Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 26 лютага


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага інтэрнэту.

У беларускім сеціве абмяркоўваюць артыкул у расейскай “Независимой газете” “Беларусь пераймае тактыку Кубы. Рэжым Лукашэнкі вырашыў залезьці ў неаплатную пазыковую яму”. Аўтары Міхаіл Сяргееў і Сяргей Скляраў мяркуюць, што заява расейскага ўраду пра гатовасьць выдаць Беларусі крэдыт на паўтара мільярда даляраў сьведчыць аб пераходзе ад скрытага фінансаваньня беларускай эканомікі да адкрытага. Аўтары параўноўваюць сытуацыю зь фінансаваньнем Кубы Савецкім Саюзам, калі наўперад было вядома, што Куба будзе ня здатная разьлічыцца з пазыкамі.

Водгукі з форумаў парталу Tut.by: “Проста як з бандыцкіх баевікоў: “Цяпер мы ваша “крыша!”; “Лукашэнка да канца сваіх дзён будзе кіраваць, а дакладней, пакуль Расея дае грошыкі”; “Я б хацеў, каб кожны мой зямляк навучыўся жыць за СВАЕ грошы, а не за тое, што дадуць”.

Блогер Козел крытыкуе дзейнасьць Аляксандра Мілінкевіча: “Бурная праца” ў рэгіёнах застаецца на старонках “Нашай нівы” і “Народнай волі”. Ня больш. А таму ўсе панты наконт лідэрства – гэта бура ў шклянцы”. Камэнтары: “Пакажыце хаця б аднаго лідэра – буду вельмі ўдзячна!”; “Трэба, каб фундатары забілі на фінансаваньне нашай любімай грантасос-тусы. Зьнікненьне сёньняшняга апазыцыйнага балота можа расчысьціць прастору дзеля стварэньня сапраўднага вызвольнага руху”; “Ды пакажыце мне хоць аднаго раскручанага палітыка, як Аляксандр Уладзімеравіч???!”; “Дагэтуль усе ставіліся да Мілінкевіча ляяльна, называлі Адзіным, лідэрам ад апазыцыі. А цяпер, як толькі Аляксандр Уладзімеравіч пачаў рабіць нейкія самастойныя крокі, зараз жа пачаліся напады на яго...”

Карыстальніца сайту блогаў “Жывы журнал” Вольнасьць расказвае ў сваім дзёньніку, як зірнула на Менск праз уражаньні палякаў, якім тры дні перакладала ў часе бізнэс-паездкі: “Яны былі ўпершыню ў нашай краіне, але праз 3 дні адзін зь іх трапна заўважыў, што ў Менску ўсё створана не для камфортнага існаваньня людзей, а на паказ... Ну, гэта акрамя шматлікіх словаў наконт энэргаёмістасьці ўсіх нашых будынкаў... Насамрэч нам калісьці давядзецца гэтую праблему неяк вырашаць, так ці інакш... а на дамах дадатковыя лямпачкі разьвешваюць і гавораць пра неабходнасьць эканоміі спажываньня энэргіі... ПАРАДОКС мысьленьня”.

У беларускім сеціве працягваюць абмяркоўваць сайт “Лукашенко-2008” і задавацца пытаньнем: гэта жарт ці сур’ёзна? Тым часам на сайце абнаўленьне – песьня “Лукашэнка, прыйдзі!”.

“...В дни испытаний, бед и сомнений Светоч нам Белая Русь. Русские с Вами, русские верят В новый Советский Союз! Лукашенко, приди в Россию, Александр Григорич, приди. За собою, братьев, веди нас До Победы вперёд веди!”

* * * Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG