Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ліквідатары зьвярнуліся да прэзыдэнта Украіны


Радыё Свабода Беларускія ліквідатары-чарнобыльцы ў лісьце да прэзыдэнта Украіны Віктара Юшчанкі прапанавалі яму ўзьняць шэраг пытаньняў на заплянаванай сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Як паведаміў БелаПАН адзін з падпісантаў ліста, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка, зварот да Віктара Юшчанкі накіраваны з ініцыятывы намесьніка старшыні чарнобыльскай камісіі Партыі БНФ Юрася Меляшкевіча за подпісамі больш чым 10 ліквідатараў. У звароце да кіраўніка краіны, на тэрыторыі якой 26 красавіка 1986 года адбылася чарнобыльская катастрофа, між іншым гаворыцца пра тое, што сёньня ў Беларусі ліквідатары-чарнобыльцы фактычна пазбаўлены льготаў у выніку зьмены закону "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС", прынятага ў лютым 1991 году.

"Нармальнай практыкай стала непрызнаньне сувязі паміж захворваньнямі ліквідатараў і фактам іх знаходжаньня ў зоне радыяактыўнага забруджваньня, пры гэтым ігнаруюцца аб''ектыўныя навуковыя зьвесткі, якія адназначна пацьвярджаюць наяўнасьць гэтай сувязі, гаворыцца ў звароце. -- А пералік захворваньняў, якія ў прынцыпе могуць быць прызнаны радыяцыйна абумоўленымі, пастаянна скарачаецца. Гэта пазбаўляе ліквідатараў-інвалідаў магчымасці карыстацца законнымі льготамі. Спробы адстаяць свае правы праз суд не даюць вынікаў і ў некаторых выпадках цягнуцца гадамі".

Таксама ў лісьце згадваецца, што ў Беларусі шырока распаўсюджана практыка вяртаньня ў гаспадарчы абарот зямель, якія забруджаны радыенуклідамі. Паводле І.Нікітчанкі, падпісанты звароту просяць В.Юшчанку падчас перамоваў з А.Лукашэнкам задаць яму пытаньні па названых вышэй праблемах. "Акрамя таго, у другой палове красавіка мы плянуем правесьці міжнародную навуковую канферэнцыю па пытаньнях ядзернай бясьпекі для Беларусі. Калі ўлады не дазволяць нам гэта зрабіць у Беларусі, канферэнцыя будзе праведзена за межамі краіны", - адзначыў навукоўца.
XS
SM
MD
LG