Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Зьміцер Плакс, Язэп Янушкевіч, Усевалад Сьцебурака


Аўтары: Валянціна Аксак, Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 24 лютага)

ЛІТПРАЦЭС

ЗЬМІЦЕР ПЛАКС: “НАСТУПНЫ ГОД У ШВЭДЗКІМ ІНСТЫТУЦЕ — ГОД БЕЛАРУСІ”

Госьцем “ДЛ” мы запрасілі пісьменьніка, мастака і журналіста Зьмітра Плакса, скарыстаўшы ягонае чарговае наведваньне Менску. Спадар Плакс прыехаў са Стакгольму, дзе стала жыве апошнія сем гадоў, дзе выдаў чатыры кнігі свайго літаратурна-мастацкага праекту “Дзёньнік Сая Туомблі”. Чатыры гады таму ён стварыў беларускую рэдакцыю Швэдзкага радыё, якую і да сёньня пасьпяхова ўзначальвае. Са Зьмітром Плаксам гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Яшчэ жывыя тыя, хто памятае вашыя “Плаксы”, якія друкаваліся ў газэце “Имя”. А потым “Плаксы” разам зь іхнім аўтарам зьніклі з поля зроку прыхільнікаў. А пазьней ня стала і газэты. Вы зьехалі зь Менску ў Стакгольм. Чаму менавіта Швэцыя стала новым месцам вашага жыцьця, а ня, скажам, Францыя, Нямеччына ці ЗША, куды модна было зьязджаць у той час?”

Зьміцер Плакс: “Гэта атрымалася цалкам выпадкова: я ажаніўся, а мая жонка жыве ў Швэцыі, таму і я трапіў у Швэцыю”.

Аксак: “У Беларусі вы пісалі па-расейску. У Швэцыі пішаце па-беларуску, па-расейску і па-швэдзку. Перакладаеце з усіх гэтых трох моваў. Прычым у абодва бакі: зь беларускай на швэдзкую і наадварот, з расейскай на швэдзкую і наадварот, зь беларускай на расейскую і наадварот. Што вас змусіла стаць такім спэцыялістам?”

Плакс: “Ну, я пісаў па-беларуску і ў Менску, іншая рэч, што цікавасьць да таго, што я пісаў па-беларуску, была тады нулявая. Чаму я пачаў актыўна перакладаць? Да гэтага вымусіла эміграцыя, бо тое, што я пішу па-беларуску і па-расейску, у Швэцыі ня мае ніякага попыту. Я пачаў пісаць па-швэдзку. А пераклады гэта тое, за што плацяць грошы. Увогуле я за гэты час так стаміўся ад перакладаў, што пішу такія тэксты, якія немагчыма перакласьці”.

Аксак: “Нешта ўсё-ткі ўплывае на ваш выбар мовы пісаньня ў пэўны момант?”

Плакс: “З унутраных прычынаў, як гэта ні дзіўна гучыць, я ў апошнія гады пішу па-швэдзку. Ужо шмат гадоў я жыву ў сытуацыі, калі мова фармуе мяне. Я не магу з адказнасьцю фармаваць гэтую мову. Гэта ўжо цалкам іншая сытуацыя, якая зьмяніла мяне, як чалавека”.

Аксак: “У лютым ў Швэцыі ладзіцца першы сэмінар швэдзка-беларускіх перакладчыкаў. А ў сьнежні ў Стакгольме адбыліся беларуска-швэдзкія літаратурныя сустрэчы. Да гэтага таксама можна згадаць колькі швэдзкіх ініцыятываў ці зацікаўленьняў беларускай літаратурай. Чым, на вашую думку, выкліканая такая актыўная ўвага з боку швэдаў да беларускае літаратуры?”

Плакс: “У Швэцыі ёсьць пэўная цікавасьць да таго, што адбываецца ў галіне культуры і літаратуры ў Беларусі. І гэтая цікавасьць павялічваецца з кожным годам. Усё больш шырокія колы людзей у Швэцыі разумеюць, што існуе такая дзяржава, і што яна існуе недзе побач. А каб даведацца нешта пра дзяржаву, то, зразумела, трэба ведаць нешта пра яе культуру”.

Аксак: “Хто, якія арганізацыі, установы ці інстытуцыі фінанунсуюць гэтае зацікаўленьне беларускай культурай?”

Плакс: “У Швэцыі ёсьць такая ўстанова, якая называецца Швэдзкі інстытут. Гэта дзяржаўная ўстанова, якая існуе дзеля таго, каб распаўсюджваць веды пра Швэцыю і швэдзкую культуру за мяжою, каб спрыяць кантактам паміж культурай Швэцыі і культурамі замежжа”.

Аксак: “Трое зь беларускіх літаратараў былі вылучаныя на атрыманьне Нобэлеўскае прэміі. Каго зь іх вы перакладалі і як тыя пераклады ўспрынятыя ў Швэцыі?”

Плакс: “Я ні Быкава, ні Алексіевіч, ні Барадуліна не перакладаў. З Быкава перакладзеная толькі адзіная кніжка на швэдзкую мову — гэта “Кар’ер”. Перакладзеная, калі не памыляюся, яшчэ ў 80-я гады з расейскай мовы. Алексіевіч увогуле адзіная беларуская пісьменьніца, якая вядомая ў Швэцыі. Барадуліна на швэдзкай мове няма, ёсьць толькі кніжкі“Быць” і “Ксты” ў перакладах на ангельскую мову”.

Аксак: “Будучы ў Стакгольме летась у сьнежні, у дні, калі там уручалася Нобэлеўская прэмія турэцкаму пісьменьніку Архану Памуку, я налічыла ў кнігарнях болей за дзесяць ягоных кніжак па-швэдзку. І ні разу не сустрэла ў кнігарнях Стакгольму хоць аднае кнігі нашых намінантаў. Як вы мяркуеце, чаму беларуская дзяржава не займаецца такой найпрэстыжнейшай для свайго іміджу справай, як прапаганда за мяжой сваіх намінантаў на Нобэля?”

Плакс: “Я думаю, што гэта праблема ня толькі беларускай дзяржавы, але і швэдзкага рынку. Ніякае выдавецтва, якое ня можа там так ці інакш атрымаць фінансаваньне за сваю працу, ня будзе выдаваць сабе ў мінус нейкія кніжкі. Таму іх і няма”.

Аксак: “Сёлета вы ўжо другі раз прыехалі ў Менск: першы раз у студзені з выставай, а цяпер вы прыехалі зь вялікай групай зацікаўленых асобаў, якія тут спрабуюць нешта папярэдне зрабіць – наступны год абвешчаны годам Беларусі ў Швэцыі. Гэта гучыць вельмі моцна…”

Плакс: “Так, наступны год — год Беларусі ў Швэдзкім інстытуце, ня ў Швэцыі. Падобная практыка існуе на працягу некалькіх гадоў. Пару гадоў таму быў год Расеі, гэты год — год Украіны, а вось наступны плянуецца зрабіць годам Беларусі. Напэўна, адбудзецца нейкае пашырэньне праектаў, будзе больш зацікаўленае супрацоўніцтва на розных узроўнях. І я спадзяюся, што гэта дасьць пэўныя вынікі”.

КРЫТЫКА

ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ: “НОВАЕ ЖЫЦЬЦЁ “НОВАЙ ЗЯМЛІ” Якуб Колас. Нова земля. Поема. Переклад з білоруськой Валерія Стрілка. Кіеў, Украінскі пісьменьнік. 300 стар. Наклад 1000 асобнікаў.

Ніколі ня думаў, што мой радзімы Ракаў далучыцца да гучаньня сакрамэнтальных для кожнага беларуса радкоў «Мой родны кут, як ты мне мілы…» спачатку па-польску, а потым і па-ўкраінску.

У не дужа далeкай восені 2001 году прыехаў з Варшавы ў Ракаў над Іслаччу варшаўскі журналіст і перакладчык Чэслаў Сэнюх: тады ў Беларускім Фондзе культуры рыхтаваўся адмысловы фаліянт: паэма «Новая зямля» — на трох мовах і пад адной вокладкай. Мне, як агульнаму рэдактару, належала падшліфаваць паасобныя мясьціны польскага перакладу. Ён і зьявіўся ў 2002 годзе, стаўшы падзеяй у беларуска-польскіх культурных узаемадзеяньнях.

Ніхто ня ведаў, што тады ж, на схіле 2001 году, распачаў працу над украінскім перакладам нашай нацыянальнай эпапеі Валеры Стралко (ён нарадзіўся ў старажытным Любечы на суседняй зь Беларусьсю Чарнігаўшчыне у 1938 годзе). Першы варыянт перакладу «Новай зямлі» паэт скончыў у траўні 2004 году.

І вось прыканцы мінулага 2006 году ў кіеўскім выдавецтве “Украінскі пісьменьнік” выйшаў томік «Якуб Колас. Нова земля: Поема / Переклад з білоруської Валерія Стрелка». Ня будзе вялікім сакрэтам сказаць, што першапачаткова тэкст гэты рыхтаваўся для аднаго пэрыфэрыйнага ўкраінскага выдавецтва на Чарнігаўшчыне, але ўсё ж выйшаў у сталічным Кіеве.

Мiй куте рідний, серцю милий!.. Тебе забуть не маю сили! Частенько, втомлений шляхами, Весни убогої літами, В думках до тебе запліваю І там душею спочиваю.

Магу дакладна сьцьвярджаць, што да запеўных, першапачатковых радкоў слыннай паэмы перакладчык падыходзіў з найвялікшай адказнасьцю, перабраўшы не адзін дзясятак варыянтаў (сьведчаньнем гэтаму некалькі кампутарных тэкстаў, якія захоўваюцца ў асабістым архіве перакладчыка).

Цікавая дэталь з падрыхтоўкі ўкраінскай «Новай зямлі». Кіеўскі рэдактар гэтай этапнай ва ўкраінска-беларускіх узаемаадносінах кнігі Ўладзімер Каламіец, чалавек паэтычны, амбітны, рэдагуючы прапанаваны выдавецтву В.Стралком тэкст, прыйшоў да высновы: некаторыя мясьціны паэмы “непаэтычныя”. Таму іх належыць «апусьціць».

Заклапочаны перакладчык зьвярнуўся да мяне па дапамогу. Як быць? У голасе чуліся ноткі магчымай згоды.

В.Стралка можна было зразумець: надта жадалася пабачыць свой пераклад надрукаваным. Тым больш у прэстыжным кіеўскім выдавецтве. Нават калі ён будзе трохі «прыкарочаны». Як на першае выданьне — пойдзе. А пазьней можна будзе прычакаць і поўнае.

Я катэгарычна не пагадзіўся. Аргумэнтуючы тым, што калі мы цяпер не «праб’ем» поўнае выданьне ўкраінскай «Новай зямлі» — немаведама як станецца ў будучым. А галоўнае, было шкада таго, што пераклад В. Стралко быў выкананы ня толькі кангеніяльна (з лацінскай мовы — які супадае па духу, складзе думак), але і эквілінеарна — адпаведна па колькасьці радкоў з арыгіналам). Паколькі ў расейскім перакладзе паэмы і цяпер не хапае тысячы радкоў, а ў польскім перастварэньні Чэслава Сэнюха іх больш амаль на паўтары сотні (11 093 замест 10 963 радкоў арыгіналу).

Аргумэнты, відаць, падзейнічалі. Украінскі пераклад не быў падкарочаны.

Такім чынам, выкананы В.Стралко пераклад «Новай зямлі» — гэты творчы подзьвіг, не расьцягнуты на дзесяцігодзьдзі, а зьдзейсьнены амаль за тры гады — трэці пасьля расейскага (1949; перакладчыкі С.Гарадзецкі, М.Ісакоўскі, Я.Мазалькоў, П.Радзімаў, П.Сямынін.) і польскага (пераклаў Ч.Сэнюх у 1991-2001).

Выданьне пабачыла сьвет дзякуючы замове Дзяржаўнага камітэту тэлебачаньня і радыё Ўкраіны ў межах праграмы “Ўкраінская кніга”.

Выхад у сьвет украінскага перакладу несьмяротнай паэмы прымеркаваны да стагодзьдзя паэтычнага дэбюту Якуба Коласа, да 50-годзьдзя з дня сьмерці і 125-годзьдзя з дня нараджэньня. Пераклад, падкрэсьлю яшчэ раз, выкананы эквілініярна. Што на сёньня не ўдалося анікому, хто далучыўся да цяжкой і пачэснай працы «сувязнога народаў».

Калі ў прасторы пад вечным небам «зорца зорцы голас падае», народ народу працягвае найдаражэйшае: сваё неўміручае слова.

Чым і прывабны гэты прыгожы сьвет людзтва. Калі радзімая Беларусь для “нэнькі”-Украіны падаравала найдаражэйшае — сваю паэтычную візытоўку ХХ стагодзьдзя.

АЎТАР І ТВОР

УСЕВАЛАД СЬЦЕБУРАКА: “БЕЛАРУСАМ НЕ ХАПАЕ КАМЯНЁЎ У КРАЯВІДАХ”

Бібліятэчка часопіса “Дзеяслоў” узбагацілася новым выданьнем — пад № 3 у ёй пабачыла сьвет кніга Ўсевалада Сьцебуракі “Крушня”. Ён нарадзіўся ў 1981 годзе ў Жлобіне ў сям’і лекараў. Закончыў гімназію ў Вялейцы, гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Ляўрэат літаратурнай прэміі “Залаты апостраф”, заснаванай “Дзеясловам”. З аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.

Скобла: “Усевалад, мне ўспомніліся кнігі другіх пісьменьнікаў з “каменнымі” назвамі: “Зажураны камень” Вячаслава Адамчыка, “Валун” Алеся Наўроцкага, “Зь белага каменьня — сіняе пламеньне”... А ў вас цэлая “Крушня”. Ці не замнога камянёў будзе ў беларускай літаратуры?

Сьцебурака: “Беларусам не хапае камянёў у краявідах, бо гораў сапраўдных мы ня маем. Але пры гэтым нейкія моцныя архэтыпы, закладзеныя ў камянях, яны ўсё ж такі прысутнічаюць у нашым жыцьці. Крушня — гэта ня толькі горба дзікага каменьня, гэта можа быць і стары будынак, які сыйшоў на крушню, распаўся. Крушня — гэта і нашыя замкі накшталт Крэва, якое сёньня расьцягваецца па камені на сьвіраны і хлеўчукі мясцовымі жыхарамі. Крушня — гэта нешта не пабудаванае, але цэльнае, адзінае. Мая крушня — гэта тыя краявіды, якія я бачу ў Заходняй Беларусі, на радзіме майго дзеда. Ад яго сядзібы засталася таксама толькі крушня, нават менш — толькі каменьне ў траве”.

Скобла: “Вы па адукацыі гісторык, што, праўда, амаль не адбіваецца на вашай творчасьці. Беларуская гісторыя вас не натхняе?”

Сьцебурака: “Гісторыя натхняе. Але як паэзія не адлюстроўваецца ў гісторыі, так і гісторыя на адлюстроўваецца ў паэзіі. Узаемны ўплыў мусіць быць, але нейкага ўзаемапранікненьня моцнага, сюжэтнага не адбываецца. У мяне ніколі не было жаданьня заняцца паэзіяй на гістарычную тэму, не было такога пакліканьня. Мяне найбольш цікавіць Вялікае Княства Літоўскае, асобныя часы Рэчы Паспалітай, у меншай ступені — позьнія пэрыяды. Хоць ёсьць цікавыя лірычныя моманты і ў 19 стагодзьдзі, і ў 20-м”.

Скобла: “Маладыя творцы звычайна шукаюць і новых зьместаў, і новых формаў. Вы ж упадабалі форму трыялета, якому ўжо амаль пяцьсот гадоў. Чым вас прывабіў менавіта трыялет?”

Сьцебурака: “Трыялет вонкава просты, але ў ягоных васьмі радках можна сказаць усё, што хочаш сказаць наогул. Я пазнаёміўся з трыялетам праз Максіма Багдановіча, памятаеце: “Мне доўгае расстаньне з Вамі чарней ад Вашых чорных кос…” Бабуля мая была настаўніцай, і дома засталося шмат рознай даведачнай літаратуры. Аднойчы я зазірнуў у стары, яшчэ савецкі, літаратуразнаўчы даведнік і пабачыў там і рандо, і трыялет. Запомніў сыстэму складаньня, паспрабаваў некалькі напісаць”.

Скобла: “Адзін з вашых вершаў пачынаецца вядомым радком: “Ад прадзедаў спакон вякоў...”. Другі — ня менш вядомым: “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы...”. Прытым вы не даяце ніякіх спасылак. Прабачце за старамоднае пытаньне: а Купала з Коласам не пакрыўдзяцца?”

Сьцебурака: “У мяне не было жаданьня выкарыстаць чужое, я не займаюся плягіятам. Гэта як адказ клясыкам, спадзяваньне на тое, што чытач адразу адгукнецца, бо гэта проста само на языку круціцца. Магчыма, тут я падпаў пад уплыў літаратараў кшталту Хадановіча, які таксама выкарыстоўвае ня толькі чужыя радкі, але і сьпевы замежных музыкаў”.

Скобла: “Вашая кніга выйшла ў бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў” амаль адначасова з кнігай Васіля Быкава “Бліндаж”. А каго зь беларускіх клясыкаў сёньня чытае пакаленьне 25-гадовых?”

Сьцебурака: “Цяжка адказаць за ўсё пакаленьне. На жаль, бальшыня 25-гадовых маіх суайчыньнікаў нікога наогул не чытаюць. За выняткам, можа быць, нейкага лёгкага жанру, кішэнных дэтэктываў, якія чытаюцца ў мэтро. Калі хто што-небудзь і чытае, то — тых самых аўтараў, якія былі і раней, апрача хіба задужа ідэалягізаваных твораў. Безумоўна, па-ранейшаму чытаюць Коласа з Купалам, чытаюць Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, чытаюць літаратараў пакаленьня Законьнікава і Някляева, чытаюць Арлова”.

Скобла: “Вы зьяўляецеся ляўрэатам літаратурнай прэміі “Залаты апостраф” — за лепшую паэтычную публікацыю ў “Дзеяслове”. А чые яркія публікацыі вам запомніліся за мінулы год — у любых жанрах?”

Сьцебурака: “Маю сантымэнт да творчасьці Сяргея Прылуцкага, Вальжыны Морт, Анатоля Івашчанкі. Хоць названыя мною аўтары, магчыма, выклікаюць спрэчныя думкі, не ў засёды яны зразумелыя, не заўсёды іх думкі празрыстыя і простыя. Паэзія павінна быць няпростай, нават трохі зашыфраванай, але шыфр павінен прачытвацца сэрцам простага чалавека. Можна стварыць помнікі літаратурныя, якія будуць зразумелыя толькі знаўцам, абазнаным у з глыбіннымі сэмантычнымі сэнсамі словаў, але гэта рабіць наўрад ці варта. Коласа і Купалу ведалі аднолькава і акадэмікі, і бабулькі ў вёсках”.

Скобла: “Прэзэнтацыя вашай “Крушні” адбылася ў Вялейцы — там, дзе вы закончылі гімназію. Для вас важна, як вашую творчасьць прынялі там?”

Сьцебурака: “Прэзэнтацыя “Крушні” ладзілася адначасова і як доўгачаканая сустрэча маіх землякоў з часопісам “Дзеяслоў”. У Вялейку выяжджалі рэдактар часопіса Барыс Пятровіч, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пятровіч, майстра слова Ўладзімер Пракопавіч Някляеў і мы з Анатолем Івашчанкам. Аўдыторыя была падрыхтаваная, гэта былі сталыя чытачы “Дзеяслова”, якія добра арыентуюцца ў літаратурным і калялітаратурным жыцьці. Цягам усёй вечарыны ніхто ня выйшаў з залі, усе былі задаволеныя. Асабіста для мяне ўсё гэта было вельмі прыемна. Я ўспрымаю Вялейку як сваю радзіму, месца, дзе я стаў дарослым чалавекам”.

УСЕВАЛАД СЬЦЕБУРАКА. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *

Вершы нараджаюць ў цішыні. Хай пасьля чытаюць іх на пляцы. Музы патрабуюць ціхай працы, вершы нараджаюць ў цішыні. Ці у полі голым, ці ў палацы, ці ў летуценнай вышыні. Вершы нараджаюць ў цішыні. Хай пасьля чытаюць іх на пляцы.

* * *

Вецер гуляе ў напарсткі кубачкамі з плястыку. Дрэвы запозьнена робяць ранішнюю гімнастыку. Менск вяртаецца з Гораду, з офісаў і заводаў, месьціцца ля тэлевізараў у пошуках танных прыгодаў. Плавае флёт недапалкаў у акваторыях лужын, хтосьці гатуе вячэру,



большасьць, напэўна, — “ужын”. Вочы вакон заплюшчваюць





жалюзі ды фіранкі, бегаюць і страляюць у тэлевізары “янкі”. Дзень стары адлятае,



дзень надыходзіць новы. Нехта шукае пары,



нехта шчырай размовы. Дождж вышыня нараджае,





цемра рыхтуе пасткі, блытае, перашкаджае



ветру гуляць у напарсткі.

* * * Ад прадзедаў спакон вякоў мне б засталося сто гэктараў. Каб не было бальшавікоў ды іхніх ср... камісараў.

* * *

Неба любіць ваду, бо бачыць у ёй сваё адлюстраваньне. Вада любіць неба, бо глядзіць на яго як на сябе. Зямля любіць дождж, бо пасьпявае ў кроплі, што падае, паглядзець на свой адбітак. Кропля любіць чалавечае вока, бо думае, што гэта маленькае неба. І мала памыляецца, бо вока таксама нараджае кроплю — сьлязу.

* * * Я хацеў бы сустрэцца з вамі на вуліцы, дзе яднае шыхты наш спрадвечны штандар. Хай хістаецца сьвет — човен не перакуліцца — наша права пабачыць нябёсы бяз хмар!

Я хацеў бы сустрэцца. Хай з кожным дзясятым, з тых, хто крыкам крычыць пра радзіму ці сьмерць, з тых, каго я хацеў бы пасьля назваць братам, ці ўжо болей ніколі і справаў ня мець.

Я хацеў бы сустрэцца. Хай толькі вачыма. І да скону мне хопіць хвіліны такой. Трэба верыць, бо вера ўсё робіць магчымым, і яшчэ трэба вуліцай крочыць адной.

* * * Ня мроіцца стаць манахам — не сапраўдным і не будысцкім. Ня хочацца сьпіцца са страху не айчынным бальзамам, ня рыскім. Няма жаданьня, каб чэрці псавалі радасьць жыцьця. Дык крый Божа боязі сьмерці, як ёсьць хоць хвіліна жыцьця!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG