Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбія не нясе адказнасьці за забойствы ў Босьніі


Віталь Цыганкоў, Прага Міжнародны Суд у Гаазе сёньня пастанавіў, што дзяржаўныя органы Сэрбіі не нясуць адказнасьці за генацыд супраць насельніцтва Босьніі падчас вайны 1992-95 гадоў. Суд вызначыў, што Сэрбія ня мела намеру зьнішчыць цалкам альбо часткова мусульманскае насельніцтва Босьніі.

Упершыню ў гісторыі ААН адна з дзяржаваў – Босьнія – абвінаваціла іншую – Сэрбію і Чарнагорыю – ў генацыдзе. Пакуль ішоў судовы разбор, у Чарнагорыі прайшоў рэфэрэндум аб незалежнасьці, і Сэрбія як правапераемніца супольнай дзяржавы засталася адзіным адказьнікам па гэтай справе.

Магчыма, Босьнія можа абвясьціць сваю маральную перамогу ў тым, што, паводле Міжнароднага Суду, забойства ў 1995 годзе ў Срэбраніцы 8 тысячаў мусульманскіх мужчынаў і хлопцаў было актам генацыду. Але ў цэлым па галоўным пытаньні працэсу 13 галасамі супраць 2 Міжнародны Суд пастанавіў, што Сэрбія як дзяржава не нясе адказнасьці за гэты генацыд.

У сваім пазове Босьнія сьцьвярджала, што афіцыйны Бялград на чале з тагачасным прэзыдэнтам Слабаданам Мілошавічам узбройваў, фінансаваў, і заахвочваў басьнійскіх сэрбаў праводзіць этнічныя чысткі супраць мусульманаў і харватаў.

Судзьдзя Разалін Хіггінс, зачытваючы рашэньне суду, адзначыла, што дзяржаўныя органы Сэрбіі не нясуць адказнасьці за дзеяньні узброеных сэрбскіх груповак на тэрыторыі Босьніі. Суд пастанавіў, што Сэрбія ня мела намеру зьнішчыць цалкам альбо часткова мусульманскае насельніцтва Босьніі. Суд тым ня менш адзначыў, што Сэрбія павінна была зрабіць больш, каб прадухіліць акты генацыду ў Срэбраніцы, а таксама пакараць вінаватых у гэтым.

Сёньня ж, адразу пасьля апублікаваньня рашэньня суду, прэзыдэнт Сэрбіі Барыс Тадзіч заклікаў сэрбскі парлямэнт асудзіць злачынствы супраць мусульманаў у Срэбраніцы. Дагэтуль няздольнасьць Бялграда выдаць падазраваных ваенных злачынцаў не дазваляе Сэрбіі наладзіць больш шчыльныя сувязі з Эўразьвязам.
XS
SM
MD
LG