Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб''яўлены збор ахвяраваньняў на мэмарыяльны знак у Курапатах


Радыё Свабода Грамадзкі арганізацыйны камітэт па ўвекавечаньні памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій аб''явіў аб зборы ахвяраваньняў на ўзьвядзеньне мэмарыяльнага знака ў Курапатах. Такое рашэнне было прынята 26 лютага ў Менску на чарговым пасяджэньні аргкамітэту.

Як зазначыў яго сустаршыня, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў, апрача самога ўрочышча, як месца зьнішчэньня ахвяраў палітрэпрэсій 1930-1940-х гадоў, у Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцей Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць хоць якія-небудзь іншыя аб''екты, што знаходзяцца на тэрыторыі Курапатаў, у тым ліку "лаўка Клінтана" і месца пахаваньняў ахвяраў рэпрэсій. Навуковец нагадаў, што 28 лютага ў 15.00 у адпаведнасьці з традыцыяй прадстаўнікі грамадзкасьці ўшануюць памяць ахвяраў сталінізму ў Курапатах хвілінай маўчаньня і запаляць памінальныя сьвечкі, паведамляе БелаПАН.

Апрача таго, Ігар Кузняцоў прапанаваў распачаць збор ахвяраваньняў для аднаўленьня ва ўрочышчы мэмарыяльнага знака "Ахвярам сталінскага рэжыму", які быў выкрадзены празь некалькі дзён пасьля таго, як 30 кастрычніка 2005 года яго ўстанавілі прадстаўнікі грамадзкасьці.

Сустаршыня аргкамітэту, пісьменьнік Васіль Якавенка паведаміў, што зварот аргкамітэту "Да грамадзянаў Рэспублікі Беларусь і беларусаў сьвету", у якім утрымліваецца заклік аб''явіць 2007 год Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, а 29 кастрычніка -- штогадовым Днём памяці рэпрэсаваных, адпраўлены ў прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук і рэктарат Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту, а таксама ў пракуратуру Рэспублікі Беларусь, МУС, міністэрства інфармацыі і адукацыі.

Паводле словаў пісьменніка, у суправаджальных лістах да звароту ўтрымліваюцца прапановы па сумеснай дзейнасьці з дзяржавай. Апрача таго, як зазначыў В.Якавенка, тэксты звароту з суправаджальнымі лістамі будуць адпраўлены ў шэраг іншых міністэрстваў і ведамстваў, ва ўсе органы мясцовай выканаўчай улады і ў навучальныя ўстановы краіны.

Палітык Вячаслаў Сіўчык прапанаваў уключыць пытаньне аб мерапрыемствах Года памяці ў парадак дня Палітрады аб''яднаных дэмакратычных сілаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG