Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністар Уладзімер Навумаў зьбіраецца на канфэрэнцыю ААН у Нью-Ёрк?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларускі ўрад прыняў пастанову аб камандзіраваньні міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава ў Нью-Ёрк на канфэрэнцыю ААН у пытаньнях гандлю людзьмі. Пры гэтым міністар Навумаў уваходзіць у сьпіс неўязных у ЗША.

Зьвесткі пра тое, што міністар Уладзімер Навумаў зьбіраецца ў Нью-Ёрк, зьявіліся на афіцыйным сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу Беларусі, на якім зьмешчаныя ўсе ўрадавыя пастановы.

У пастанове №218 ад 20 лютага за подпісам прэм’ера Сяргея Сідорскага сказана: “Накіраваць з 4 па 7 сакавіка ў Нью-Ёрк (ЗША) міністра ўнутраных справаў Навумава У. У. для ўдзелу ў канфэрэнцыі па пытаньнях барацьбы з гандлем людзьмі”.

У Міністэрстве замежных справаў патлумачылі, што гэтую канфэрэнцыю ладзіць ААН паводле прапановы Беларусі.

Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў знаходзіцца ў сьпісе вышэйшых беларускіх чыноўнікаў, падазраваных у датычнасьці да зьнікненьняў палітычных апанэнтаў беларускага рэжыму — і з гэтай прычыны абвешчаны неўязным у краіны Эўразьвязу, Канаду і ЗША. Ці сапраўды Ўладзімер Навумаў можа зьявіцца ў Нью-Ёрку на канфэрэнцыі?

У амбасадзе ЗША ў Беларусі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю вакол Уладзімера Навумава, спаслаўшыся на тое, што візавых пытаньняў амбасада ўвогуле не камэнтуе. Пры гэтым супрацоўнік амбасады патлумачыў, што ЗША “застаюцца вернымі свайму забавязаньню забясьпечваць удзел прадстаўнікоў ўсіх нацыяў у працы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў”.

У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі абверглі зьвесткі пра тое, што Ўладзімер Навумаў ужо вылецеў у ЗША.

“Мы сёньня кажам пра тое, што міністар Уладзімер Навумаў працуе, кіруе міністэрствам, а нікуды ня зьехаў. Калі нешта плянавае пачне рэалізоўвацца, мы пра гэта паведамім”, — сказаў супрацоўнік інфармацыйнай службы міністэрства Алег Сьлепчанка.

У Беларусі цяпер шмат кажуць пра магчымыя перамовы рэжыму з Захадам дзеля ўрэгуляваньня дачыненьняў. Ці магчыма, каб міністар Уладзімер Навумаў выйшаў за межы свайго візыту і пачаў такія перамовы з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук гэткую магчымасьць адкідае: “Усё магчыма, але няма ніякіх фактаў, якія б пацьвердзілі гэтую інфармацыю. Ведаючы стаўленьне ЗША да сытуацыі ў Беларусі, я ня думаю, што Навумаў мае нейкі сакрэтны плян”.

Сьвятлана Завадзкая, муж якой журналіст Зьміцер Завадзкі зьнік у 2000 годзе, заявіла, што “палічыла б здрадай, калі б афіцыйныя ўлады ЗША пачалі перамовы з такім чалавекам, як Уладзімер Навумаў”.

Паводле міжнародных пагадненьняў штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку ня лічыцца тэрыторыяй ЗША, таму туды могуць прыяжджаць прадстаўнікі ўсіх краінаў-сяброў ААН. У 2005 годзе на 60-ю сэсію ААН прыяжджаў і Аляксандар Лукашэнка, якому быў ужо забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.

Сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўрапейскага Зьвязу, Канаду і ЗША
XS
SM
MD
LG