Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — лідэр у СНД паводле колькасьці кодэксаў


Любоў Лунёва, Менск 1 сакавіка пачынае дзейнічаць новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а таксама першы ў Беларусі Працэсуальна-выканаўчы кодэкс. Паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу, да адміністрацыйнай адказнасьці могуць прыцягваць падлеткаў, якім споўнілася 14 гадоў. За некалькі правапарушэньняў суды могуць арыштоўваць грамадзянаў на 25 сутак.

Адміністрацыйны кодэкс павялічвае адказнасьць кіроўцаў і пешаходаў. Ад 1 сакавіка службовыя асобы маюць права штрафаваць без складаньня пратаколаў. Гэта тычыцца тых выпадкаў, калі сума штрафу не перавышае дзьвюх базавых велічыняў, а кіроўца пагаджаецца добраахвотна плаціць.

Па ўвядзеньні новага кодэксу будуць больш жорстка караць за парушэньні ў часе манэўраў на дарогах. Кіроўцаў, якія груба парушылі правілы, будуць адначасова пазбаўляць правоў і штрафаваць.

Калі раней да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягвалі толькі тых грамадзянаў, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту, то цяпер за некаторыя віды правапарушэньняў, у прыватнасьці за жорсткае абыходжаньне з жывёлінамі, распальваньне вогнішчаў, псаваньне маёмасьці, нецэнзурную лаянку і іншае, будуць адказваць падлеткі, якім споўнілася 14 гадоў.

Сумнавядомы 167-ы артыкул (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі) цяпер мае нумар 23.34.

Штраф ня можа цяпер перавышаць 50 базавых велічыняў, а арышт – 15 сутак. Але ў тых выпадках, калі на грамадзяніна складуць два і болей пратаколаў, суд можа арыштаваць да 25 сутак.

Новы Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях у інтэрвію нашаму радыё пракамэнтаваў намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла: “Праваахоўнікі ў большай ступені занепакоеныя не захаваньнем правоў чалавека, а, наадварот, злоўжываюць сваім службовым становішчам. Тады магчымае ўсялякае ўжываньне такіх санкцыяў”.

Працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, які пачне дзейнічаць ад 1 сакавіка, раней у Беларусі не было. Ён рэглямэнтуе дзеяньні службовых асобаў і правапарушальнікаў, а таксама сьведкаў і экспэртаў. Ён стаў 24-м кодэксам, прынятым у краіне.

Паводле колькасьці кодэксаў Беларусь займае першае месца ў краінах СНД. У краіне ёсьць традыцыйныя – крымінальны, грамадзянскі, выбарчы кодэксы, а таксама дзейнічаюць лясны, інвэстыцыйны, паветраны кодэксы, кодэкс гандлёвага мараплаваньня, кодэкс унутранага воднага транспарту ды шэраг іншых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG