Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова рэклямы – прэстыж і блізкасьць да спажыўца


Севярын Квяткоўскі, Менск “Прэстыж”, “незвычайнасьць”, “свойскасьць”, “рызыкоўнасьць”, “элітарнасьць” – такімі словамі тлумачаць ужываньне беларускай мовы ў рэкляме прадстаўнікі бізнэсу і грамадзкасьці. Хто і чаму ўжывае, замаўляе беларускамоўную рэкляму ў пераважна расейскамоўнай інфармацыйнай прасторы Беларусі?

Слухаць:



Ва ўмовах рынкавых адносінаў да беларускай мовы ў рэкляме пэрыядычна зьвяртаюцца самыя розныя замоўцы. На пачатку 1990-х з патрыятычных меркаваньняў выключна на беларускай мовы рэклямавалі свае тавары такія фірмы як “Sotvar” і “Dainova”. Цяпер выключна па-беларуску прэзэнтуе сваю алькагольную прадукцыю прадпрыемства “БелПІ”. Пэрыядычна можна бачыць і чуць беларускамоўную рэкляму такіх брэндаў як “Renault”, “Adidas”, “Galina Blanka”, “Nescafe”. Але найбольш пасьлядоўна ад пачатку новага тысячагодзьдзя беларускай мовы трымаецца прадстаўніцтва карпарацыі “Samsung”. Гаворыць прадстаўніца “Samsung” у Беларусі Алена Ранцэвіч.

Ранцэвіч: “Для нас гэта іміджавы ход, і мы мяркуем, што беларуская мова вельмі элітарная, і ёю валодаюць ня ўсе, і тыя, хто валодае, лічаць гэта за вялікі гонар – размаўляць на роднай матчынай мове. Другая прычына, што мы хочам паказаць: мы дзейнічаем лякальна, што мы тут побач з нашымі беларускімі пакупнікамі”.

Гаворачы пра валоданьне мовай, спэцыялісты адрозьніваюць традыцыйныя гаворкі ад літаратурнай мовы. На думку кіраўніка менскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алены Анісім, узровень мовы рэклямы залежыць ад мэтавай групы патэнцыйных спажыўцоў:

Анісім: “Існуе шэраг сацыялінгвістычных дасьледаваньняў, якія дазваляюць вызначаць людзей, якія не валодаюць літаратурнай мовай. Тавары такіх фірмаў як “Samsung”, яны ў першую чаргу арыентаваныя на людзей дастаткова перадавых, дастаткова імклівых у часе. І ва ўсялякім разе падрыхтаваных інтэлектуальна і адукацыйна”.

Адзін з аргумэнтаў праціўнікаў беларускай мовы ў рэкляме – людзі існуюць у расейскамоўнай інфармацыйнай прасторы, і могуць не да канца зразумець сэнс словаў. На думку прадстаўніка адной з менскіх рэклямных фірмаў, рызыка існуе, і трэба выразна акрэсьліваць мэтавую аўдыторыю:

Спадар: “Калі гэта навукоўцы, калі гэта моладзь… Калі гэта дынамічная аўдыторыя, я лічу, што беларуская мова: выдатны сродак камунікацыі з аўдыторыяй. Калі гэта больш кансэрватыўная аўдыторыя – пэнсіянэры ці вайскоўцы, напрыклад, – магчымыя пэўныя рызыкі”.

Продажы фірмаў, якія рэклямуюць сябе па-беларуску, ня падаюць, а паціху растуць. Ці ёсьць узаемасувязь між ростам продажу і мовай рэклямы? Далей Алена Ранцэвіч:

Ранцэвіч: “Гэта быў арыгінальны маркетынгавы ход. Мы хацелі выдзеліцца на рынку вонкавай рэклямы. Хацелі, каб нас адразу заўважылі. Таму рызыкнулі рэклямавацца на беларускай мове. Але я не скажу, што ёсьць наўпроставая сувязь паміж продажамі і беларускамоўнай рэклямай. Прэстыж нашай гандлёвай маркі падвысіўся”.

Тым часам, колькасьць фірмаў, якія з той ці іншай пэрыядычнасьцю рэклямуюць сябе беларускай мовай, застаецца нязначнай ад агульнай колькасьці зарэгістраваных у Беларусі.
XS
SM
MD
LG