб’яднаўчага рэфэрэндуму сасьпелі і гэтая ініцыятыва магла быць рэалізаваныя ў наступным годзе” – казаў Аляксандар Вешнякоў роўна 2 месяцы таму.

Паводле расейскага Канстытуцыйнага закону аб рэфэрэндуме гэтае мерапрыемства ня можа праводзіцца у апошні год паўнамоцтваў прэзыдэнта ці Дзяржаўнай думы. Выбары ў Думу павінны адбыцца 2 сьнежня сёлета, гэта значыць менш, чым праз год.

Аднак з тлумачэньня, якое даў сёньня Аляксандар Вешнякоў, вынікае, што на рэфэрэндумы, магчымасьць правядзеньня якіх вынікае з міжнародных дамоваў Расеі, гэтае правіла не распаўсюджваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG