Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы парадак усынаўленьня захавае сваяцкія сувязі?


Радыё Свабода У Беларусі пачаў дзейнічаць новы парадак усынаўленьня беларускіх дзяцей замежнымі сем’ямі. Цяпер дзяцей-кандыдатаў на ўсынаўленьне выбіраюць для замежнікаў у рэгіянальных органах апекі. Права на ўсынаўленьне могуць мець грамадзяне краінаў, што заключылі зь Беларусьсю міждзяржаўнае пагадненьне. На гэты момант двухбаковыя дамоўленасьці зь Беларусьсю мае толькі адна краіна — Італія.

Раней дзеля ўсынаўленьня беларускага дзіцяці італьянскія сем’і праз сваю мясцовую асацыяцыю ўсынаўленьня мелі зьвяртацца ў Нацыянальны цэнтар усынаўленьня пры Міністэрстве адукацыі Беларусі.

З цэнтру ўсе неабходныя дакумэнты паступалі на подпіс у Міністэрства адукацыі — апошнюю інстанцыю ў гэтым пытаньні.

Цяпер, згодна з урадавай пастановай ад 24 лютага, парадак усынаўленьня стаў больш складаны. У агульнай працэдуры зьявіўся яшчэ адзін ланцужок — рэгіянальныя органы апекі. Непасрэдна ў гэтыя мясцовыя структуры, паводле месца знаходжаньня канкрэтнай дзіцячай установы, і мусяць зьвяртацца замежныя сем’і з просьбай уключыць канкрэтнае дзіця ў адмысловы сьпіс на міжнароднае ўсынаўленьне.

Як паведамілі “Свабодзе” ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўленьня, цяпер працэдура нашмат больш бюракратычная:

“Вядома, больш. Справа праходзіць некалькі колаў. Найменей месяц органы апекі павінны вывучаць гісторыю дзіцяці. Атрымаць згоду на ўсынаўленьне з боку дырэкцыі дзіцячай установы, праверыць, ці ня хочуць усынавіць канкрэтных сіротаў беларускія сем’і. І, што вельмі істотна, высьветліць, ці ёсьць у гэтых дзяцей браты і сёстры, іншыя сваякі, каб былі захаваныя сямейныя сувязі.

Пасьля гэта справа ідзе да нас у цэнтар. Прынамсі паўмесяца мы рыхтуем паперы і падаем іх на подпіс міністру. Пасьля гэтага мы паведамляем у амбасаду Беларусі ў Рым і непасрэдна ў асацыяцыю, што ёсьць згода. Дзіця можна забіраць”, - паведаміла “Радыё Свабода” супрацоўніца цэнтру.

Наколькі важнае ў гэтым зьвязку жаданьне саміх дзяцей?

Як вынікае з падпісаных паміж Беларусьсю і Італіяй пагадненьняў, жаданьні самога дзіцяці адыгрываюць у гэтым пытаньні важную, але не галоўную ролю. Канчатковы вэрдыкт выносяць органы мясцовай апекі, якія могуць матываваць сваю адмову тым, што дзіця недастаткова здаровае альбо мае на радзіме брата, сястру, сваякоў.

Што да канкрэтнага выпадку ўдачарэньня Вікі Мароз сям’ёй Джуста — Барначын, то прадстаўніца Цэнтру ўсынаўленьня адказвае на яго так: “Дзіця ўладкаванае ў канкрэтную сям’ю. Да нас дакумэнты ад сям’і не паступалі”.

Тым часам прадстаўнікі італьянскай арганізацыі “Сябры дзяцей”, якія займаюцца пытаньнямі міжнароднага ўсынаўленьня і апекі, пакуль не камэнтуюць новага дакумэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG