Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox populi: “Трэба, каб сталінскія рэпрэсіі асудзілі найвышэйшыя чыноўнікі”


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёлета 70-я ўгодкі кульмінацыі чырвонага тэрору 1937 году ў СССР. З гэтай нагоды беларуская грамадзкасьць абвясьціла 2007 год годам памяці ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Як трэба ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскага тэрору? На гэтае пытаньне адказвалі людзі на менскіх вуліцах.

Хлопец: “Мэмарыял, які-небудзь помнік паставіць”.

Спадар: “Просты помнік, звычайны. Як магіла невядомага салдата”.

Пэнсіянэр: “Трэба нейкі помнік паставіць”.

Дзяўчына: “Трэба ім паставіць помнікі ці мэмарыяльныя дошкі на дамах”.

Хлопец: “Іх мусяць пастаянна згадваць”.

Спадар: “Помнікі трэба ставіць, трэба ўшаноўваць”.

Пэнсіянэр: “Трэба ж нешта зрабіць. Нейкі помнік. Гэта ў Курапатах? Найперш трэба асудзіць злачынствы, а па-другое — паставіць нейкі мэмарыял. Гэта ж бязьвінна расстраляныя людзі. І не адзін, два чалавекі, а вельмі шмат. Ну і адпаведна — каб прэса асьвятліла і асудзіла гэтыя рэпрэсіі. І каб на ўзроўні афіцыйных асобаў, каб найвышэйшыя чыноўнікі асудзілі. А ня толькі я, пэнсіянэр”.

Карэспандэнт: “Як трэба ўшанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў?”

Спадар: “Можа, помнік паставіць. Каб такое не паўтарылася, каб памяталі пра той час”.

Спадарыня: “Людзі забылі пра гэта, трэба ім нагадваць. Каб такое ніколі не паўтарылася. А як нагадваць? Можа нейкімі акцыямі, помнікамі, ускладаньнем кветак. У прэсе павінна быць. Людзям трэба нагадваць, бо яны забываюць”.

Пэнсіянэр: “Ахвяраў рэпрэсіяў Сталіна трэба ўшаноўваць. Яны ж не былі ворагамі й здраднікамі. Іх трэба памятаць, бо гэта нашая гісторыя”.

Спадар: “Калі людзі бязьвінна пацярпелі, павінна быць памяць, як напамін нашчадкам. Каб людзі разумелі й не дапускалі такога беззаконьня, якое тады было. Бо з нашай маўклівай згоды адбываюцца розныя беззаконьні”.
XS
SM
MD
LG