Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі створаны народны рух “Наш кандыдат Лукашэнка”


Іна Студзінская, Менск У інтэрнэце зьявіўся сайт “Лукашенко-2008”. Яго стваральнікі — народны рух “Наш кандыдат у прэзыдэнты Расейскай Фэдэрацыі ў 2008 годзе Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка”. У Маскве зьявіліся наклейкі й банэры з рэклямай руху ў падтрымку Лукашэнкі.

Ачольвае ініцыятыўную групу народнага руху за Лукашэнку Андрэй Канурын.

Ягоны памочнік Ігар Півавараў расказаў Радыё Свабода: “Пра нас у Беларусі ніхто ня ведаў, мы гэта робім незалежна, тым больш ад Лукашэнкі, мы не зьвярталіся да яго. Але ёсьць у Расеі даволі вялікая частка людзей, якія лічаць, што апэрацыя “Пераемнік” — гэта зьдзек з народу. Выбіраць трэба ў канкурэнтнай барацьбе — і самага дастойнага. На постсавецкай прасторы Лукашэнка зьяўляецца адным з самых выдатных лідэраў”.

Сайт руху “Лукашэнка-2008” пачаў працаваць толькі ў чацьвер, але ён мае даволі важкае напаўненьне. Тут зьмешчаны артыкулы “Гэта будзе абсалютна новая палітыка”, “Беларусь ня будзе капіяваць чужога досьведу”, “Лукашэнка не разумее заяваў Пуціна”, “У Беларусі – самы высокі ўзровень пэнсіяў у СНД”.

На сайце артыкулы Глеба Паўлоўскага “Беларусь, якая ўдалася”, фрагмэнты кнігі Юр’я Шаўцова “Аб’яднаная нацыя. Фэномэн Беларусі”, інтэрвію Дзьмітрыя Рагозіна, Васіля Даўгалёва. Ёсьць нават аўдыёфайл зь песьняй “Лукашэнка, прыходзь!”.

Усе публікацыі падаюць Лукашэнку ў станоўчым сьвятле. І стваральнікі сайту, і ініцыятыўная група народнага руху працуюць на грамадзкіх пачатках. “Мы заказвалі толькі плякаты, – гаворыць Ігар Півавараў. – І нават гэта людзі, якія нам спачуваюць, зрабілі бясплатна. Ні за што мы не плацілі, людзі ахвяруюць са сваіх сродкаў. У нас вялізная наведвальнасьць сайту, за тры дні – чатыры тысячы чалавек у суткі, і ніякіх адмысловых сродкаў дзеля раскруткі мы не выкарыстоўвалі. Ужо больш за чатырыста подпісаў на сайце. Наша дзейнасьць будзе працягвацца”.

На сайце можна ўзяць удзел у апытаньні “Хто стане наступным прэзыдэнтам Расеі?”. Кіраўнік Беларусі пакуль што перамагае.

Беларусы, якія днямі наведалі Маскву, уражаныя рэклямнай кампаніяй руху, кажа моладзевы актывіст Андрэй.

“Пазаўчора ў мэтро я ўбачыў наклейкі з надпісам “У алігархаў пераемнікаў шмат, а бацька ў нас адзін”, – расказвае Андрэй. – Гэта была рэкляма сайту Lukashenko2008.ru, дзе прапануецца, каб Аляксандар Лукашэнка стаў кандыдатам у прэзыдэнты Расейскай Фэдэрацыі. Там ідзе вялізная кампанія, каб бацьку зрабіць кандыдатам у прэзыдэнты. А яшчэ ёсьць банэры па ўсёй Маскве з такой самай рэклямай: на фоне расейскага сьцяга надпіс “Лукашэнка – бацька ў нас адзін”. Партрэта няма, партрэт толькі на гэтым партале”.

Андрэя вельмі ўразіла і стаўленьне масквічоў да такой раскруткі беларускага лідэра ў расейскай сталіцы.

“У мэтро на фотаапараты, на мабільныя тэлефоны здымаецца гэтая рэкляма, і сьмяюцца з гэтага простыя жыхары, – гаворыць Андрэй. – Я яшчэ размаўляў з рознымі моладзевымі арганізацыямі антыпуцінскімі, яны сказалі, што, калі гэта будзе мець вялікі розгалас у Маскве, яны будуць ладзіць акцыі супраць такой кампаніі”.
XS
SM
MD
LG