Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадукцыю беларускіх фэрмэраў больш цэняць у Расеі


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адбудзецца зьезд фэрмэраў. Праблем, якія ім неабходна абмеркаваць, за 5 гадоў, што прайшлі ад мінулага зьезду, не паменела. Нягледзячы на тое, што за гэты час была прынятая дзяржаўная праграма адраджэньня і разьвіцьця вёскі, скіраваная ў тым ліку і на падтрымку аднаасобных гаспадарнікаў, рэалізацыяй гэтай праграмы фэрмэры не задаволеныя.

Паводле статыстыкі, у краіне сёньня каля 2100 фэрмераў. Як паведаміў старшыня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня фэрмераў Канстанцін Ярмоленка, за пяць гадоў, што мінулі пасьля папярэдняга зьезду, колькасьць аднаасобнікаў скарацілася.

Летась, напрыклад, на Гомельшчыне было ліквідавана 28 гаспадарак, у той час як утварылася толькі 15.

Гаворыць кіраўнік асацыяцыі тутэйшых фэрмэраў Міхаіл Байда: “Ёсьць шэраг праблем, якія трэба рашаць. Каб не пахаваць фэрмэрства, каб яны не аказаліся толькі ў музэі. Бо фэрмэрства – гэта адзіная арганізацыйна-эканамічная форма, што засьведчыў усясьветны досьвед, якая прымальная для працы на зямлі”.

Як жывецца фэрмэрам? Напрыклад, берасьцейскім?

Анатоль Тарасевіч – кіраўнік фэрмэрскай гаспадаркі “Бардо” ў Пружанскім раёне: “Кепска. Мы на крухмальны завод здалі вельмі шмат бульбы. Але мала таго, што мы не атрымалі надбавак, якія нам абяцалі, але й яшчэ зьнялі немаведама колькі. Падманваюць нас. Вось здалі цукровыя буракі, але дагэтуль з намі не разьлічыліся. Здаецца, мы нібыта й гаспадары, але падтрымкі наагул няма ніадкуль. Прыватнік – гэта ўжо кепска”.


У 1990-ым годзе ў Беларусі было зарэгістравана 150 фэрмэраў. У 1995-ым – 4500. У 2007-ым – 2100.

Спадар Тарасевіч мае 100 гектараў зямлі. Паколькі летась бульба ў яго была выкуплена за бясцэнак, сёлета ён вырашыў ад яе адмовіцца. Пружанскі фэрмэр мае намер расьціць жыта й прадаваць яго там, дзе выгадна. Аднаасобнік з Лунінеччыны Ўладзімер Навіцкі таксама лічыць умовы гаспадарчага партнэрства зь дзяржавай нявыгаднымі. Таму сваю прадукцыю ён збывае ў Расеі.

Навіцкі: “Беларускія рынкі слаба разьвіты. Яны не “праглынаюць” тых аб’ёмаў, якія мы вырошчваем. Мы вырошчваем тысячы тон прадукцыі – буракоў, чорнай рэдзькі. І яна канкурэнтаздольная на рынках Піцера, Масквы. Я разьлічваю ў першую чаргу на сябе. Бо датацыяў няма ніякіх. Калі зможаш выжыць, то выжывай. Калі не, то не”.

Спадар Навіцкі выжывае гэтак ужо сем гадоў. Васямнаццаць гадоў аднаасобна гаспадарыць на Піншчыне сям’я Кабрынцоў. Гэта – адна са старэйшых фэрмэрскіх гаспадарак у раёне й наагул на Берасьцейшчыне.

Зямельны надзел Кабрынцоў, як паведаміла гаспадыня Вольга, 27 гектараў: “У нас балота. Рэч у тым, што раней давалі няўдобіцы. Побач – рэчка. Кожную вясну затоплівае. Ніхто ня чысьціць. Затоплівае наш участак. Сёлета стаяла вада цэлае лета. Так цяпер атрымліваецца, што толькі ў каго звыш 50 гектараў і больш, толькі тады дапамога дзяржавы. Называецца: круціцеся самі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG