Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя беларускай апазыцыі прыбыла ў ЗША са спазьненьнем на суткі


Валер Каліноўскі, Прага Дэлегацыя беларускай апазыцыі прыбыла ў Вашынгтон позна ў панядзелак па мясцовым часе -- з-за кепскіх умоваў надвор’я у Вашынгтонскім аэрапорце. Сёньня раніцай пачнецца афіцыйная праграма візыту беларускіх дэмакратаў у Злучаныя Штаты.

У прыватнасьці беларускія апазыцыянэры сустрэнуцца з сэнатарам Джонам Мак-Кейнам, патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах 2008 году ад Рэспубліканскай партыі, у Дзярждэпартамэнце іх прыме намесьнік памочніка дзяржсакратара Дэвід Крэмэр, у Кангрэсе яны сустрэнуцца з сябрамі Хельсынскай камісіі. Заплянаваныя сустрэчы з амбасадарамі эўрапейскіх краінаў у Вашынгтоне, а таксама з дасьледчыкамі, прадстаўнікамі грамадзкасьці і прэсы. На сераду заплянаванае спатканьне з рэдакцыйнай калегіяй газэты “Вашынгтон пост”.

Адзін з сябраў беларускай дэлегацыі лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка гэтак акрэсьліў мэты гэтых сустрэч і перамоваў:

Вячорка: “Гэта першы прыезд прадстаўнічай дэлегацыі кааліцыі дэмакратычных сілаў у Вашынгтон з пачатку гэтага году, які стварыў як новыя выклікі, праблемы, гэтак і новыя шанцы для Беларусі. І зразумела, што тыя ў Вашынгтоне, хто паважна займаецца нашым рэгіёнам, каго турбуе будучыня незалежных краінаў, якія раней належалі да былога савецкага блёку, каго турбуе сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека, хочуць пачуць нашы меркаваньні: што адбываецца, якія шанцы зьменаў на лепшае і чым яны могуць паспрыяць гэтым зьменам. Вось мы маем намер на гэтае пытаньне адказаць”.

У склад дэлегацыі беларускай апазыцыі акрамя лідэра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, ўваходзяць старшыня АГП Анатоль Лябедзька, першы сакратар Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін, жонка палітвязьня Ірына Казуліна і старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Сяргей Мацкевіч. Візыт працягнецца да 4 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG